У Аб’яднанай энергасістэме Цэнтральнай Азіі 14 жніўня адбыўся буйны збой. Без электрычнасці засталіся некаторыя рэгіёны Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, а таксама Узбекістана, паведамляе БелТА.
Каскаднае адключэнне святла адбылося ў выніку рэзкай змены ператоку электраэнергіі і спрацоўвання аварыйнай абароны.
Так, у Казахстане без святла засталіся Алматы і Алмацінская вобласць. З-за збою перасталі працаваць святлафоры, на дарогах утварыліся заторы, паліцыя рэгулюе рух уручную. Перабоі таксама зафіксаваныя з вадой і інтэрнэтам. Часова была прыпыненая работа метрапалітэна Алматы. Міністэрства энергетыкі Казахстана паведамляе, што ў цяперашні час рэгіянальныя энергазабеспячальныя арганізацыі праводзяць паэтапнае падключэнне асобных спажыўцоў. У найбліжэйшы час электразабеспячэнне плануецца цалкам аднавіць.
У Кыргызстане таксама адбыліся кароткачасовыя адключэнні святла ў розных раёнах Бішкека і вобласці. Энергасістэма перайшла на ізаляваны рэжым.
Адключэнне электраэнергіі зафіксавалі і ў Сурхандар’інскай вобласці на поўдні Узбекістана. Рамонтныя брыгады ўжо аднаўляюць энергазабеспячэнне. Падрабязнасці пра перабоі ў іншых рэгіёнах рэспублікі не прыводзяцца.