Top.Mail.Ru

Інавацыйныя метады ў лячэнні каранарных артэрый укараняюцца ў Беларусі

У нашай краіне ўпершыню праведзены тры аперацыі па стэнціраванні каранарных артэрый па інавацыйнай тэхналогіі, прапанаванай кітайскімі кардыяхірургамі. Яны абучаць метаду ўнутрысасудзістай літатрыпсіі беларускіх медыкаў як з РНПЦ «Кардыялогія» і сталічных бальніц, так і з рэгіёнаў, а таксама перададуць неабходнае абсталяванне. Гэта дасць магчымасць палепшыць якасць жыцця і знізіць рызыку неспрыяльных зыходаў для пацыентаў з цяжкай формай ішэмічнай хваробы сэрца.


Паставіць на ногі

Дзве першыя аперацыі ў РНПЦ «Кардыялогія», дзе кітайскаму кардыяхірургу асісціравалі беларускія калегі, доўжыліся да паўтары гадзіны, трэцяя была больш працяглай. Яны сталі своеасаблівым майстар-класам па перадачы метаду ўнутрысасудзістай літатрыпсіі, а на навучальны семінар у Мінск з рэгіёнаў прыехалі некалькі дзясяткаў беларускіх кардыяхірургаў.

Тэхналогія ўяўляе сабой хірургічнае эндаваскулярнае лячэнне. Як растлумачыў дырэктар РНПЦ «Кардыялогія», доктар медыцынскіх навук, прафесар Андрэй ПРЫСТРОМ, размова ідзе пра дапамогу пацыентам з цяжкай формай атэрасклерозу, калі бляшкі ў сасудах кальцыніруюцца і ператвараюцца літаральна ў камень.

— Калі мы праводзім стандартныя працэдуры, спрабуем паставіць стэнт у гэтыя сасуды, нічога не атрымліваецца, таму што камень шчыльны, і тэхнічна мы не можам дапамагчы такім пацыентам. Лячэнне заходзіць у тупік. Дадзеная тэхналогія накіравана на тое, каб разбураць кальцыевыя структуры ў прасвеце сасуда, — патлумачыў Андрэй Прыстром.

Трэба адзначыць, што тэхналогія не з’яўляецца масавай. Большасці пацыентаў падыходзяць стандартныя метады стэнціравання, якія ў нашай краіне паспяхова прымяняюцца ўжо больш за два дзесяцігоддзі. Толькі летась у Беларусі выканана 38 тысяч каранараграфій (гэта дыягнастычная працэдура пры ішэмічнай хваробе сэрца, якая дазваляе выявіць месца і ступень звужэння сасудаў), і больш за 18 тысяч хворых былі стэнціраваны. Некалькім сотням пацыентаў паказана менавіта аперацыя па тэхналогіі ўнутрысасудзістай літатрыпсіі. Яна будзе даступна ў некалькіх сталічных установах аховы здароўя, а таксама на абласным узроўні.



— На ішэмічную хваробу сэрца, паводле афіцыйных даных, пакутуе больш за мільён людзей у нашай краіне. Гэта сапраўды масавае захворванне, але мы павінны разумець, што ішэмічная хвароба сэрца — вельмі абагульненае паняцце з рознымі варыянтамі развіцця. Некаторыя з іх не ўяўляюць сур’ёзнай пагрозы для жыцця, некаторыя могуць скончыцца напрыклад, інфарктам ці іншым небяспечным станам, які прыводзіць да гібелі. І на гэтых пацыентаў з групы высокай рызыкі мы больш інтэнсіўна накіроўваем нашы тэхналогіі. І я спадзяюся, што ўкараненне тэхналогіі унутрысасудзістай літатрыпсіі дапаможа нам зрабіць яшчэ адзін крок у бок зніжэння смяротнасці, — падкрэсліў Андрэй Прыстром.

Комплексны падыход

Паводле слоў дырэктара Цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Дзмітрыя ГРЫНЬКО, медыцынскае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў лячэнні кальцынаванага паражэння артэрый, у вельмі кароткія тэрміны было зарэгістравана ў Беларусі, што пацвердзіла яго адпаведнасць нацыянальным патрабаванням да якасці, бяспекі і эфектыўнасці. Прадукцыя пастаўляецца ў розныя краіны і выкарыстоўваецца ў практыцы вядучых клінік свету. Цяпер гэта абсталяванне і тэхналогіі даступныя і для беларусаў.

— Па даных клінічных даследаванняў і аглядаў, унутрысасудзістая літатрыпсія дэманструе высокую эфектыўнасць, што пацвярджаецца ангіяграфічнымі і ўнутрысасудзістымі візуалізацыйнымі метадамі. Тэхналогія ІVL усё часцей разглядаецца як важны элемент комплекснага падыходу да лячэння пацыентаў з цяжкімі кальцыніраванымі паражэннямі, асабліва ва ўмовах росту распаўсюджанасці атэрасклерозу, — адзначыў Дзмітрый Грынько.

Гэта перадавая тэхналогія ўжо мае вопыт прымянення ў некаторых развітых краінах. Як расказаў намеснік загадчыка аддзялення кардыялогіі, загадчык катэтэрызацыйнай лабараторыі Першай гарадской бальніцы горада Нанкіна Гаа Сяафэй, даследаванні па ёй праводзіліся на працягу больш як 10 гадоў. У ЗША тэхналогія атрымала адабрэнне больш за пяць гадоў таму. У Кітаі адпаведны дазвол атрыманы больш за тры гады таму.

Для беларусаў гэта першы вопыт узаемадзеяння з кітайскімі калегамі па такім метадзе лячэння. Але ёсць і сталыя кантакты з кардыяхірургамі Паднябеснай, у тым ліку ў рамках навуковых даследаванняў. Напрыклад, цяпер на этапе выхаду навукова-тэхнічны праект з удзелам навукоўцаў і медыкаў трох краін — Кітая, Казахстана і Беларусі. Ён рыхтуецца да запуску і разлічаны на паляпшэнне захавання донарскіх органаў.



— Гэта актуальна для многіх дзяржаў, і гэта той шлях, па якім мы пайшлі. У нас сумесныя публікацыі з кітайскімі калегамі, праводзяцца стажыроўкі, выезды ў КНР нашых урачоў. Кітай — вельмі вялікая краіна. Устаноў, якія займаюцца і вытворчасцю, і лячэннем там безліч. І мы адкрыты да супрацоўніцтва, — расказаў Андрэй Прыстром.

Дарэчы, распрацоўка метадаў, накіраваных на разбурэнне кальцыніраваных атэрасклератычных бляшак, у Беларусі пачалася ў пачатку 2000-х пад кіраўніцтвам прафесара Ігара Адзярыхі. Ён працягвае займацца гэтай праблемай, і ў рэспубліцы ўжо ёсць уласныя напрацоўкі з ужываннем ультрагуку па разбурэнні атэрасклератычных бляшак.


Алена КРАВЕЦ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю