Як зменяцца падатковыя праваадносіны?
Прадстаўляючы законапраект «Аб змяненні законаў па пытаннях падатковых праваадносін», міністр фінансаў Юрый Селіверстаў патлумачыў: «Пры карэкціроўцы нормаў Падатковага кодэкса ў бягучым годзе мы не прапануем кардынальных змяненняў. Асноўны акцэнт зроблены на кропкавай настройцы і адаптацыі да ўмоў, змененых раней. Прадугледжана рэалізацыя базавых, дадатковых фіскальных і іншых мер падатковай палітыкі. Адзін з кірункаў — базавыя штогадовыя меры падатковай палітыкі: індэксацыя на сярэднегадавы прагнозны параметр інфляцыі ставак падаткаў, якія ўстаноўлены ў беларускіх рублях, павелічэнне ставак акцызаў, у тым ліку з улікам міжнародных абавязацельстваў у рамках дагавора аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках паміж Беларуссю і Расіяй».
У сваю чаргу старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Раман Бродаў адзначыў, што прапанаваныя змяненні накіраваны на павышэнне празрыстасці падатковай сістэмы, павелічэнне паступлення ў бюджэт і ўдасканаленне падатковага адміністравання. «Для бізнесу прадугледжаны як меры падтрымкі, так і новыя патрабаванні. Сістэма падаткаабкладання малога бізнесу будзе аптымізавана. Асаблівая ўвага ўдзяляецца спецыяльным падатковым рэжымам. Для індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятасці грамадзян распрацаваны правілы, накіраваныя на спрашчэнне працэдур пры захаванні кантролю над падатковымі паступленнямі. Гэтыя меры дадуць дадатковыя даходы ў бюджэт у памеры каля 700 мільёнаў рублёў у год».
Паводле яго слоў, прыняцце закона дасць магчымасць забяспечыць збалансаванасць бюджэту, сацыяльную справядлівасць падаткаабкладання, не дапускаючы пры гэтым празмернай нагрузкі на эканоміку. «Для ўстойлівага развіцця эканомікі мэтавы індыкатар па падатковай нагрузцы не павінен перавышаць 20 % ад ВУП. Пры гэтым ён павінен забяспечвацца не за кошт увядзення новых падаткаў, а за кошт павышэння іх збіральнасці і пашырэння падаткаабкладальнай базы. Гэта патрабаванне ў праекце закона выконваецца. Прадстаўлены дакумент адпавядае Канстытуцыі, патрабуе нарматворчай тэхнікі і не супярэчыць нацыянальным інтарэсам», — падкрэсліў Раман Бродаў.
Праект бюджэту фарміраваўся ва ўмовах, якія патрабуюць асаблівай адказнасці
З улікам планаваных мер падатковай палітыкі, зыходзячы з параметраў развіцця эканомікі на будучы год, якія зацверджаны ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сфарміраваны падыходы рэспубліканскага бюджэту і разліковыя паказчыкі па мясцовых бюджэтах, заявіў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў. Паводле яго слоў, даходы кансалідаванага бюджэту на 2026 год ацэньваюцца ў суме 92,1 мільярда рублёў (плюс 9,7 мільярда рублёў да ацэнкі 2025 года).
«Даходы кансалідаванага бюджэту на 2026 год уключаюць падатковыя даходы ў суме 76,4 мільярда рублёў, або 82,9 % у агульнай структуры даходаў, непадатковыя даходы 9 мільярдаў рублёў, або 9,8 %, а таксама бязвыплатныя паступленні, — канкрэтызаваў кіраўнік фінансавага ведамства. — Асноўны прырост даходаў кансалідаванага бюджэту будзе забяспечаны за кошт падатку на дабаўленую вартасць — 2,5 мільярда рублёў, падаходнага падатку — 2,3 мільярда рублёў, падатку на прыбытак — 1 мільярд рублёў, а таксама падатковых даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Таксама ў складзе даходаў улічаныя дадатковыя паступленні ад раней прынятых адкладзеных падатковых мер».
У сваю чаргу Раман Бродаў адзначыў, што праект бюджэту фарміраваўся ва ўмовах, якія патрабуюць асаблівай адказнасці, дальнабачнасці, пры не самай простай знешняй кан’юнктуры. «За аснову прыняты сцэнарый сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджаны ўказам кіраўніка дзяржавы 3 лістапада 2025 года. Даходы рэспубліканскага бюджэту за 2026 год запланаваны ў аб’ёме 54,4 мільярда рублёў. Больш важным з’яўляецца той факт, што даходы растуць з тэмпамі 112 % да чаканага ўзроўню 2025 года, апераджальнымі тэмпамі ў параўнанні з расходамі».
Пры гэтым расходы рэспубліканскага бюджэту — 58,7 мільярда рублёў. «42 % расходаў кансалідаванага бюджэту будуць сканцэнтраваныя ў сацыяльнай сферы. Гэта цалкам адпавядае традыцыйнаму арыенціру дзяржавы на павышэнне якасці жыцця людзей», — адзначыў Раман Бродаў.
Ратыфікацыя пагадненняў з краінамі глабальнага Поўдня
У ходзе сесіі таксама былі адобраны праекты законаў «Аб змяненні законаў па пытаннях пенсіённага забеспячэння», «Аб змяненні законаў пытаннях індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці», «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб энергазберажэнні». Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік, у ходзе сесіі былі разгледжаны і адобраны 7 законапраектаў, якія датычацца ратыфікацыі дагавораў міжнароднага, інтэграцыйнага характару і двухбаковых дакументаў, якія рэгулююць прававыя адносіны з краінамі глабальнага Поўдня. «Мы разгледзелі два найважнейшыя, на маю думку, дакументы. Гэта часовае гандлёвае пагадненне паміж дзяржавамі — членамі ЕАЭС і Манголіяй, якое стварае больш прэферэнцыйны рэжым узаемнага гандлю з гэтай краінай. І, вядома, мы разлічваем, што ратыфікацыя гэтага пагаднення дазволіць нам істотна нарасціць аб’ёмы ўзаемнага гандлю з Манголіяй, — адзначыў Сяргей Алейнік. — У панядзелак мы правялі сустрэчу з сустаршынёй групы парламенцкай дружбы, абмеркавалі ўвесь комплекс двухбаковых адносін, уключаючы рэалізацыю тых дамоўленасцяў, якія былі дасягнуты ў рамках візіту Прэзідэнта Беларусі ў Манголію ў чэрвені мінулага года. Таксама намецілі канкрэтныя крокі па павелічэнні ўзаемнага гандлю, па рэалізацыі кааперацыйных праектаў і па рэалізацыі гэтага пагаднення».
Яшчэ адзін важны дакумент, на якім акцэнтаваў увагу сенатар, — праект закона «Аб ратыфікацыі пагаднення аб эканамічным партнёрстве паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі, з аднаго боку, і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, з другога боку». Паводле яго слоў, ААЭ з’яўляюцца нашым ключавым партнёрам на Блізкім Усходзе ў зоне Персідскага заліва. «Эміраты ўваходзяць у тройку найбуйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі, і мы ўпэўненыя, што гэта пагадненне створыць больш спрыяльныя, прэферэнцыйныя ўмовы для нашых суб’ектаў гаспадарання ў плане прасоўвання беларускай прадукцыі на рынак Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і праз ААЭ — у іншыя рэгіёны свету, перш за ўсё, у іншыя краіны Блізкага Усходу і Афрыкі», — рэзюмаваў Сяргей Алейнік.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота БелТА.