«Гэта комплексная задача».
22 верасня ў Савеце Рэспублікі разглядзелі комплекс пытанняў, звязаных з рэалізацыяй прадукцыі беларускай вытворчасці ў гандлёвых сетках краіны.
На сустрэчы прысутнічалі кіраўнікі гандлёвых сетак. Гаворка шла пра тое, што гандлёвыя сеткі павінны больш шчыльна і актыўна супрацоўнічаць з вытворцамі, роўна як і вытворцы павінны ісці насустрач гандлёвым сеткам.
Як паведамілі ў Савеце Рэспублікі, за першае паўгоддзе ўдзельная вага тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце скарацілася на 3,3 працэнтнага пункта і складае ў цяперашні час 54,6%. У цэлым рознічны гандаль дынамічна развіваецца, тэмп росту па выніках 8 месяцаў склаў 108,5%.
На сустрэчы падкрэслілі, што пытанні насычэння ўнутранага рынку таварамі айчыннай вытворчасці — гэта комплексная задача, якая патрабуе сумесных дзеянняў дзяржавы, бізнесу і грамадства. Пад бізнесам разумеюцца як суб’екты гандлю, так і вытворцы, гэта значыць суб’екты гаспадарання павінны знаходзіць узаемапрымальныя рашэнні ў рамках дзеючага заканадаўства. Што тычыцца дзяржавы, яна стварае прававыя ўмовы, удасканальвае рэгуляторыку для таго, каб спажыўцы мелі права выбару ў гандлёвых сетках.
Савет Рэспублікі як палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва таксама ўносіць свой уклад ва ўдасканаленне рэалізацыі тавараў на ўнутраным рынку і ва ўдасканаленне гандлёвай палітыкі суб’ектаў гаспадарання. Так, у ліпені ў Зэльве прайшла сустрэча з дэпутатамі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей усіх узроўняў, дзе выступілі рэгулятары — прадстаўнікі МАРГ, прадстаўнікі Белкаапсаюза, якія дзяліліся сваім бачаннем перспектыў развіцця гандлю, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. На гэтым тыдні адбудзецца аналагічная сустрэча з прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, дзе таксама будзе разгледжаны шырокі спектр пытанняў, звязаных з гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва, у тым ліку ў сельскай мясцовасці.
Савет Рэспублікі па даручэнні кіраўніка дзяржавы на пастаяннай аснове праводзіць маніторынг гандлёвых сетак ва ўсіх рэгіёнах. У асноўным вынікі маніторынгу паказваюць, што гандлёвыя аб’екты выконваюць усе нормы заканадаўства. Дзесьці часам узнікаюць кропкавыя праблемы, але яны звязаны не з недасканаласцю заканадаўства, а з нядбайнасцю мясцовых кіраўнікоў або загадчыкаў магазінаў. Напрыклад, дзесьці ўзнік недахоп пэўнага тавару, яго не падвезлі са склада. У такіх выпадках пытанні вырашаюцца аператыўна, і прыходзіць адказ аб тым, што пытанне вырашана паспяхова: тое, чаго не хапала падвезена і дэфіцыту не назіраецца.
Яна ВАЛАСАЧ.