Belgee руліць!
Беларуская аўтамабільная асацыяцыя назвала аўтамабіль года-2025. Гэта красовер Belgee X50, які нядаўна быў удастоены Дзяржаўнага знака якасці. Акрамя таго, эксперты вызначылі найлепшыя аўто ў шэрагу намінацый, сярод якіх — «Дызайн года», «Самы папулярны седан года», «Самы папулярны SUV года».

Тытул «Самы папулярны седан года» атрымаў Belgee S50 (6277 прададзеных аўто), а Belgee X50 стаў таксама самым папулярным у мінулым годзе SUV (красоверам. — Заўв. рэд.) на беларускім рынку (11 380 прададзеных аўтамабіляў). У намінацыі «Дызайн года» перамогу атрымаў кітайскі электракар Zeekr 7X.
Рост аўтарынку забяспечылі фізічныя асобы
У мінулым годзе рынак аўтамабіляў у Беларусі прадэманстраваў значны рост, падкрэслілі, падводзячы вынікі работы галіны, прадстаўнікі аўтамабільнай асацыяцыі «БАА».

— Аўтамабільны рынак у Беларусі летась вырас на 14 % — да 158,7 тысячы аўто, — расказаў дырэктар УП «БАА-Кансалт» Дзмітрый Ярота.
Пры гэтым, як адзначыў эксперт, структура аўтарынку ў мінулым годзе зведала шэраг змен. Перш за ўсё, адбыўся пераход ад імпарту юрыдычных асоб да ўвозу аўтамабіляў фізічнымі асобамі. Згодна з графікам, прадэманстраваным экспертамі, яшчэ ў студзені-лютым 2025-га парадку 80 % машын, што ўвозіліся ў краіну, прыпадала на юрыдычныя асобы. Аднак бліжэй да сярэдзіны года менавіта фізічныя асобы ўжо забяспечвалі больш за 60 % імпарту, а пачынаючы з кастрычніка-лістапада — каля 68 %.
— Фізасобы летась завезлі і паставілі на ўлік каля 100 тысяч адзінак аўтатранспарту, юрыдычныя асобы — 31,4 тысячы аўтамашын, — паведаміў Дзмітрый Ярота. — Менавіта фізасобы далі максімальны прырост да папярэдняга года — плюс 19 %. Прырост прадэманстраваў і айчынны вытворца (завод «Belgee» паказаў рост на 14 %): каля 29 тысяч аўтамабіляў выпушчаны з завода «Belgee», прададзены і пастаўлены на ўлік.
У той жа час юрыдычныя асобы па аб’ёмах продажаў засталіся прыкладна на ўзроўні мінулага года (продажы павялічыліся толькі на 1 %).


Што выбіралі беларусы?
У 2025-м колькасць новых аўто (да 2-х гадоў) павялічылася з 41 % да 47 % (74,8 тысячы адзінак было прададзена). Эксперты адзначылі стабільны рост цікавасці да электрамабіляў: рэгістрацыі «электрычак» павялічыліся на 141 %, гібрыдаў — на 67 %. У цэлым сегмент «чыстых электрычак» павялічыўся, адзначыў Дзмітрый Ярота:
— Доля электрамабіляў у Беларусі летась вырасла амаль удвая — прырост да 2024-га склаў 181 %. А іх доля сярод новых аўто павялічылася больш чым у два разы і дасягнула 23 %.
Калі казаць пра тыпы рухавікоў, то пакуль беларускія аўтааматары застаюцца верныя рухавікам унутранага згарання (82 % ад агульнай колькасці аўто, або 130,4 тысячы). Гібрыдаў летась было пастаўлена на ўлік 8,5 тысячы, электрамабіляў — каля 20 тысяч. Хоць рост рынку якраз адбыўся ў асноўным за кошт класа NЕV (электрамабілі і гібрыды).

Што з аўтабрэндаў выбіралі беларусы ў 2025-м? БАА названы топ-15 лідараў продажаў. Абсалютным чэмпіёнам стаў брэнд Belgee (30,5% рынку новых аўтамабіляў, або 22,83 тысячы адзінак). Дарэчы, што датычыцца мадэляў Belgee, самымі запатрабаванымі ў нашай краіне летась сталі Belgee X50 (іх было прададзена 11,38 тысячы), Belgee S50 (6,27 тыс.) і Belgee X70 (4,84 тыс.). У тройку лідараў продажаў увайшлі таксама Lada (10,44 тыс.) і Geely (9,03 тыс.). Далей у спісе — BYD (6,61 тыс.), Dongfeng (5,04 тыс.), Voyah (2,53 тыс.), Deepal (2,26 тыс.), Lі Аuto (2,23 тыс.), Nіssan (1,38 тыс.), BMW (1,23 тыс.), Chevrolet (1,04 тыс.), FAW (0,93 тыс.), Haval (0,76 тыс.), Mazda (0,56 тыс.), Zeekr (0,56 тыс.).

2025 год паказаў змены і ў геаграфіі імпарту аўтамабіляў. Так, юрыдычнымі асобамі новыя аўто завозіліся ў асноўным з Кітая (62 %), Расіі (35 %), Германіі (1,3 %). А ў 2024-м лідзіравалі аўто, што ўвозілі з РФ: іх доля складала больш за 50 %. Што датычыцца фізічных асоб, то і гэтыя новыя аўто былі ў асноўным з Кітая (больш за 64 %).
Прагнозы і чаканні
Сёлета доля электракараў у структуры продажаў працягне ўпэўнены рост, адзначыў старшыня праўлення БАА Сяргей Варывода. Прычым дынаміку гэтага росту, як летась, будуць забяспечваць фізічныя асобы. А вось доля гібрыдных аўтамабіляў знізіцца, адзначыў эксперт, паколькі іх падаткаабкладанне практычна зраўнялася з падаткаабкладаннем аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згарання.

У 2026-м эксперты прагназуюць запаволенне развіцця аўтарынка і яго стабілізацыю на ўзроўні мінулага года (каля 160 тысяч).
— Асобныя маркі пакінуць рынак, — канкрэтызаваў старшыня праўлення БАА. — Пры гэтым мяркуем, што будзе працягвацца рост айчыннай аўтавытворчасці, а таксама адновіцца імпарт з тэрыторыі Саюзнай дзяржавы за кошт скарачэння імпарту з-за межаў ЕАЭС.


Добрая навіна: цэны на аўто, на думку экспертаў, сур’ёзна вырасці не павінны.
— Што датычыцца цэн, то пры стабільным курсе нацыянальнай валюты яны застануцца пад ціскам з боку попыту. Гэта забяспечыць іх стабільнасць, — растлумачыў Сяргей Варывода.
Сярод прычын росту рынка легкавых аўтамабіляў старшыня праўлення БАА назваў рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва і тэмпаў спажывецкага крэдытавання, акрамя таго — стабілізацыю цэн у рублях.
— У канцы 2025 года спрацаваў таксама апераджальны попыт, — дадаў ён.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД