Top.Mail.Ru

У шматдзетнай сям'і Немцавых безліч прычын радавацца кожнаму дню

Дай пяць!

«Ну ўсё, я ў офіс!» — так Наталля НЕМЦАВА з Буда-Кашалёва жартаўліва аб’яўляе хатнім, што заступае на сваю галоўную — «маміну службу». Лёгка сказаць — пяцёра дзяцей! Тата будуе дом для вялікага сямейства, а маці паспявае працаваць, займацца спортам і асвойваць новыя прафесійныя кірункі. А яшчэ падчас Тыдня бацькоўскай любові яна была ўзнагароджана ордэнам Маці.

Усё пачалося са студэнцкага кахання

Наталля — з Веткі, Аляксандр — з Буда-Кашалёва. Абодва захапляліся спортам: яна — лёгкай атлетыкай, ён — вольнай барацьбой. І ў адзін год паступілі ў Гомельскі дзяржаўны каледж імя Л. С. Выгоцкага на спецыяльнасць «Выхаванне фізічнай культуры». На другім курсе яны пачалі сустракацца і больш ніколі не расставаліся. Ужо амаль дваццаць гадоў разам. Выхоўваюць сваю цудоўную пяцёрку: старэйшаму Сярожу — 17 гадоў, Ваню — 15, 

Дашы — 13, а малодшым Машы і Сашы — чатыры і два гады.

— Як пажаніліся, адразу хацелі дзяцей. Не загадвалі колькі. Зацяжарыла, калі яшчэ давучвалася ў каледжы апошнія месяцы, і нічога — усё добра здавала, заставалася выдатніцай, — гаворыць Наталля.

Маладыя пераехалі жыць у Буда-Кашалёва. Аляксандр пасля каледжа адразу паступіў у ГДУ імя Ф. Скарыны на факультэт фізічнай культуры. І Наталля, як нарадзіла, праз год таксама туды паступіла. Не перашкодзіла гэтаму і нараджэнне адзін за другім другога сына і старэйшай дачкі. Так, даводзілася браць «акадэмічны», але шматдзетная мама працягвала паспяхова вучыцца.


Ва ўніверсітэце Наталля атрымала спецыяльнасці «Асновы лячэбнай фізічнай культуры» і «Асновы фізічнай рэабілітацыі». Нягледзячы на тое, што яны з мужам гадавалі траіх маленькіх дзяцей, яна паспяхова рэалізавала сябе ў прафесіі. Працавала ў школе настаўнікам фізічнай культуры і вяла не простыя заняткі, а спецмедгрупы для дзяцей, якім па стане здароўя патрабуецца асобная арганізацыя фізічнай актыўнасці.

Наталля і Аляксандр і ў сваёй асабістай гісторыі таксама сутыкнуліся са складаным дыягназам дзіцяці. У шэсць гадоў, калі сярэдні сын Ваня праходзіў камісію перад залічэннем у першы клас, у яго дыягнаставалі парок сэрца. Патрэбна была аперацыя, а пасля працяглае лячэнне, рэабілітацыя... Пакуль мама была досыць доўга з сынам у Мінску на лячэнні, усю хатнюю работу, догляд за маленькай на той момант дачкой Дашай Аляксандр узяў на сябе. І выдатна спраўляўся.

Пасля трэцяга дэкрэтнага водпуску Наталля вырашыла вярнуцца на працу, а клопат аб сыне, якому ў сувязі з захворваннем сэрца ўстанавілі інваліднасць, узяў на сябе Аляксандр.

«Ёсць Маша — трэба яшчэ і Сашу!»

Падчас працы маладая мама сумела арганізаваць на базе школы яшчэ і заняткі па фітнесе для людзей усіх узростаў, працягваючы іх весці і цяпер. А таксама вырашыла, што ніколі не позна зноў вучыцца — і стала кваліфікаваным масажыстам. Праца не перашкаджала мацярынству, наадварот, сцвярджае яна:

— Памятаю, прайшло дзесяць гадоў пасля таго, як нарадзіла старэйшую дачку. Мы — шматдзетныя бацькі, рэжым з дзецьмі і іх вучобай ужо цалкам выбудаваны... І вось я неяк сваім прызнаюся, што вельмі хачу зноў стаць мамай, што так сумую па, як я гэта называю, «маленькім шавялюшкам». У выніку ў нас нарадзілася чацвёртае дзіця — Маша. А калі ёй споўніўся годзік, неяк сабраліся ўсе разам за сталом, пачалі разважаць пра будучыню. І ўсе разам пагадзіліся, што нашы старэйшыя дзеці зусім вырастуць і раз’едуцца хто-куды, а маленькай дачцэ будзе адной сумна. Ёсць Маша — трэба яшчэ і Сашу!

І вось Сан Саныч, як клічуць самага маленькага ў сям’і, ужо некалькі месяцаў ходзіць у дзіцячы садок.

— Для нас, маладых мам, выдатна, што ёсць групы першага малодшага ўзросту і можна раней выйсці на працу. Сын ходзіць у садок з вялікім задавальненнем, ды і заўважана, што ў гэтым узросце адаптавацца дзіцяці лягчэй, — кажа Наталля. — За тыдзень ён адвучыўся ад соскі, потым — ад падгузка, наладзіўся выдатны рэжым. Мы смяёмся, але ў нас была свая асаблівасць: сын з нараджэння не разлучаўся са сваім любімым маленькім пледыкам — не мог заснуць без яго, усюды — і дома, і на вуліцы — быў з ім. А пайшоў у садок — і забыўся на яго. Мы жартуем: «Усё — мужычок наш падрос!»

Навокал жыве шчасце

Ёсць у Наталлі вялікая прафесійная мара — адкрыць невялікі ўласны спа-салон са спецыялізацыяй па масажы. Цяпер як самазанятая яна працуе масажыстам на даму і як настаўнік фізічнага выхавання працягвае весці ў школе факультатывы спартыўнага профілю і заняткі па фітнесе.

Тата вялікага сямейства самастойна будуе вялікі двухпавярховы дом, і атрымалася гэта, вядома, дзякуючы падтрымцы дзяржавы.


— Мы ўвесь гэты час жылі ў прыбудове да часткі дома бацькоў мужа. І гэта асобная гісторыя, як я ўдзячная ім, маім дарагім Валянціне Аляксандраўне і Уладзіміру Пятровічу, за дапамогу і падтрымку. А мы, калі ўжо падрасталі трое старэйшых дзяцей, задумаліся аб будаўніцтве дома. У нас меўся ўчастак зямлі. Як шматдзетная сям’я аформілі крэдыт на льготных умовах. Пачалі будавацца, а калі ў нас нарадзілася чацвёртае дзіця, даведаліся, што можам разлічваць на субсідыю для пагашэння льготнага крэдыту на будаўніцтва, — тлумачыць шматдзетная маці.

І ўжо пасля Новага года вялікая сям’я Немцавых плануе справіць наваселле ў новым доме.

— Калі ўвечары дома ўсе ўлягуцца, часта сяджу і адчуваю, здаецца, навобмацак, як навокал жыве шчасце... І гэта немагчыма перадаць. Горад у нас невялікі, людзі ведаюць, што ў мяне пяцёра дзяцей, што я працую, і многія часта пытаюцца, як гэта наогул магчыма быць дагледжанай жанчынай, жонкай, гаспадыняй, спецыялістам у сваёй справе і шматдзетнай мамай? А я лічу, што ты менавіта і расцеш дзякуючы сваёй сям’і. Мамы, яны такія — і рэжым робат-пыласос умеем уключаць, і яшчэ сотню розных рэжымаў, — усміхаецца Наталля.

Вялікая сям’я — гэта вялікае шчасце, упэўнены Аляксандр:

— Не магу ўявіць мужчыну, які быў бы шчаслівы без жонкі і дзяцей. Шчасце, калі цябе чакаюць дома, радуюцца, падтрымліваюць заўсёды, перажываюць за цябе, калі нешта не атрымліваецца. Ганаруся сваёй жонкай і дзецьмі, нашай сям’ёй. Жадаю ўсім моцных сямейных саюзаў, дзетак, міру і дабра!


Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва герояў публікацыі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю