Top.Mail.Ru

У Савеце Рэспублікі адбылося адкрыццё выстаўкі «Подзвігі і лёсы партызан у дакументах»

Гэта выстаўка заснавана на матэрыялах унікальнага інтэрнэт-праекта Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і Нацыянальнага архіва «Партызаны Беларусі». На ёй прадстаўлены ўнікальныя гістарычныя фатаграфіі часоў Вялікай Айчыннай вайны, узнагародныя лісты і баявыя характарыстыкі партызан і падпольшчыкаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай. Гэтыя дакументы раскрываюць подзвігі і заслугі канкрэтных партызан, расказваюць аб партызанскіх фарміраваннях і іх баявых сутыкненнях з акупантамі.


Гісторыі людзей, якія сыходзілі ў партызанскія атрады, працавалі ў падполлі, — гэта цяжкая старонка ў гісторыі Беларусі, але гэта і наш гонар, сказала на адкрыцці выстаўкі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА. Яна адзначыла, што Вялікая Айчынная вайна пакінула для ўсіх беларусаў незагойныя шрамы на сэрцах і ў душах: 

«З кожным годам я, як і кожны з нас, усё вастрэй гэта ўсведамляю, таму што адна справа, калі людзі прызываліся і ішлі ваяваць на фронт. І зусім іншая гісторыя, калі адразу ж на другі-трэці дзень бамбілі горад Мінск, наша Беларусь была акупаваная. Але нашы людзі... Беларусь акупаваная, а людзі супраціўляюцца!»

Спікер Савета Рэспублікі падкрэсліла, што партызанскі рух і падполле — гэта ўнікальная старонка ў гісторыі Беларусі: 

«Гэтыя людзі выканалі цяжкую работу, часам нават не разумеючы і не ўсведамляючы, як гэта было цяжка. Гэта асаблівая старонка ў гісторыі. Для ўсіх нас гэта — генетычны код, калі мы разумеем, што трэба было лічыцца не з асабістым — як выратаваць сваё жыццё — а рабіць усё для Перамогі. І гісторыя людзей, якія сыходзілі ў партызанскія атрады, якія працавалі ў падполлі — гэта наш гонар. Гэта гонар за тых людзей, якія зрабілі ўсё для Перамогі. А яшчэ гэта і прыклад для нас — прыклад мужнасці, стойкасці, нязломнай волі».

Наталля Качанава падзякавала арганізатарам за карпатлівую працу. «У нас у Савеце Рэспублікі бывае шмат гасцей і дэлегацый. Сюды часта прыходзіць моладзь, і ўсім будзе вельмі карысна азнаёміцца з гэтай выставай», — падагульніла яна.

Праект «Партызаны Беларусі» запусцілі пяць гадоў таму перад мінулым юбілеем Перамогі. Пра гэта расказаў член Савета Рэспублікі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сёння» Дзмітрый ЖУК: «Гэта архіўная база ўзнагародных лістоў, асабістых спраў, характарыстык, баявых уліковых лістоў нашых партызан, тых, хто змагаўся ў партызанскіх атрадах. І сёння ў базе знаходзяцца дакументы амаль на 230 тысяч персон,адсканавана больш за 1,5 мільёна дакументаў. Гэта перш за ўсё ўзнагародныя лісты, гэта іх характарыстыкі. Але самае галоўнае — магчымасць для маладых людзей убачыць дакументы сваіх ужо, напэўна, прадзедаў, якія ваявалі. І гэта асабістае эмацыянальнае суперажыванне — найлепшы, на мой погляд, механізм захавання гістарычнай памяці».

Інтэрнэт-праект «Партызаны Беларусі» арыентаваны ў першую чаргу на маладзёжную аўдыторыю, падкрэсліў дырэктар Нацыянальнага архіва Беларусі Андрэй ДЗЕМЯНЮК. Ён расказаў, што Нацыянальны архіў Беларусі шчыльна ўзаемадзейнічае з рознымі навучальнымі ўстановамі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю