Пасяджэнне прайшло пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай. Парламентарыі і запрошаныя эксперты разгледзелі праект Закона «Аб змяненні Закона «Аб таварных біржах», а таксама праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях фізічнай культуры, спорту і турызму».
Як адзначыў намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Алег Дзікун, першы законапраект прадугледжвае замацаванне прынцыпаў біржавога гандлю, падыходаў да заключэння дагавора на біржавое абслугоўванне, удзел таварнай біржы ў рамках кампетэнцыі ў рэалізацыі міжнародных дагавораў, а таксама іншых міжнародна-прававых актаў, якія змяшчаюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь у галіне біржавога гандлю і шэраг іншых новаўвядзенняў.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц падкрэсліў у размове з журналістамі, што таварная біржа адыгрывае вялікую ролю ў развіцці эканомікі нашай дзяржавы: «Праз яе прадаецца вялікая колькасць тавараў. На Беларускай універсальнай таварнай біржы акрэдытавана 39 тысяч кампаній. На пляцоўцы біржы за 2025 год было заключана здзелак на агульную суму больш за 15 мільярдаў рублёў. Усё гэта сведчыць аб тым, што сёння суб’екты гаспадарання актыўна ідуць на пляцоўку гандлёвай біржы для заключэння адпаведных кантрактаў».
Таксама на пасяджэнні экспертнага савета быў разгледжаны законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях фізічнай культуры, спорту і турызму». Як адзначыла намеснік міністра эканомікі Алена Балігатава, законапраектам прапануецца ўдакладніць мэты і вызначыць прыярытэты дзяржаўнага рэгулявання ў сферы турызму, зрабіўшы акцэнт на кірунках, якія ўплываюць на павелічэнне ўкладу сферы турызму ў рост эканомікі.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Наталля Паўлючэнка ў сваю чаргу выказала некаторыя прапановы і заўвагі.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ