Top.Mail.Ru

У Савеце Рэспублікі абмеркавалі падрыхтоўку да ΙΙΙ Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму

Эканамічны эфект з акцэнтам на міжпарламенцкае ўзаемадзеянне.


Як адзначыў падчас сустрэчы з паслом Узбекістана ў Беларусі старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей АЛЕЙНІК, форум, які ў канцы жніўня адбудзецца ў Віцебску, павінен паглыбіць двухбаковае стратэгічнае супрацоўніцтва паміж краінамі і прынесці канкрэтныя эканамічныя вынікі ў выглядзе падпісаных кантрактаў, міжрэгіянальных пагадненняў. Па словах сенатара, форум дазволіць наблізіцца да рэалізацыі задачы, пастаўленай кіраўнікамі дзвюх дзяржаў, — вывесці гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі з Узбекістанам у 1 мільярд долараў.
«Мы паступова набліжаемся да гэтага, у нас добрая дынаміка ўзаемнага гандлю, — канстатаваў Сяргей Алейнік. — Мы сёлета выраслі на 13%. За апошнія пяць гадоў павялічылі тавараабарот амаль у 2,5 раза. Дынаміка дазваляе рабіць выснову, што ўсе фарматы нашага двухбаковага ўзаемадзеяння будуць прыносіць дывідэнты ў эканоміку нашых краін, умацоўваць шматузроўневае супрацоўніцтва».
Па словах старшыні Пастаяннай камісіі, Беларусь зацікаўлена ў сумеснай рабоце з Узбекістанам. «Беларуска-ўзбекскі жаночы бізнес-форум стаў чарговай гісторыяй поспеху ў нашых адносінах», — канстатаваў ён і падзяліўся падрабязнасцямі маючага адбыцца мерапрыемства. 
  • Запланавана 7 секцыйных пасяджэнняў, прысвечаных розным кірункам двухбаковага ўзаемадзеяння. Сярод іх — машынабудаванне і прамысловая кааперацыя, супрацоўніцтва ў галіне аграпрамысловага комплексу і сельскай гаспадаркі, узаемадзейнічанне ў сферы лёгкай прамысловасці, сацыяльна-гуманітарнае супрацоўніцтва. Асобныя секцыі будуць прысвечаны пытанням турызму, маладзёжнай палітыцы, ролі мясцовага самакіравання ў рэалізацыі двухбаковага супрацоўніцтва. 
Прадугледждана, што работа кожнай секцыі завершыцца падпісаннем шэрагу двухбаковых дакументаў. 
  • Падчас першага форуму было падпісана 15 кантрактаў на агульную суму 29 мільёнаў долараў, на другім форуме заключылі 18 кантрактаў на суму 44 мільёны долараў. Па папярэдніх ацэнках, па выніках ΙΙΙ Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму эканамічны поспех перавысіць мінулагодні ўзровень. 
У сваю чаргу, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Узбекістана ў Беларусі Рахматула НАЗАРАЎ заўважыў, што асноўны акцэнт узбекскі бок робіць на эканамічных выніках форуму. «Пастаўлена задача — падпісаць кантракты, якія дазвроляць павялічыць тавараабарот паміж нашымі краінамі, — канкрэтызаваў ён. — Пры гэтым вынік павінен быць выгадны для абодвух бакоў».

У размове з журналістамі дыпламат дадаў, што ўзаемаадносіны Беларусі і Узбекістана ахопліваюць увесь спектр. «Супрацоўніцтва ў сферы палітыкі, эканомікі, культурна-гуманітарнае ўзаемадзеянне, —удакладніў ён. — Мы вельмі цэнім адносіны паміж нашымі краінамі».

Вераніка КАНЮТА.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю