Top.Mail.Ru

У школу. Як некалі, як... 45 гадоў таму

Трошкі дзіўна, але ж факт: дзявочая палова нашага класа ўжо дасягнула... пенсіённага ўзросту, набліжаюцца да яго і нашы хлопцы. Чатыры з паловай дзесяцігоддзі моцна змянілі нашу знешнасць, ды амаль не кранулі характары, звычкі, душы...


Яны — як некалі: усё такія ж маладыя.

На жаль, не ў нашых сілах запаволіць хуткаплыннасць жыцця, пазбегнуць балючых, беззваротных страт. З фотаздымкаў выпускнога альбома на нас глядзяць шэсць аднакласнікаў і большасць настаўнікаў, галасы якіх мы ўжо не пачуем. Іх памяць мы ўшанавалі хвілінай маўчання і прызналі відавочнае: значная частка сённяшняга педкалектыву школы — яе былыя выпускнікі. Скончыўшы розныя ВНУ, яны вярнуліся працаваць у родную вёску, дзе з году ў год змяншаецца колькасць дзяцей і, адпаведна, вучняў у школе.

Што застаецца нязменным, дык гэта вечары сустрэч: яны заўсёды кранаюць самыя далікатныя струны душы, пакідаюць яркія, светлыя ўспаміны. Вось і надоечы так званая ўрачыстая частка доўжылася ажно дзве гадзіны, на працягу якіх мы, былыя вучні, штораз выціралі слёзы і, успамінаючы пражытае, нібы жывіліся з чароўных крыніц, якія падсілкоўвалі жыццёвай энергіяй, дарылі надзею на лепшае і... новыя сустрэчы. Праз год, праз пяць...

Марыя Мяжэвіч
в. Валяр’янава, Мінскі раён

Фота sputnik.by.


Немцы празвалі іх «ведзьмамі»

Пяць гадоў таму, да 75-годдзя вызвалення Беларусі, у пракат выйшаў гісторыка-дакументальны фільм Леаніда Якубовіча «Незабудкі. Бессмяротны авіяполк». Гэта — пра 46-ы гвардзейскі Таманскі бамбардзіровачны, дзе ўсе пасады займалі жанчыны.

Адна з іх, Галіна Дакутовіч, нарадзілася 20 лютага 1921 года ў Гомелі. У старшых класах захаплялася літаратурай, спортам, заваёўвала прызавыя месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах па гімнастыцы, займалася ў аэраклубе. «Учора я вылецела самастойна, без інструктара, — пісала яна сяброўцы. — У нас на аэрадроме гэта падзея: вылятае першая дзяўчына. А добра самой лятаць!»

Пасля школы Галіна паступіла ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут. З пачаткам вайны была прызвана ў рады Чырвонай Арміі і накіравана на вучобу ў ваенную авіяцыйную школу. З ліку жанчын (большасць — ва ўзросце ад 17 да 22 гадоў) напрыканцы 1941-га былі сфарміраваны тры авіяцыйныя палкі. Лётчыц — за іх дзёрзкасць і няўлоўнасць — немцы празвалі «начнымі ведзьмамі». Тактыка ў дзяўчат-асаў была простай: на падлёце да наземнай цэлі яны глушылі маторы, плаўна і бясшумна зніжаліся — у цэль скідвалі бомбы яшчэ да таго, як іх паспявалі заўважыць.

Галіна зусім нядоўга пабыла ад’ютантам эскадрыллі, потым — здзяйсняла баявыя вылеты.

Займалася яна і грамадскай работай: рэдагавала літаратурны часопіс, дзе друкаваліся і яе творы.

...З траўмай пазваночніка летам 1942-га года дзяўчыну тэрмінова эвакуіравалі на лячэнне. Пасля яго, досыць працяглага, на паўгода адпраўлялі ў водпуск на рэабілітацыю, аднак лётчыцы ізноў хацелася ў неба. Камандзір палка далікатна прапанавала ёй работу ў штабе часці. «Думаеце, я не змагу лятаць?.. Глядзіце!» — усклікнула Галіна і, успомніўшы сваё гімнастычнае мінулае, лёгка зрабіла... «мосцік».

У студзені 1943-га ў яе за спінай было звыш 120 баявых вылетаў, дзяўчыну прызначылі штурманам палка. А ў ноч на 1 жніўня яе самалёт, выканаўшы баявое заданне, апынуўся пад моцным варожым зенітным агнём і загарэўся. Лётчыца загінула.

...Імя адважнага штурмана прысвоена адной з вуліц яе роднага горада; запісы ў дзённіку паслужылі асновай для п’есы «Палёт»; у Гомелі праводзіцца Адкрыты чэмпіянат вобласці па спартыўнай гімнастыцы імя Галіны Дакутовіч. Да 80-годдзя вызвалення Беларусі на адным са шматпавярховікаў адкрыты мурал у гонар славутай лётчыцы.

Мікалай Шаўчэнка
г. Мінск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю