З 2 па 8 чэрвеня ў Беларусі пройдзе 4-я рэспубліканская акцыя «Адчуй. Вандруй. Натхняйся.», прысвечаная папулярызацыі ўнутранага турызму.
Штогод яна становіцца ўсё больш папулярнай і збірае сотні ўдзельнікаў. Як паведаміла намеснік дырэктара Дэпартаменту па турызме Міністэрства спорту і турызму Кацярына Ганчаронак, калі ў 2022 годзе арганізатары атрымалі 516 заявак, то сёлета іх за паўтары тыдні да пачатку было 858, і мяркуецца, што канчатковая лічба складзе 1200-1300 ўдзельнікаў.
Фармат акцыі прадугледжвае знаёмства з рознымі формамі турызму. Гэта як дні адкрытых дзвярэй, так і майстар-класы, дэгустацыі, правядзенні прэзентацый новых маршрутаў, матэрыяльна-тэхнічнай базы. Падчас акцыі ўсе ахвотныя змогуць пазнаёміцца з суб’ектамі аграэкатурызму, арганізацыямі, якія займаюцца актыўным турызмам і прадставяць вела-, пешыя і водныя маршруты, аб’ектамі харчавання, гісторыка-культурнага турызму. Апошнія, дарэчы, лідзіруюць па колькасці заявак, іх 247, актыўна прэзентуюць сябе здраўніцы і медыцынскія цэнтры, а таксама прыродаахоўныя ўстановы, паляўнічыя гаспадаркі, аб’екты паляўнічага турызму, рэлігійныя аб’яднанні.
Першы тыдзень чэрвеня будзе азнаменаваны і шэрагам падзейных мерапрыемстваў. Самым маштабных з іх будзе культурна-спартыўны фестываль «Вытокі», які сёлета пройдзе ў Паставах.
Заяўкі да ўдзелу ў акцыі «Адчуй. Вандруй. Натхняйся» прымаюцца да 26 мая, і да 28 мая на рэсурсах Нацыянальнага агенцтва па турызме будзе размешчаны поўны пералік удзельнікаў і інфармацыя пра тое, як трапіць на экскурсію, забраніраваць наведванне таго ці іншага аб’екта і знайсці кантактную інфармацыю.
У цэлым жа летнія месяцы будуць багатыя на турыстычныя падзеі. Чэрвень аб’яўлены месяцам гісторыка-культурнага турызму. Яму папярэднічала ноч музеяў. Ліпень стане месяцам актыўнага турызму: другі яго тыдзень будзе тыднем веласіпеднага турызму, трэці — воднага, чацвёрты — пешага. Жнівень традыцыйна месяц падзейнага турызму, які будзе адзначаны рознымі фестывалямі. Сярод іх Міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі», свята «Іўеўскі памідор», фестываль міжнароднай славянскай міфалогіі «Шлях цмока», каравай-фэст «Бацькава булка».
Алена КРАВЕЦ