Лета запрашае да чытання.
У Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэцы прайшоў шэраг сустрэч з дзіцячымі пісьменнікамі краіны. У дзіцяча-юнацкі аддзел галоўнай Слуцкай кніжніцы на прэзентацыю кнігі Зінаіды Багамолавай «У святле загадак» прыйшлі вучні гімназій NN 1 і 2 г. Слуцка. У гэты ж дзень на бібліятэчнай пляцоўцы вучні іншых школ горада і раёна сустрэліся з вядомай казачніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой.
Пісьменнікі пазнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак са сваімі героямі, сярод якіх — і надзвычай папулярныя Вухуцік, Лісачка. Казачная Фея. У Слуцку на летнія канікулы складзена даволі вялікая праграма, скіраваная на знаёмства дзяцей з навінкамі беларускай літаратуры, на развіццё цікаўнасці да чытання. З апошніх мерапрыемстваў — гадзіна памяці «Вайну не бачылі, але ведаем», гісторыка-патрыятычны альманах «Дарогамі Перамогі: Брэсцкая крэпасць», прафарыентацыйная сустрэча «Прафесія — бібліятэкар», іншыя імпрэзы, прэзентацыі...
Сустрэча з дзіцячымі пісьменнікамі ў Слуцку падрыхтавана Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Расказвае першы намеснік старшыні СПБ, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры Алена Стэльмах:
— «Лета — з добрай кнігай» — дэвіз, ўзялі на ўзбраенне нашы калегі ва ўсіх рэгіёнах краіны на ўвесь перыяд школьных канікул. На працягу трох месяцаў паэты празаікі, дзіцячыя пісьменнікі сустракаюцца на розных пляцоўках з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, расказваюць пра сваіх герояў, чытаюць вершы і казкі. Шмат намаганняў у гэтым накірунку прыкладаюць і ў Брэсце і ў Віцебску, у Магілёве і Гомелі, Гродна і Мінску, у вялікіх і малых гарадах. Упэўнена, што такія сустрэчы надзвычай карысны і самім пісьменнікам, якія стараюцца наладзіць дыялог з новым пакаленнем юных чытачоў. Так што, у выдавецтвы хутка патрапяць рукапісы з новымі вобразамі і сюжэтамі, з новымі герояў, на стварэнне якіх ужо зараз натхняюць юныя чытачы.
Мікола Берлеж