Top.Mail.Ru

У сталічнай ратушы адкрылася экспазіцыя Мікалая Ісаёнка

Падарожжа ў мінулае

Праект «Прагулка па горадзе: Мінск сямідзясятых» прысвечана Дню горада і прапаноўвае жывапіснае падарожжа ў мінулае. Выстаўка невялікая, але дае магчымасць пазнаёміцца з творчасцю майстра, які ў сваіх работах шмат увагі надае прыгажосці роднай прыроды. Нездарма Мікалая Ісаёнка называюць адным з лепшых пейзажыстаў сучаснай Беларусі.

У 1973 годзе мастак стаў адным з першых выпускнікоў Мінскага мастацкага вучылішча імя А. К. Глебава. А ўжо ў 1975-м пачаў удзельнічаць у выстаўках. З 1981 года Мікалай Іосіфавіч з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. Узнагароджаны дыпломам Акадэміі мастацтваў СССР (1983). Імя творцы ўнесена ў слоўнік Міжнароднага Кембрыджскага біяграфічнага цэнтра (Велікабрытанія), а работы знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, музеяў краін СНД, музея Людвіга (Германія), мастацкай галерэі Willianova University (ЗША) і ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Англіі, Германіі, ЗША, Ізраіля, Італіі, Францыі, Кітая і інш.

Экспазіцыя ў Мінскай гарадской ратушы ўяўляе сабой камерную серыю з дзесяці гарадскіх краявідаў. Усе работы створаны на аснове эцюдаў 1970-х гг. Мікалай Ісаёнак выступае як летапісец мінскіх вуліц. Тут не ўбачыш гістарычнага і манументальнага пафасу. Замест шырокіх праспектаў аўтар выбірае ціхі гістарычны цэнтр. Асновай серыі сталі старыя кварталы Нямігі, Верхняга горада, Траецкага прадмесця. Мастак адлюстроўвае двухпавярховыя каменныя дамы, патрэсканую тынкоўку, ціхія воды Свіслачы і рэдкіх мінакоў. Работы выкананы ў пазнавальнай экспрэсіўнай і пастознай манеры. 

Нягледзячы на камернасць выстаўкі, арганізатары змаглі паказаць паэтычнасць і шматграннасць творчасці майстра. У экспазіцыі прадстаўлены і восеньскія замалёўкі, якія перадаюць ціхі сум і задуменнасць, і зімнія матывы, што пераносяць гледача ў цішыню заснежаных завулкаў, і вясновыя краявіды, поўныя абуджэння і надзеі. Мастак прызнаецца, што яму асабліва падабаюцца невялікія пейзажы, якія дазваляюць захаваць момант. «Нельга паспець напісаць вялікае, спрабуючы адлюстраваць настрой імгнення».

Менавіта гэтая здольнасць спыніць імгненне і надае работам Мікалая Ісаёнка асаблівую каштоўнасць. Кожная карціна — нібыта невялікае акно ў мінулае, праз якое сучасны глядач можа зазірнуць у Мінск 1970-х гадоў. Гэта не дакументальная фіксацыя гарадскога асяроддзя, а глыбока асабістае перажыванне часу і прасторы, перададзенае праз колер, святло і рытм мазка.

Экспазіцыя ў Мінскай гарадской ратушы — гэта запрашэнне да роздуму пра лёс горада. Мікалай Ісаёнак, выбіраючы аб’ектамі ціхія вулачкі Нямігі, Верхняга горада, Траецкага прадмесця, фактычна стаў летапісцам таго Мінска, які сёння немагчыма ўбачыць у рэальнасці.

Выстаўка працуе да 4 кастрычніка.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю