18-я гарадская дзіцячая паліклініка разлічана на 480 наведванняў за змену, яна будзе абслугоўваць больш за 15 тысяч дзяцей і падлеткаў. У паліклініцы прадугледжаны два педыятрычныя аддзяленні, стаматалагічнае аддзяленне, траўматолага-хірургічныя кабінеты, кабінеты вузкіх спецыялістаў (афтальмолага, отарыналарынголага, кардыярэўматолага, дзіцячага неўролага), клініка-дыягнастычная лабараторыя, аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі з басейнам і іншыя.
Тут будзе абслугоўвацца ўсё дзіцячае насельніцтва раёна Лошыца і частка дзіцячага насельніцтва Ленінскага раёна.
Старшыня Савета Рэспублікі, упаваўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў г. Мінску Наталля КАЧАНАВА падчас урачыстай цырымоніі адзначыла, што адкрыццё новых сацыяльна значных аб’ектаў у нашай краіне напярэдадні святкавання 7 лістапада стала ўжо добрай традыцыяй. «Прыярытэт нашай дзяржаўнай палітыкі, тое, пра што ўвесь час гаворыць Прэзідэнт краіны, — нашы людзі. Вядома, самае важнае для любога чалавека — уласнае здароўе, здароўе родных, блізкіх», — рэзюмавала спікер.
Па словах Наталлі Качанавай, усе неабходныя меры для хуткага ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы медыцынскіх устаноў у сталіцы прымаюцца аператыўна. Гэта датычыцца ў тым ліку і забеспячэння медыцынскага персаналу жыллём.
«Дэмаграфічны выбух будзе нам на карысць, — канстатавала Старшыня Савета Рэспублікі. — Нам хопіць і лячэбных устаноў, і ўсіх неабходных рэсурсаў для нашага народа. Шчаслівым чалавек можа быць тады, калі ён здаровы, таму я ўпэўнена, што медыцынскі персанал новай паліклінікі зробіць усё для таго, каб нашы дзеткі былі здаровыя, каб яны раслі».
У паліклініцы запрацуюць два педыятрычныя аддзяленні, адно аддзяленне для аказання дапамогі дзецям у школах і садках, аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, хірургічнае, траўматалагічнае, стаматалагічнае аддзяленні, аддзяленне фізіялячэння, басейн. Установа ўкамплектавана новым і сучасным абсталяваннем. «Наша работа пабудавана не толькі на лячэбнай частцы, але і на прафілактыцы, — адзначыў галоўны ўрач 18-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Дзяніс Лапацін. — Напрыклад, у аддзяленні стаматалогіі ў нас новыя стаматалагічныя ўстаноўкі, ёсць сучасныя дыягнастычныя ўстаноўкі ў рэнтген-кабінеце, што дае магчымасць своечасова і якасна вызначыць адпаведную паталогію. Хірургічны складнік нам дазваляе цяпер і ў будучыні прыступаць да больш складаных хірургічных мерапрыемстваў, што мы і плануем зрабіць у бліжэйшы год-паўтара».
Галоўурач праінфармаваў, што першых пацыентаў паліклініка плануе прыняць 10 лістапада. «Насельніцтва замацаванай за намі тэрыторыі пастаянна расце. Трэба ўлічваць, што раён разрастаецца, ідзе вялікая і актыўная будоўля, таму ў найбліжэйшы год наш участак абслугоўвання дакладна дасягне 16 тысяч чалавек», — дадаў ён.
Старшыня Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Юрый Горбіч падкрэсліў, што новая паліклініка павялічвае даступнасць педыятрычнай дапамогі для маленькіх жыхароў сталіцы. «Нездарма аб’ект знаходзіцца ў адным з самых хуткарослых раёнаў горада. Тут дастаткова шмат будуецца жылля ў тым ліку і для шматдзетных сем’яў. Паліклініка дасць магчымасць забяспечыць, па-першае, якасную, па-другое, даступную медыцынскую дапамогу. Сёлета таксама плануецца да адкрыцця адна дарослая і адна дзіцячая паліклініка ў „Мінск-Міры“. Гэта яшчэ адзін раён сталіцы, які дынамічна развіваецца», — праінфармаваў ён.
Паводле БелТА