У Савеце Рэспублікі адбылося пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ХІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які пройдзе 25-26 чэрвеня ў Мінску і Мінскай вобласці. Мерапрыемства традыцыйна стане адной з галоўных пляцовак для развіцця міжрэгіянальнага і эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх краін.
У размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц падкрэсліў, што галоўная тэма форуму — «Эканамічнае ўзаемадзеянне рэгіёнаў — аснова паспяховага развіцця Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі». Паводле слоў парламентарыя, у першы дзень форуму стартуе работа 10 секцый. Адна пройдзе на тэрыторыі Мінска, астатнія — на тэрыторыі Мінскай вобласці. Будзе арганізавана культурная праграма. У другі дзень адбудзецца сустрэча спікераў Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі з губернатарамі Беларусі і Расіі, а таксама пленарнае пасяджэнне. «Плануецца, што ў ім возьме ўдзел больш за тысячу чалавек,» — удакладніў Леанід Заяц.
У цэлым плануецца, што на форуме будуць заключаны дагаворы на суму больш за адзін мільярд беларускіх рублёў (або 26 мільярдаў расійскіх рублёў). «Гэта нашмат больш, чым было заключана на папярэднім форуме, — заўважыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі. — Плануем, што гэтую планку перасягнём».
Будзе падпісаны шэраг найважнейшых пагадненняў і дарожных карт супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі. «Мы бачым, што вялікая зацікаўленасць у гэтым форуме ёсць і ў нашых калег з Расійскай Федэрацыі, — звярнуў увагу Леанід Заяц. — Мяркуецца, што ўдзел у форуме возьмуць практычна ўсе рэгіёны Расіі. Мы будзем толькі рады сустрэць нашых дарагіх гасцей, нашых братоў у Рэспубліцы Беларусь».
Сенатар анансаваў, што з 25 да 27 чэрвеня ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры пройдзе тэматычная выстаўка-кірмаш, у якой возьмуць удзел прадстаўнікі больш як 14 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, а таксама прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў і бізнесу. Тут будуць прадстаўлены дасягненні расійскіх і беларускіх кампаній.
«Вялікім блокам будзе прадстаўлена на секцыях і сацыяльная праграма. Ахова здароўя, адукацыя, культурныя дасягненні нашай краіны... Таму ўсё разам: і абмеркаванне, і прыняцце адпаведных пагадненняў, мемарандумаў — надасць далейшы імпульс развіццю нашых двухбаковых адносін», — рэзюмаваў Леанід Заяц.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ