Першыя кветкі пачалі высаджваць у Гродне: на раздзяляльных бардзюрах вуліц высаджваюць ампельныя віёлы. Аб гэтым паведамляе БелТА.
Першыя 3744 гаршкі з браткамі ўжо з’явіліся ўздоўж дарогі па вуліцы Вольгі Соламавай. Віёлы ўпрыгожылі і вуліцу Горкага. А ў самым цэнтры горада, на плошчы Леніна, побач са знакам «Нулявы кіламетр» аформілі кветкавы фантан.
«Пачалі з віёлы ампельнай, таму што яна дастаткова ўстойлівая да нізкіх тэмператур, пераносіць да мінус 5 градусаў. Асноўныя колеры — фіялетавы, жоўты і сіні, — расказаў дырэктар прадпрыемства „Гродназелянбуд“ Андрэй Сяманчык. — Усяго сіламі толькі нашага прадпрыемства плануем упрыгожыць Гродна 1,3 млн кветак. У цэлым жа, з улікам арганізацый, у сезон у горадзе будуць радаваць жыхароў і гасцей каля 2 млн кветак».
Як расказаў Андрэй Сяманчык, будзе пашырацца і практыка вертыкальнага азелянення. Акрамя традыцыйных ужо агародж мастоў, становіцца ўсё больш кветкавых фігур. Сёлета такія канструкцыі з вячэрнім падсвятленнем упрыгожаць цэнтральную пешаходную вуліцу Савецкую — упадабанае месца прагулак гараджан і турыстаў. У хуткім часе пачнуць выстаўляць гаршкі для кветак і на арках, якія летась з’явіліся на гэтай вуліцы. Першай, зноў-такі, тут з’явіцца віёла ампельная, пазней яе дапоўняць сурфініі і пеларгоніі.
Што да догляду кветак, то пашыраць і плошчы кропельнага паліву. Акрамя шэрагу цэнтральных вуліц і парка імя Жылібера яго ўладкуюць на кальцавых участках дарог.