Top.Mail.Ru
252

У сталічных паліклініках можна бясплатна прышчапіцца ад грыпу і ковіду

У паліклініках сталіцы працягваецца вакцынацыя супраць грыпу і каранавіруса. Адначасова можна зрабіць дзве прышчэпкі, прычым бясплатна, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».



— Для жыхароў Мінска даступныя тры вакцыны супраць грыпу. На бясплатнай аснове — Расійская «Грыпол плюс». За сродкі грамадзян, прадпрыемстваў, арганізацый прышчапляюць прэпаратамі «Ваксігрып Тэтра» (Францыя) і «Інфлювак Тэтра» (Нідэрданды), — расказала галоўны ўрач 8-й гарадской паліклінікі, галоўны пазаштатны спецыяліст амбулаторнай дапамогі камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама Таццяна Камкова. — Адначасова можна вакцынавацца ад каранавіруса. У наяўнасці «Конвасэл» (Расійская Федэрацыя). У гэтым выпадку ўколы робяць у розныя рукі.


Па словах спецыяліста, нават у чалавека, які заняты на працы і абмежаваны ў часе, не павінна ўзнікнуць цяжкасцяў з тым, каб паставіць прышчэпку.

— Кабінеты вакцынацыі арганізаваны ва ўсіх паліклініках, і туды можна звярнуцца і раніцай, і ўвечары (у гадзіны работы медустаноў) у будні, — удакладніла Т. Камкова. — Таксама прышчэпкі робяць па суботах. Пацыентаў прымаюць без запісу. Неабходны медагляд праводзяць непасрэдна перад увядзеннем прэпарата. Калі са здароўем усё ў парадку, пацыента накіроўваюць на вакцынацыю. Акрамя таго, калі чалавек звярнуўся, напрыклад, да вузкага спецыяліста, то гэты ўрач таксама можа правесці агляд і накіраваць на прышчэпку. Дарэчы, ахвотных зрабіць яе дастаткова. Грамадзяне звяртаюцца пастаянна, асабліва тыя, хто старэй за 65 гадоў. У анамнезе ў такіх людзей хранічныя захворванні, сярод якіх — сардэчна-сасудзістыя і цукровы дыябет. Імунітэт паніжаны. Грамадзяне сталага ўзросту, як ніхто іншы, разумеюць: вакцынацыя — найлепшая прафілактыка грыпу і яго ўскладненняў. Прышчапляем іх бясплатна, як і тых, хто ўваходзіць у групу рызыкі (па заражэнні грыпам, развіцці цяжкіх ускладненняў). Гэта цяжарныя, супрацоўнікі дзіцячых садкоў, школ, гімназій, работнікі, якія забяспечваюць жыццядзейнасць нашага горада (транспарт, гандаль, грамадскае харчаванне і гэтак далей).

— Для зручнасці гараджан прышчэпачныя брыгады выязджаюць на прадпрыемствы і ў арганізацыі, — працягнула галоўны ўрач 8-й паліклінікі Т. Камкова. — Увогуле, выкарыстоўваем розныя формы работы. Галоўнае, каб мінчане прышчапляліся. Аптымальны час — кастрычнік і лістапад. Тады імунітэт паспее сфарміравацца, і да чаканага ўздыму захворвання на ВРІ (студзень — люты) чалавек будзе надзейна абаронены. Нават калі захварэе, рызыка ўскладненняў будзе мінімальнай.

Галоўны ўрач 40-й гарадской клінічнай паліклінікі Аляксей Гаруноў дадаў, што жыхары Каменнай Горкі і Дамброўкі актыўна прышчапляюцца. У медустанове дзейнічаюць два кабінеты вакцынацыі. У наяўнасці ўсе згаданыя прэпараты.

— Першымі зрабілі прышчэпкі нашы медработнікі, у тым ліку я, — расказаў А. Гаруноў. — Мы не па чутках ведаем: самая эфектыўная прафілактыка грыпу — вакцынацыя. Прышчапляемся кожны год. Цяпер у нас больш за палову ад запланаванай колькасці насельніцтва (з групы рызыкі) ужо вакцынавана. Бясплатна.

Чытайце таксама: У Беларусі пачалі вакцынаваць супраць віруса папіломы чалавека

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю