Новае жыццё пячорнага комплексу.
Пячоры Кызыл у павеце Байчэн акругі Аксу Сіньцзяна з’яўляюцца самым старажытным будыйскім пячорным комплексам, які захаваўся ў Кітаі да гэтага часу, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Тут налічваецца 349 пячор, у 107 з якіх захаваліся фрэскі плошчай каля 4 тысяч кв. метраў. Аднак час і чалавечая дзейнасць пашкодзілі нямала з іх. Напрыканцы ХІХ-га і ў пачатку ХХ-га стагоддзяў заходнія экспедыцыі разрабавалі вялікую колькасць вытанчаных фрэсак. Чжаа Лі, навуковы супрацоўнік Інстытута даследаванняў пячор Кызыл, устанавіла, што плошча раскапаных фрэсак склала амаль 500 кв. метраў у 59 пячорах.
З 2002-га па 2016-ты гады Чжаа Лі сабрала 487 малюнкаў фрэсак з больш як 20 замежных музеяў. У 2020 годзе большасць фрэсак былі знойдзены на сваіх першапачатковых месцах, а выявы былі адноўлены. Вынікі былі сабраны і апублікаваны ў «Даследаванні рэстаўрацыі фрэсак пячор Кызыл».
Сёння навукоўцы выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, каб вярнуць пячорам іх былую веліч. Кітайскія археолагі распрацоўваюць новыя метады распазнання і рэстаўрацыі культурных рэліквій. Група навукоўцаў з Чжэцзянскага ўніверсітэта выкарыстоўвала тэхналогію тэрагерцавай спектраскапіі ў часовай вобласці для ажыццяўлення неразбураючага кантролю і распазнання малюнкаў на закураных фрэсках у адной з пячор. На гэтых фрэсках былі выяўлены тыповыя элементы стылю старажытнай дзяржавы Цюцы, пазней яны былі адноўлены ў лічбавым фармаце.
Карпарацыя Digital Xinjiang Industrial Investment выкарыстоўвае тэхналогію распазнання малюнкаў пры дапамозе штучнага інтэлекту для завяршэння пашкоджаных фрэсак, адкрываючы новы шлях лічбавай абароны культурных помнікаў.