У школы Мінскай вобласці ў новым навучальным годзе прыйдзе больш за 16 тыс. першакласнікаў. Пра гэта паведамляе БелТА.
Ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ў 2025-2026 навучальным годзе чакаецца прыход каля 166,6 тыс. дзяцей (166,9 — у 2024-м), з іх 16,1 тыс. першакласнікаў.
«Да 1 верасня запланаваны ўвод у эксплуатацыю агульнаадукацыйнай сярэдняй школы на 1050 месцаў у Фаніпалі Дзяржынскага раёна, дзіцячага садка — пачатковай школы на 471 месца ў Слуцку, а таксама сярэдняй школы на 1020 месцаў у вёсцы Бараўляны Мінскага раёна (узводзіцца за кошт сродкаў Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта)», — расказалі ў галоўным упраўленні.
З 1 верасня 2025 года ў Мінскай вобласці працягнуць работу 1006 устаноў адукацыі: 450 устаноў дашкольнай, 502 установы агульнай сярэдняй адукацыі, 24 каледжы, 30 устаноў спецыяльнай адукацыі, у тым ліку 3 установы прыватнай формы ўласнасці.