Новая славутасць высокатэхналагічнага мегаполіса.
Тумбы з бесправадной зарадкай для смартфонаў сталі новай славутасцю высокатэхналагічнага кітайскага мегаполіса Шэньчжэнь (правінцыя Гуандун, Паўднёвы Кітай), перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
У раёне Лунхуа побач з гандлёвым цэнтрам «Хоўлан Сіньцяньдзі» ўсталявалі 15 незвычайных тумбаў. На першы погляд яны нагадваюць звычайныя гарадскія агароджы, аднак кожная абсталявана сэнсарным экранам і зонай бесправадной зарадкі. Каб падзарадзіць смартфон, дастаткова проста пакласці яго на чорную панэль у ніжняй частцы тумбы.
«Упершыню ў жыцці бачу, каб тумба зараджала тэлефон», — дзеліцца ўражаннямі мясцовая жыхарка Ван, якая тэсціруе інавацыю. Апроч зарадкі, прылады прапануюць навігацыйную інфармацыю праз сэнсарны экран і транслююць відэакантэнт. Па вечарах з 18.30 да 23.30 тумбы падсвятляюцца, ствараючы дадатковую ілюмінацыю вуліц, а функцыя зарадкі працуе кругласутачна.
Распрацоўка заняла ў тэхналагічнай кампаніі «Люйба» чатыры гады. Па словах генеральнага дырэктара Хуан Фэя, каманда прайшла шлях ад простых мадэляў з правадным сілкаваннем да цалкам аўтаномных прылад на сонечных батарэях. Найноўшая мадэль тумбы важыць 260 кілаграмаў і абсталявана 4G-модулем для выдаленага маніторынгу.

Распрацоўшчыкі асобна падкрэсліваюць бяспеку прылад: уся электроніка герметычна абаронена ад вільгаці, выкарыстоўваецца нізкавольтнае сілкаванне 12В, якое адпавядае стандартам бяспекі. Кампанія гарантуе рэгулярнае тэхнічнае абслугоўванне абсталявання.