Пракуратура Шчучынскага раёна запатрабавала забраць з сям’і дзіця, якое падвяргалася сістэматычнаму жорсткаму абыходжанню з боку маці і айчыма, паведамляе БелТА.
У наглядны орган паступілі матэрыялы праверкі раённага аддзела ўнутраных спраў аб прычыненні цялесных пашкоджанняў непаўналетняй. Устаноўлена, што 4 кастрычніка 2025 года мужчына нанёс сваёй 14-гадовай падчарыцы ўдары рэменем па розных частках цела. Сведкам здарэння стала суседка, якая пачула крыкі дзіцяці за сцяной і паведаміла ў праваахоўныя органы.
Па даручэнні пракурора раёна правераны ўмовы пражывання і выхавання непаўналетняй. Адзначана, што падлетак пражывае з маці і айчымам у інтэрнаце. З мая па кастрычнік 2025 года дзяўчынка неаднаразова падвяргалася жорсткаму абыходжанню як з боку маці, так і з боку айчыма ў стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым маці з’яўлялася сведкай канфліктаў і прымянення сілы да свайго дзіцяці, аднак гэтаму не перашкаджала.
Работнікі пракуратуры наведалі сям’ю па месцы жыхарства і ўстанавілі, што месца для вучэбнай дзейнасці дзіцяці не арганізавана, спальныя месцы дарослых і дзіцяці сумежныя, знаходзяцца ў адным пакоі інтэрната. Дома быў мінімальны запас прадуктаў, свежапрыгатаванай ежы не было. З-за неспрыяльнай абстаноўкі ў сям’і дзяўчынка сістэматычна не начавала дома, а летам жыла ў сваёй цёткі ў суседнім аграгарадку.
Маці падлетка і айчым стаяць на ўліку ва ўрача-нарколага, кантроль цвярозасці праходзяць несвоечасова, меры да ўстаранення неспрыяльнага становішча ў сям’і не прымаюць.
Для абароны правоў і законных інтарэсаў дзіцяці па патрабаванні пракуратуры праведзена пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх Шчучынскага райвыканкама. Дзіця прызнана маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне і неадкладна адабрана ў маці. Дзяўчынка змешчана на дзяржаўнае забеспячэнне, праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні сям’і.