Top.Mail.Ru

У РНПЦ псіхічнага здароўя ўкараняюць новыя методыкі лячэння

РНПЦ псіхічнага здароўя рэалізоўвае шэраг навуковых праектаў, асаблівасць якіх — выкарыстанне ў практычнай ахове здароўя. Адзін з іх — даследаванні ў галіне фармакагенетыкі, што дае магчымасць падабраць аптымальнае лячэнне з улікам генетычных асаблівасцяў кожнага пацыента. Пашыраецца і выкарыстанне сучасных апаратных методык, у прыватнасці транскраніяльнай магнітнай стымуляцыі, і ў найбліжэйшы час пачнецца лячэнне дэпрэсіі з выкарыстаннем метаду стымуляцыі блукаючага нерва. У планах супрацоўнікаў цэнтра — стварэнне спецыяльнага мабільнага дадатку для кантролю за сімптомамі псіхічных расстройстваў, якія змогуць папярэджваць чалавека аб магчымым абвастрэнні хваробы і даваць індывідуальныя парады, а таксама забяспечваць камунікацыю з урачом.


Персаналізаваны падыход

— Псіхічныя захворванні могуць узнікаць пад цяжарам розных фактараў: генетычнай схільнасці, асаблівасцяў чалавека, сітуацый, у якія мы трапляем, і нават асаблівасцяў нашага метабілізму, — кажа дырэктар РНПЦ псіхічнага здароўя Юлія Камінская.

У цэнтры дапамагаюць людзям з усім спектрам псіхічных расстройстваў: наркалагічнымі хваробамі, рознымі залежнасцямі (ад хімічных сродкаў, гаджэтаў, камп’ютарных і азартных гульняў і інш.), неўратычнымі (пагранічнымі) расстройствамі, пры крызісных станах. Тут функцыянуе каля 30 клінічных падраздзяленняў, працуе больш за тысячу супрацоўнікаў і маецца больш за 1300 ложкаў.

У рабоце медыкі кіруюцца як сучаснымі навуковымі даследаваннямі, так і ўласнымі практычнымі напрацоўкамі. Асаблівасць цэнтра ў тым, што навука шчыльна інтэгравана ў практыку.

— Адным з яркіх прыкладаў такіх навуковых праектаў з’яўляецца фармакагенетычнае даследаванне. Яно дазваляе прызначаць персаналізаванае лячэнне. Вывучаецца метабалізм лекавых сродкаў у канкрэтнага пацыента, і ў залежнасці ад вынікаў індывідуальна падбіраецца прэпарат. Гэта асабліва важна пры рэзістэнтных захворваннях, — тлумачыць Юлія Камінская.

На базе РНПЦ размешчана кафедра псіхіятрыі, псіхатэрапіі, наркалогіі і медыцынскай псіхалогіі БДМУ. Гэта дапамагае сумесна падбіраць індывідуальнае лячэнне для кожнага пацыента. Асабліва да месца дапамога супрацоўнікаў кафедры — прафесараў і дактароў навук — у складаных выпадках.

З 2009 года, калі ў цэнтры быў арганізаваны навуковы аддзел, рэалізавана больш за 70 навуковых праектаў.

26-26 копия.jpg

— Мы бяромся за тыя ініцыятывы, якія могуць быць карысныя практычнай ахове здароўя ужо ў найбліжэйшай перспектыве. У прыватнасці, шырока выкарыстоўваем транскраніяльную магнітную стымуляцыю. Распрацоўваем новыя паказанні да яе прымянення пры лячэнні розных псіхічных і паводзінскіх расстройстваў. У найбліжэйшы час будуць рэалізаваны новыя праекты, у прыватнасці па лячэнні дэпрэсіі з выкарыстаннем метаду стымуляцыі блукаючага нерва, — расказвае намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ псіхічнага здароўя Марына Скугарэўская. — На нашай базе былі паспяхова рэалізаваны праекты па прымяненні ствалавых клетак у лячэнні эпілепсіі, распрацаваны алгарытмы дыягностыкі розных форм дэменцыі з выкарыстаннем біялагічных маркераў. Вялікая работа праведзена ў распрацоўцы новых падыходаў па дыягностыцы і карэкцыі расстройстваў аўтыстычнага спектра. Актыўна вядзецца работа па аднаўленні кагнітыўных функцый з выкарыстаннем праграм нейратрэнінгу, распрацоўваюцца новыя падыходы ў псіхатэрапіі і рэабілітацыі.

Штучны інтэлект супраць курэння

Адзін з праектаў па рэабілітацыі пры залежнасцях — матывацыйная праграма на аснове штучнага інтэлекту для ахвотных кінуць курыць. Яна ўзмацняе матывацыю чалавека і дапамагае яму свядома адмовіцца ад курэння.

— Мы рэалізоўваем праект псіхатэрапіі для асоб з залежнасцю ад тытуню. Пілотны праект ужо прадставілі на выстаўцы «Ахова здароўя — 2025». Цяпер ён дапрацоўваецца, — кажа вучоны сакратар РНПЦ псіхічнага здароўя Інеса Грыгор’ева.

Праграма заснавана на веданні функцыянавання мозгу, яго структуры і асіметрыі. Нагадаем, што ў мозгу ёсць левае і правае паўшар’і. Левае адказвае за логіку, правае — за сацыяльнае ўзаемадзеянне.

— Людзям з залежнасцю часта не хапае інфармацыі і навыкаў. А праграма дапамагае папоўніць гэты дэфіцыт. Пацыент даведваецца пра сябе больш, разумее, у чым яго слабыя месцы, і знаходзіць унутраную матывацыю адмовіцца ад курэння. Кожнаму ўдзельніку падбіраюць індывідуальныя кансультацыі. Камусьці — дадатковыя прэпараты, нікацінавую кіслату, карэктары.

Праграму ўжо апрабавалі 74 чалавекі. Асноўная група — 50 пацыентаў, якім да псіхатэрапіі дадавалі транскраніяльную магнітную стымуляцыю. Эфект аказаўся значны.

— Пасля некалькіх сеансаў мяняецца стаўленне не толькі да курэння, але і да працы, да жыцця ў цэлым. Гэта датычыцца многіх аспектаў. Быў нават выпадак: чалавек паліў амаль 50 гадоў. І матывацыйнае ўзмацненне дапамагло яму кінуць, — рэзюмуе Інеса Грыгор’ева.

26-27 копия.jpg

Бескантактны масаж і баракамера

У дапамозе медыкі цэнтра выкарыстоўваюць комплексны падыход. Маршрут пацыента пачынаецца з агляду мультыдысцыплінарнай брыгадай: псіхіятрам-нарколагам, псіхатерапеўтам, псіхолагам. Дыягнастычныя мерапрыемствы, якія папярэднічаюць лячэнню, могуць уключаць у тым ліку і МРТ-даследаванне. Пасля дыягностыкі з пацыентам працуе шэраг спецыялістаў. Гэта абавязкова врач-псіхіятр-нарколаг, урач-псіхатэрапеўт, псіхолаг, а таксама тэрапеўты, эндакрынолагі і іншыя кансультанты.

На базе цэнтра працуе ўласны фізіятэрапеўтычны комплекс. У арсенале медыкаў такія фізіятэрапеўтычныя мерапрыемствы, як масаж, у тым ліку флаатынг (бескантактны масаж), гіпербалічная аксігенацыя (пацыент удыхае кісларод пад ціскам у баракамеры), разнастайныя водныя працэдуры, басейн і саўна.

У апошнія гады дзейнічае тут і спецыялізаванае аддзяленне па лячэнні расстройстваў харчовых паводзін. Гэта анарэксія, булімія, кампульсіўнае пераяданне. Як правіла, гэта праблема маладых дзяўчат і жанчын.

— Пацыенты перасталі баяцца, да нас звяртаюцца не толькі з Беларусі, але і з блізкага замежжа. Асноўны падыход у лячэнні псіхатэрапеўтычны, пасля — далейшае суправаджэнне пацыентак, псіхалагічная карэкцыя, а таксама псіхатэрапеўтычная і сямейная тэрапія, — расказвае намеснік дырэктара па медыцынскай частцы РНПЦ псіхічнага здароўя Вікторыя Пятрова.

Цяпер на базе РНПЦ фарміруецца цэнтр анарэксіі, бо колькасць пацыентаў павялічваецца. Створаны і адукацыйны цэнтр, дзе навучаюцца не толькі ўрачы, але і блізкія пацыентаў. Тут маецца ўнікальнае абсталяванне, уключаючы робата — сімулятара пацыента.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю