Top.Mail.Ru

У Смілавічах з новага навучальнага года будуць рыхтаваць пілотаў сельскагаспадарчых дронаў

У Смілавічах з новага навучальнага года будуць рыхтаваць пілотаў сельскагаспадарчых дронаў. Такую інфармацыю агучылі ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», паведамляе БелТА.


Як было адзначана ў эфіры, сёння аграрыі — аператары высокатэхналагічнай тэхнікі. Спецыялістаў па дакладным земляробстве навучаюць выкарыстанню высокіх тэхналогій і перадавых распрацовак аграсферы ў сельскагаспадарчых каледжах краіны. Напрыклад, у Смілавічах выпускаюць спецыялістаў па рабоце з энерганасычанай тэхнікай, аператараў аўтаматычных сістэм паліву і падкормкі, а з новага навучальнага года будуць рыхтаваць пілотаў сельскагаспадарчых дронаў.

«З гэтага года для тых навучэнцаў, якіх мы набяром на трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці, у праграму ўжо ўключаны дроны. Гэта значыць кіраванне, эксплуатацыя, рамонт дронаў», — расказаў дырэктар Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа Арцём Крывапуст.


У эфіры звярнулі ўвагу, што лятальныя апараты дапамагаюць аграрыям усёй краіны своечасова апрацоўваць, падкормліваць і падсушваць культуры перад уборкай, каб не прапусціць ніводнага ўчастка. А лепшая лабараторыя для вучоных і аграрыяў — поле. І ў палявых умовах беспілотныя тэхналогіі правяраюць ужо не першы год.

«Бачым поле, адлюстраваны два дроны, — прадэманстраваў кіраванне апаратам на адным з участкаў поля вядучы аператар кампаніі па ўкараненні беспілотнікаў у сельскай гаспадарцы Валянцін Васілец. — Канкрэтна паказана іх палётнае заданне. Усё робіцца праз тэлефон. Усё даволі проста, інтуітыўна, зразумела. Мы можам настройваць літаральна ўсё — памер кроплі, скорасць палёту, тое, на якой вышыні ён (лятальны апарат. — Заўвага БЕЛТА) будзе залятаць у поле, вылятаць з поля, уключаць асвятленне, выключаць, колькі літраў ліць на гектар, спыніцца яму або прадоўжыць заданне. Літаральна ўсё робіцца праз тэлефон праз націсканне кнопкі».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю