«Мы катэгарычна заяўляем, што абмяркоўваць матыў пакуль рана», — сказаў прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Польшчы Пшамыслаў Новак.
Ён таксама адзначыў, што пракуратура не мае звестак, ці праходзіў злачынец псіхіятрычнае лячэнне. Вядома, што судзімасцей у падазронага не было.
У пакоі стралка знайшлі гадсдэнаўскі сцяг, які вісеў на сцяне, — выява грымучай змяі на жоўтым фоне, дадаў Пшамыслаў Новак. Гэта звязаны з гісторыяй незалежнасці ЗША і лібертарыянствам сцяг, які мае розныя значэнні, у тым ліку сімвалізуе свабоду, паўстанне супраць улады. У той жа час не было знойдзена відавочнай сімволікі, якая адсылае да крайне правых або левых.
7 лістапада 24-гадовы грамадзянін Польшчы ў камуфляжы выехаў на аўтамабілі на галоўную плошчу Кракава і адкрыў агонь па выпадковых прахожых. Ахвярамі стральбы сталі шэсць чалавек, яшчэ 15 атрымалі раненні, у тым ліку двое паліцэйскіх. Паводле даных мясцовых улад, сярод загінулых як мінімум двое іншаземцаў — 51-гадовая грамадзянка Аўстрыі і 32-гадовы грамадзянін Вялікабрытаніі.
Падазроны быў паранены пры затрыманні і памёр у бальніцы раніцай 9 лістапада. У кватэры сям’і стралка паліцыя знайшла целы яго бацькоў і сястры. Таксама стала вядома, што ў момант стральбы пры злачынцу было дзве вінтоўкі, два пісталета і каля 500 патронаў. У сакавіку яму быў выдадзены дазвол на нашэнне зброі.
Здарэнне расследуецца як тэракт, у Польшчы аб’яўлена агульнанацыянальная жалоба.
Пасля трагедыі ў Кракаве супрацоўнікі Цэнтральнага бюро па барацьбе з кіберзлачыннасцю затрымалі шэсць чалавек, чыя дзейнасць у інтэрнэце «магла ўяўляць патэнцыяльную пагрозу». Затрыманымі аказаліся пяць палякаў і адзін украінец ва ўзросце ад 15 да 36 гадоў. У сетцы яны праслаўлялі тое, што адбылося ў Кракаве, і былі апасенні, што гэтыя асобы могуць браць прыклад з дзеянняў стралка.