Top.Mail.Ru
236

У Доме моладзі прайшоў валанцёрскі фестываль «Сэрца сталіцы: эстафета дабра»

Дабро — у нашых з вамі руках!

Мінскі гарадскі валанцёрскі фестываль «Сэрца сталіцы: эстафета дабра» прайшоў 19 лістапада ў Доме моладзі. Мерапрыемства было накіравана не толькі на падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне найлепшых, але і на стварэнне святочнай, цёплай атмасферы для выхаванцаў дзіцячых дамоў, дзяцей са шматдзетных і сацыяльна неабароненых сем’яў. Карэспандэнты «Звязды» даведаліся падрабязнасці.


У холе Дома моладзі працавалі інтэрактыўныя зоны «Дабро ў нашых руках» з майстар-класамі і прэзентацыямі. Так, валанцёры пярвічнай арганізацыі БРСМ Цэнтральнага раёна расказвалі аб сумеснай рабоце з валанцёрамі АСВОД і дэманстравалі выратавальны рыштунак.

Паспрабавала сябе ў ролі валанцёра студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Дар’я Танцэвіла: «Летам мы, напрыклад, разам з АСВОД патрулюем папулярныя пляжы, гутарым з бацькамі, раздаём флаеры пра бяспеку на вадзе. Зімой сочым за тым, каб людзі не выходзілі на тонкі лёд, устанаўліваем папераджальныя шчыты».


На стэндзе Маскоўскага раёна дзяўчаты і хлопцы дзяліліся дасягненнямі сваіх валанцёраў і расказвалі аб праектах, у якіх удзельнічаюць. Прадстаўнікі Заводскага раёна таксама прэзентавалі валанцёрскую работу і запрашалі моладзь уступаць у свае шэрагі. Так, студэнтка БДЭУ Соф’я Стаўская далучылася да валанцёрскага руху яшчэ ў школе: «Падабаецца дапамагаць людзям. Мы ўдзельнічаем у добраўпарадкаванні тэрыторыі, праводзім суботнікі, аказваем дапамогу пажылым людзям і тым, хто аказаўся ў цяжкай сітуацыі».

Паралельна ў фае працавала выстава «Галерэя добрых спраў», прысвечаная дасягненням валанцёрскага руху Мінскага гаркама ГА «БРСМ». Акрамя таго, для гасцей падрыхтавалі настольныя інтэлектуальныя гульні і творчыя майстар-класы.

У зале Дома моладзі таксама адбылася канцэртная праграма «Рытмы адзінства: запальваем сэрцы». На сцэне ўшаноўвалі пераможцаў конкурсу «Валанцёр года», а таксама выступалі артысты беларускай эстрады.


На свяце ўручылі падзякі Мінскай гарадской арганізацыі БРСМ за актыўны ўклад у развіццё валанцёрскага руху і папулярызацыю добрых спраў. Пераможцы конкурсу «Валанцёр года» атрымалі ўзнагароды ў намінацыях «Найлепшы валанцёрскі атрад», «Асабісты ўклад», «Дабро ў кадры» і іншых.

Першы сакратар МГК ГА «БРСМ» Аляксей Пікус адзначыў, што сталіца ганарыцца сваімі валанцёрамі. «Сёння працоўная моладзь правяла шэраг валанцёрскіх акцый. Школьнікі, студэнты каледжаў прыйшлі на вялікі святочны канцэрт. Тут таксама прысутнічаюць дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, для якіх артысты падрыхтавалі выступленні», — сказаў Аляксей Пікус.

Паводле яго слоў, валанцёрскі рух у сталіцы расце з кожным годам.

На працягу дня ва ўсіх раёнах сталіцы прайшлі валанцёрскія акцыі «Дабро ў дзеянні: дапамога побач». Раённыя камітэты БРСМ сумесна з працоўнай моладдзю аказалі адрасную дапамогу сацыяльна неабароненым катэгорыям грамадзян.

Яна ВАЛАСАЧ
Фота Ксеніі ЛІННІК

Чытайце таксама: У Магілёве дадзены старт маладзёжнаму форуму «Энергія будучыні — 2025»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю