Сапраўдны падарунак да юбілею.
У Палацы Незалежнасці 18 верасня правялі экскурсію, на якой пабываў калектыў Рэспубліканскага даччынага ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадуктамі «Беларуснафта-Мінскаўтазапраўка». Большасць з гасцей тут упершыню і лічаць запрашэнне наведаць галоўную афіцыйную пляцоўку краіны з нагоды 50-годдзя ўтварэння прадпрыемства, а таксама да Дня работніка нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці сімвалічным падарункам.
Пачалася экскурсія па традыцыі ў Зале ўрачыстых цырымоній. Тут расказвалі пра гісторыю стварэння палаца. Вядома, што аб’ектаў такога маштабу ў нашай краіне раней не існавала. Прэзідэнт запатрабаваў, каб Палац Незалежнасці быў пабудаваны беларускімі майстрамі і пераважна з беларускіх матэрыялаў. Сваім вопытам па ўзвядзенні такіх пляцовак, безумоўна, з нашымі спецыялістамі дзяліліся замежныя калегі.
За кароткія тэрміны палац быў пабудаваны, а ў кастрычніку 2013-га адчыніў свае дзверы для першых высокіх гасцей, а некалькі гадоў таму — і для звычайных беларусаў.
Падчас экскурсій госці натхняліся ўбачаным, рабілі фота- і відэасесіі па ходзе руху, дзяліліся адзін з адным уражаннямі. Асабліва прысутных уразіў той факт, што пераважна ўсё ў палацы — айчыннае. Зазірнулі экскурсанты ў гістарычныя памяшканні, напрыклад, убачылі знакаміты ва ўсім свеце «зялёны пакой» — той, дзе праходзіў перагаворны марафон «нармандскай чацвёркі». Убачылі і палітычную гісторыю нашай краіны ў фотаздымках. Азнаёміліся з падарункамі ад лідараў замежных краін.
Наведванне Палаца Незалежнасці — узнагарода для найлепшых работнікаў прадпрыемства за адданасць сваёй справе, падзялілася меркаваннем начальнік аддзела рознічнага гандлю Таццяна ТУЗАВА: «Варта адчуць атмасферу, энергетыку гэтага месца. Калегі, упэўнена, будуць дзяліцца ўражаннямі ад убачанага са сваімі сваякамі, знаёмымі. Падзяку за экскурсію хацелася б выказаць кіраўніку дзяржавы, Аляксандру Рыгоравічу, за тое, што ў нас ёсць такі здабытак народа, — рэзідэнцыя Прэзідэнта. А яшчэ і за тое, што кожны чалавек, які працуе на карысць Беларусі, можа наведаць палац».
У захапленні ад экскурсіі засталася таксама старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Вікторыя НАЗАРАНКА. Па словах жанчыны, праведзеную работу беларускіх спецыялістаў над будынкам нельга не ацаніць па заслугах: «Ганаруся суайчыннікамі. Ад убачанага мурашкі па скуры. Больш за ўсё ўразіла мастацкая выстаўка на першым паверсе».
Старшыня Маладзёжнага савета прадпрыемства Арцём ЗІМА пабываў на галоўнай афіцыйнай пляцоўцы краіны ўпершыню. «Маштаб палаца ўражвае — расказаў малады чалавек. — Праходзіў па залах і адчуваў асаблівую адказнасць, паколькі разумею, што тут праходзяць сустрэчы высокіх гасцей, вырашаюцца найважнейшыя пытанні. Эмоцыі перапаўняюць. На маю думку, пабываць у рэзідэнцыі Прэзідэнта варта кожнаму беларусу».
Яна ВАЛАСАЧ