Пасля маштабнай рэканструкцыі ў райаддзеле створаны па-сапраўднаму камфортныя ўмовы для грамадзян і супрацоўнікаў, а перадавая матэрыяльна-тэхнічная база паслужыць умацаванню бяспекі.
Маштабныя пераўтварэнні закранулі не толькі адміністрацыйны корпус: адрамантаваны гаражныя боксы, ізалятар часовага ўтрымання. Асаблівая ўвага нададзена ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы для прафесійнай падрыхтоўкі. Напрыклад, цір аснасцілі сучасным лазерным і агнявым сімуляцыйным комплексам, а трэнажорную і барцоўскую залы — найноўшым абсталяваннем.
Як падкрэсліў на ўрачыстым адкрыцці Шклоўскага РАУС міністр унутраных спраў Іван КУБРАКОЎ, знакавая падзея для рэгіёна праходзіць напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі. «У нашай краіне, як нідзе, ведаюць цану бяспекі. Дзяржава і Прэзідэнт робяць усё для развіцця краіны і спакойнага жыцця», — адзначыў кіраўнік міліцэйскага ведамства.
Іван Кубракоў нагадаў, што будынак Шклоўскага РАУС быў узведзены амаль 70 гадоў таму і, вядома, патрабаваў мадэрнізацыі. Сёння тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для супрацоўнікаў, а галоўнае — камфорт для грамадзян, якія звяртаюцца да вартавых парадку.
«На ўрачыстых мерапрыемствах мы абавязкова ўзгадваем пра калег, якія цаной свайго жыцця выканалі службовы абавязак, — сказаў міністр. — Іх прыклад — арыенцір для цяперашняга пакалення праваахоўнікаў».
Іван Кубракоў выказаў удзячнасць старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатолю Ісачанку за падтрымку, запэўніўшы, што міліцыянеры не падвядуць.

Па словах губернатара Магілёўскай вобласці Анатоля ІСАЧАНКІ, мір у краіне і спакой грамадзян — наш галоўны прыярытэт і вышэйшая каштоўнасць. У сваю чаргу, ён выказаў удзячнасць міліцэйскаму ведамству за падтрымку рэгіёна і гарантаванне бяспекі.
Яркім момантам стала цырымонія ўручэння пагонаў чарговых спецыяльных званняў і ўзнагароджання супрацоўнікаў, якія праславіліся. Таксама кіраўнік ведамства перадаў асабоваму складу райаддзела сертыфікат на новы службовы аўтамабіль.
Адкрываючы і рэканструюючы ведамасныя аб’екты, у органах унутраных спраў не забываюцца пра тых, хто ў розныя гады стаяў на варце правапарадку. У Шклоўскім РАУС подзвігі міліцыянераў-герояў ушанаваны на памятных дошках і ў экспазіцыі новага пакоя гісторыі.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы МУС