Top.Mail.Ru
274

У сераду і чацвер месцамі чакаюцца даволі моцныя ліўні

Балтыка прынясе нам дажджы і навальніцы

У гэтыя суткі (13 мая) надвор’е ў краіне будзе вызначаць халодная няўстойлівая паветраная маса. Ноччу пераменная воблачнасць, днём воблачна з праясненнямі. Уначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Ноччу і раніцай у асобных раёнах будзе згушчацца слабы туман. Вецер паўночна-заходні ўмераны, удзень парывісты. Мінімальная тэмпература паветра ноччу складзе ад плюс 1 да плюс 5 °С, месцамі па краіне чакаюцца замаразкі да мінус 4 °С. Максімальная тэмпература паветра днём будзе павышацца да плюс 11–17 °С. Атмасферны ціск ноччу не зменіцца, днём будзе слаба падаць.

Істотнае змяненне надвор’я чакаюць ужо ў сераду. Наша краіна будзе знаходзіцца ў полі паніжанага атмасфернага ціску, раніцай і днём адаб’ецца ўплыў сістэмы франтальных раздзелаў, якія ссоўваюцца з боку Балтыйскага мора. Уначы пераменная воблачнасць, удзень воблачна з праясненнямі. Ноччу пераважна без ападкаў, раніцай і днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах па захадзе Беларусі — моцныя дажджы і навальніцы. Ноччу і раніцай месцамі слабы туман. Вецер заходняй чвэрці ўмераны, удзень месцамі парывісты, пры навальніцах моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу складзе ад плюс 1 да плюс 6 °С, на глебе месцамі замаразкі да мінус 2 °С. Максімальная тэмпература днём будзе дасягаць плюс 11–18 °С.

Дажджліва будзе ў нас і ў чацвер. Воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, ноччу месцамі чакаюцца моцныя дажджы. У асобных раёнах магчымыя навальніцы. Вецер пераменных напрамкаў парывісты, у асобных раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 1 °C па паўночным захадзе да плюс 9 °C па паўднёвым усходзе краіны. У сярэдзіне дня тэмпература будзе ў раёне ад плюс 7 да плюс 13 °C, у паўднёва-ўсходніх раёнах Беларусі — да плюс 15 °C.

Сяргей КУРКАЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю