На сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Сяргеем ГЛАЗЬЕВЫМ Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА звярнула ўвагу, што Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі — унікальнае інтэграцыйнае аб’яднанне, якое можа служыць прыкладам для іншых.
«Рэгіянальнае супрацоўніцтва — важны аспект у нашай рабоце»
«Фундаментам такога шчыльнага супрацоўніцтва з’яўляюцца добрыя сяброўскія адносіны, якія склаліся паміж нашымі лідарамі, — падкрэсліла спікер. — Тыя задачы, якія ставяць нашы лідары, павінны рэалізоўвацца на карысць нашых народаў і краін. Тое, што мы сёння бачым у эканамічным супрацоўніцтве, не можа нас не радаваць. Тавараабарот за мінулы год склаў звыш 50 мільярдаў долараў. За першае паўгоддзе дынаміка захоўваецца».
Згадваючы аб Міжнароднай прамысловай выстаўцы «ІНАПРАМ. Беларусь», якая нядаўна прайшла ў Мінску, Старшыня Савета Рэспублікі канстатавала, што ў абедзвюх краінах створаны прадпрыемствы, што выпускаюць сумесную прадукцыю добрай якасці. «Гэтаму садзейнічаюць і тыя праграмы, якія рэалізуюцца ў рамках Саюзнай дзяржавы, — удакладніла спікер. — Мы, парламентарыі, разумеем, што павінны больш шчыльна працаваць у нашых інтэграцыйных працэсах».
Найперш маецца на ўвазе рэгіянальнае супрацоўніцтва. І яно вельмі паспяховае, што ў чарговы раз пацвердзіў XΙΙ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які прайшоў у Ніжнім Ноўгарадзе. У рамках форуму было заключана кантрактаў на 900 мільёнаў беларускіх рублёў.
«Гэта важкі ўнёсак ва ўмацаванне эканомік нашых краін, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Форум — толькі вяршыня айсберга: на працягу года мы імкнёмся працаваць так, каб дамоўленасці рэалізоўваліся. Заўсёды адсочваем, як супрацоўнічаюць нашы рэгіёны. Рэгіянальнае супрацоўніцтва — гэта важны аспект у нашай рабоце. Мы як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва ў гэтым зацікаўлены».
Старшыня Савета Рэспублікі праанансавала, што XΙΙΙ Форум рэгіёнаў пройдзе ў 2026 годзе ў Мінску і Мінскай вобласці. Затым плануецца, што мерапрыемства будзе праводзіцца раз у два гады.
«Сёлета на форуме мы разглядалі пытанні маладзёжнай палітыкі, — нагадала спікер. — У наступным годзе хочам больш увагі ўдзяліць эканамічнаму складніку. Мы робім усё для таго, каб прасоўваць далейшае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».
Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, у грамадзян Саюзнай дзяржавы павінны быць роўныя правы. У якасці прыкладу яна прывяла нядаўнюю ратыфікацыю Пратакола аб унясенні змяненняў у Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб роўных правах грамадзян ад 25 снежня 1998 года. Грамадзяне Беларусі і Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі іншай дзяржавы — удзельніцы Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года, цяпер змогуць удзельнічаць у мясцовых выбарах: выбіраць і быць выбранымі ў адпаведныя органы мясцовага самакіравання.
«Вы заўсёды можаце разлічваць на нас, парламентарыяў, у прасоўванні тых пытанняў і задач, якія пастаўлены кіраўнікамі дзяржаў і якія мы павінны вырашаць у рамках сваіх паўнамоцтваў», — рэзюмавала спікер.
Прыярытэтныя кірункі інтэграцыі і канкрэтныя прыклады вырашэння праблем
У размове з журналістамі Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей ГЛАЗЬЕЎ адзначыў, што на сустрэчы ў Савеце Рэспублікі абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў, звязанае з далейшым функцыянаваннем Саюзнай дзяржавы ў рамках тых прыярытэтных кірункаў, якія вызначаны лідарамі дзяржаў.
«Мы цяпер рыхтуем новыя асноўныя кірункі (дзеючыя заканчваюцца ў наступным годзе), магчыма, мы іх сінхранізуем з цыклам планавання, якое дзейнічае ў Беларусі, — праінфармаваў ён. — Будуць разгледжаны планы развіцця практычна ўсіх галін, вызначаны агульныя індыкатары для Саюзнай дзяржавы».
Вельмі важным кірункам работы ў рамках інтэграцыйнага аб’яднання Сяргей Глазьеў лічыць развіццё навукова-тэхнічных праграм. «Беларуссю дасягнуты цудоўныя вынікі ў сферы практычнага прымянення шэрагу праграм Саюзнай дзяржавы, практычна ўсе яны знайшлі ўвасабленне, — канкрэтызаваў ён. — Асабліва важна падкрэсліць рэалізацыю праграм у галіне аховы здароўя. У прыватнасці, рэалізавана праграма „ДНК-ідэнтыфікацыя“, якая дазваляе ў Беларусі разгарнуць шырокі спектр паслуг па дыягностыцы генетычна абумоўленых хвароб. Ужо тысячы пацыентаў атрымліваюць дапамогу. Таксама Беларусь стала лідарам у свеце па прымяненні ствалавых клетак. Беларусь з’яўляецца лідарам па медыцынскім турызме ў СНД».
Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы адзначыў, што падчас сустрэчы са спікерам абмяркоўвалася і тэма рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых на апошнім Форуме рэгіёнаў, які прайшоў у Ніжнім Ноўгарадзе. «Працуем над механізмам фінансавання сумесных праектаў, у тым ліку падрыхтавана палажэнне аб субсідзіраванні працэнтных ставак для інвестыцыйных праектаў сумеснай вытворчасці тавараў Саюзнай дзяржавы», — дадаў ён.
Па словах Сяргея Глазьева, неўзабаве будуць урэгуляваны пэўныя цяжкасці, з якімі сутыкнуліся беларусы, што пражываюць у Расіі, пры перарэгістрацыі сім-карт. «У Расіі была ўведзена працэдура, звязаная з патрабаваннямі бяспекі: да 1 ліпеня патрэбна было прайсці перарэгістрацыю, — удакладніў дзяржсакратар. — Гэта датычылася і расійскіх, і беларускіх грамадзян. Расіяне гэта маглі зрабіць дыстанцыйна, праз партал „Дзяржпаслугі“. У беларускіх грамадзян у Расіі да гэтай сістэмы прамога доступу не было. Таму ўзнікла праблема чэргаў».
Цяпер, па яго словах, дзякуючы намаганням улад Масквы і Санкт-Пецярбурга, усе МФЦ (многафункцыянальныя цэнтры прадастаўлення дзяржаўных і муніцыпальных паслуг) адкрываюцца для прыёму заяў ад беларускіх грамадзян, якія змогуць перарэгістраваць свае сім-карты.
«Але мы хочам пайсці яшчэ далей: задзейнічаць два парталы дзяржпаслуг („Е-паслугу“ Беларусі і „Дзяржпаслугі“ Расіі), каб гэтыя інфармацыйныя сістэмы маглі аператыўна абменьвацца звесткамі для пацвярджэння іх дакладнасці. Тады, не выязджаючы з Беларусі, можна прайсці перарэгістрацыю на „Дзяржпаслугах“. Спадзяёмся, што мы гэтыя праблемы хутка вырашым», — падкрэсліў Сяргей Глазьеў.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА