Колькасць аб’яў аб продажы кватэр на другасным рынку жылля ў базе Мінска знізілася на 1,6 % і склала 5,7 тысячы аб’ектаў. Пры гэтым парадзеў выбар усіх тыпаў кватэр. Істотней за ўсё гэта закранула двухпакаёвыя кватэры, колькасць якіх у продажы зменшылася адразу на 3 %, паведаміў аналітык другаснага рынку нерухомасці Мікалай ПРАСТАЛУПАЎ. Пры гэтым толькі ў адным раёне горада — Кастрычніцкім — прапанова павялічылася (плюс 1,1 %). У астатніх раёнах назіралася яе змяншэнне, істотней за ўсё ў Партызанскім — мінус 6,6 %.
Прапанова карэкціруецца
За апошні час колькасць аб’яў, у якіх прадаўцы знізілі кошт у сярэднім на 1000–4000 долараў у эквіваленце, склала некалькі сотняў (або 6 % ад агульнай масы). У той жа час колькасць прадаўцоў, якія павышаюць цэны, працягвае зніжацца: усяго такіх уладальнікаў кватэр было каля 100 (або 2 %). Пры гэтым сярэдні кошт квадратнага метра за апошнюю палову мінулага месяца павялічыўся на 0,7 % і склаў 1816 долараў за «квадрат». Пры гэтым падаражэлі і абсалютна новыя кватэры ў сучасных жылых комплексах, дзе квадратны метр за гэты час дадаў 0,5 %.
Чаму так адбываецца? Як патлумачыў Мікалай Прасталупаў, менавіта гэтай вясной на рынак прыйшлі досыць дасведчаныя пакупнікі, якія выбіраюць сабе жыллё з сучасным якасным аздабленнем. Такіх кватэр на рынку абмежаваная колькасць, а значыць, цэны на іх павышаюцца. З іншага боку, сёння ў Мінску наняць па сярэднім цэнніку рамонтную брыгаду стала досыць праблематычна.
Цэны на кватэры з «бюджэтным» рамонтам не растуць, але і не зніжаюцца. Усё таму, што на іх трымаецца ўпэўнены, стабільны попыт. Кватэры, якія патрабуюць абавязковага рамонту, трапляюць у катэгорыю паніжанага попыту. Але моцна скідваць на іх цэны гаспадары пакуль не збіраюцца.
Самыя запатрабаваныя — аднапакаёўкі
У разрэзе колькасці пакояў рост цэн назіраўся па ўсіх тыпах кватэр, пры гэтым найбольшы плюс — сярод чатырохпакаёвак, якія падаражэлі на 1,3 %. Сярэдні кошт квадратнага метра склаў 1685 долараў у эквіваленце. Жыллёвы «квадрат» трохпакаёвай кватэры ацэньваецца ў 1768 долараў, двухпакаёвай — 1857 долараў, а самы дарагі — аднапакаёвай — 1954 умоўныя адзінкі ў эквіваленце.
Сярод раёнаў горада гэтак жа прасочваецца пэўная дынаміка цэн. Мацней за ўсё вырасла сярэдняя цана квадратнага метра ў Партызанскім — плюс 1,2 %. У Савецкім і Заводскім раёнах цана не змянілася. Калі ў тым жа Заводскім раёне сярэдняя цана квадратнага метра жылля (прапанова) склала 1594 долары, у Фрунзенскім — 1694, то ў Цэнтральным раёне — 2061 долар.
Паводле інфармацыі Мікалая Прасталупава, за апошні час цэны на жыллё заставаліся стабільнымі ў Брэсце і Віцебску, дзе квадратны метр ацэньваецца адпаведна ў 1086 і 809 долараў за квадратны метр. У Гомелі (873 долары) і Гродне (915 долараў) «квадрат» злёгку падняўся ў кошце, а ў Магілёве (931 долар) трошкі апусціўся.
Сярод буйных гарадоў Мінскай вобласці сярэдні ўзровень цэн на кватэры павысіўся ў Барысаве — да 823 долараў за квадратны метр, а ў Салігорску (803 $) і ў Маладзечне (908 $) крыху зменшыўся.