Top.Mail.Ru

У спіс фіналістаў конкурснай праграмы фестывалю «Еўразія.DOC» увайшлі сем фільмаў з Беларусі

Аб’яўлены спіс фіналістаў конкурснай праграмы X Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC». Аб гэтым БелТА паведамілі арганізатары.



У спіс фіналістаў увайшлі 34 фільмы з Беларусі, Ірана, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі і Узбекістана. У шорт-лісце прадстаўлена кіно, за якім стаіць гісторыя цэлых краін і пакаленняў. Аўтары звяртаюцца да тэм памяці і вайны, сям’і і роднай зямлі, веры і служэння, культурнай спадчыны. У праграме — фільмы, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны і захаванню гістарычнай памяці, а таксама стужкі, якія закранаюць сучасныя выклікі.

«Кожны год мы атрымліваем сотні работ, у кожнай з якіх аўтарскі погляд на важнейшыя падзеі сучаснага і мінулага, на чалавека з яго лёсам, памяццю, болем, надзеяй, пераадоленнем і радасцю. Дакументальнае кіно дае магчымасць убачыць за прыватнай гісторыяй значна больш — час, грамадскія працэсы, змяненні, якія адбываюцца вакол нас. У юбілейную праграму ўвайшлі ў фільмы, якія не проста фіксуюць рэальнасць, а дапамагаюць углядзецца ў яе больш уважліва і зразумець, чым жыве сучасны чалавек і грамадства. Гэтыя карціны розныя па форме, рытме і інтанацыі, але разам яны ствараюць яркі дакументальны партрэт нашага часу», — адзначыў дырэктар фестывалю Валерый Шахаўцоў.

З 34 фільмаў, якія ўвайшлі ў спіс фіналістаў фестывалю, сем створаны беларускімі дакументалістамі. Яны былі падрыхтаваны аўтарамі з «Беларусьфільма», Белтэлерадыёкампаніі, тэлеканалаў АНТ і «Мір», агенцтва «Мінск-Навіны». Старшыня праўлення ГА «Беларускі саюз журналістаў» і выканаўчы дырэктар фестывалю Андрэй Крывашэеў указаў на тое, што ўдзельнікі юбілейнага фестывалю парадавалі арганізатараў неймавернай канкурэнцыяй добрых, шчырых, праблемных, вострых, эмацыянальных фільмаў.

«Уявіце, наколькі складана было аргкамітэту і адборачнай камісіі выбраць з 417 работ 34 лепшыя стужкі. Гэтыя фільмы будуць паказаны ў кінатэатрах Смаленска, Мінска і многіх іншых гарадах, якія будуць прымаць спачатку фестывальныя, а потым постфестывальныя паказы. Мы бачым, як якасна і колькасна вырасла дакументалістыка ў нашай краіне. У Беларусі склалася нацыянальныя школа сур’ёзнага, сапраўднага тэлевізійнага і студыйнага дакументальнага кіно, якое канкурэнтна на ўсёй вялікай прасторы Еўразіі», — падкрэсліў Андрэй Крывашэеў.

X Міжнародны фестываль дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC» пройдзе з 28 верасня па 2 кастрычніка ў Смаленску і Мінску. Там фільмы-фіналісты і іх аўтары сустрэнуцца з фестывальным гледачом, а прафесійнае журы вызначыць пераможцаў юбілейнага фестывалю.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю