Міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў выступіў са справаздачай аб праведзенай рабоце за год старшынства ў Савеце. У сваім выступленні на тэму «Аб прыярытэтных пытаннях супрацоўніцтва МУС дзяржаў — удзельніц СНД і ходзе рэалізацыі міждзяржаўных праграм барацьбы са злачыннасцю» кіраўнік міліцэйскага ведамства адзначыў, што ў МУС Беларусі эфектыўна рэалізуюцца мерапрыемствы Міждзяржаўнай праграмы сумесных мер барацьбы са злачыннасцю на 2024-2028 гады.
«У бягучым годзе на тэрыторыі краін СНД затрымана або ўстаноўлена месцазнаходжанне 1731 асобы, — канкрэтызаваў Іван Кубракоў. — Летась у ходзе аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў па процідзеянні незаконнаму вырабу і абароту зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў выяўлена 36 крымінальна-каральных дзеянняў названай катэгорыі, 12 асоб прыцягнуты да крымінальнай адказнасці».
У кастрычніку 2024 года пры рэалізацыі на тэрыторыі краіны аператыўных мерапрыемстваў па выяўленні і спыненні дзейнасці міжнародных злачынных груповак, якія займаюцца крадзяжамі аўтатранспартных сродкаў, устаноўлена 12 аўтамабіляў, якія выкарыстоўваліся грамадзянамі Беларусі, з расійскімі рэгістрацыйнымі знакамі і дакументамі, якія выклікалі сумненне ў сапраўднасці. Тры з іх былі выкрадзеныя ў Расіі. Раскрыта 7 злачынстваў у сферы аўтабізнесу.
- На новы ўзровень, па словах міністра, выйшла і супрацоўніцтва кампетэнтных органаў у барацьбе з наркапагрозай. Аб гэтым сведчыць устойлівая тэндэнцыя памяншэння колькасці злачынстваў у нашай краіне. Пры гэтым аб’ём выяўленых наркотыкаў і псіхатропаў вырас больш як у два разы, канфіскавана больш за паўтары тоны. Збольшага гэта абумоўленае тым, што Беларусь з’яўляецца транзітнай краінай, значная частка канфіскаванага прызначалася для перапраўкі з Еўропы ў краіны Садружнасці.
«Дзякуючы сумесным мерапрыемствам і наладжанаму ўзаемадзеянню з расійскімі калегамі выяўлена 40 каналаў пастаўкі наркотыкаў у рэспубліку, — удакладніў Іван Кубракоў. — Толькі падчас адной распрацоўкі спынена дзейнасць міжнароднай злачыннай групы ў складзе грамадзян Польшчы, Беларусі і Расіі, затрыманы сем чалавек, канфіскавана больш за тону псіхатропных рэчываў».

У сувязі з ростам абласцей прымянення інфармацыйных тэхналогій павялічваецца ўдзельная вага крымінальна-каральных дзеянняў, звязаных з рознымі відамі электроннага махлярства і іншымі злачынствамі ў гэтай сферы. За шэсць месяцаў 2025 года больш за чвэрць злачынных дзеянняў у краіне ўлічаны па лініі кіберзлачыннасці.
«Сёння асаблівую заклапочанасць выклікаюць пытанні процідзеяння экстрэмізму і тэрарызму, якія ў любых формах ператварыліся ў адну з самых небяспечных праблем і сталі рэальнай пагрозай для бяспекі дзяржаў, — звярнуў увагу міністр унутраных спраў Беларусі. — Краіны СНД сутыкаюцца з комплексам сучасных пагроз экстрэмісцкага і тэрарыстычнага характару, якія пагаршаюцца геапалітычнай нестабільнасцю і транснацыянальным характарам злачыннасці. Ключавымі выклікамі з’яўляюцца кібертэрарызм і крыптавалютнае фінансаванне, вярбоўка пры дапамозе інтэрнэту, выкарыстанне беспілотных сістэм, міграцыйныя патокі, знешняя падтрымка экстрэмізму».
Беларусь удзяляе павышаную ўвагу пытанням кіравання міграцыйнымі патокамі, паспяхова выконвае задачы, вызначаныя Канцэпцыяй міграцыйнай палітыкі, актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі Дэкларацыі аб узгодненай міграцыйнай палітыцы дзяржаў СНД. Закрануў Іван Кубракоў і іншыя пытанні, звязаныя з забеспячэннем законнасці і правапарадку ў краінах Садружнасці.
Пасля справаздачнага выступлення кіраўнік беларускага міліцэйскага ведамства перадаў паўнамоцтвы старшыні міністру ўнутраных спраў Расіі Уладзіміру Калакольцаву і пажадаў яму поспехаў на гэтай адказнай пасадзе.

У сваю чаргу, Уладзімір Калакольцаў ад імя Савета падзякаваў калегу за эфектыўную работу МУС Беларусі ў перыяд яго старшынства, значныя заслугі і асабісты ўклад у развіццё міждзяржаўнага супрацоўніцтва праваахоўных органаў, уручыў Ганаровы знак Савета міністраў унутраных спраў дзяржаў — удзельніц СНД.
Пасяджэнне Савета міністраў унутраных спраў дзяржаў — удзельніц СНД завяршылася прыняццем шэрагу рашэнняў і зацвярджэннем выніковых дакументаў па пытаннях парадку дня. Наступнае паседжанне Савета адбудзецца ў Таджыкістане.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС