Top.Mail.Ru

У сталіцы далі старт трэцяму працоўнаму семестру

На карысць усім


Мінскі гарадскі фестываль студэнцкіх атрадаў «Праца на карысць сталіцы!» аб’яднаў больш за 10 тысяч байцоў студэнцкіх атрадаў. У чацвер на працягу ўсяго дня праходзілі знакавыя мерапрыемствы. Так, раніцай 1,5 тысячы байцоў студэнцкіх атрадаў разам з кіраўніцтвам горада ўсклалі вянкі і кветкі да стэлы «Мінск — горад-герой», а ўжо вечарам сабраліся ў парку Перамогі, каб урачыста адкрыць трэці працоўны семестр.


Музычныя сюрпрызы, прывітальныя прамовы, уручэнне працоўных пуцёвак і, вядома, сімвалічны націск на кнопку старта — усё гэта напоўніла мерапрыемства асобай святочнай атмасферай. Сярод ганаровых гасцей фестывалю быў старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір КУХАРАЎ

Паводле яго слоў, гэта мерапрыемства — знакавая падзея, што аб’яднала аднадумцаў і неабыякавых людзей, якія ўмеюць працаваць:

— Усе разам вы складаеце тую накіроўваючую сілу, якая аказвае вялікі ўплыў на ўсе галіны эканомікі горада. Вы працуеце па важных кірунках для развіцця Мінска і сваім прыкладам уцягваеце ўсіх у працоўную дзейнасць. Гэта важна не толькі для сталіцы, але і для ўсёй краіны. Менавіта гэта паказвае, што ў Беларусі ёсць будучыня.

Адметна і тое, што сёння ніводны вялікі будаўнічы аб’ект не абыходзіцца без моладзі. Першы сакратар Мінскага гарадскога камітэта ГА «БРСМ» Аляксей ПІКУС адзначыў, што на дадзены момант ужо больш за 4,5 тысячы чалавек адпрацавала ў складзе студэнцкіх атрадаў.

— А да канца сезона гэты паказчык складзе мінімум 25 тысяч чалавек, — упэўнены ён. — Нашы байцы працуюць на розных аб’ектах, сярод іх — Нацыянальны гістарычны музей, сквер па бульвары Талбухіна, усе дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Наша моладзь ёсць усюды!


Таксама студэнцкія атрады робяць значны ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё, прычым не толькі горада Мінска, але і ўсёй краіны, таму што юнакі працуюць на ўсіх важных аб’ектах Беларусі і нават за яе межамі, дадаў Аляксей Пікус. На яго думку, вельмі важна і тое, што сёння студэнцкія атрады становяцца больш інклюзіўнымі:

— На дадзены момант больш за 50 хлопцаў і дзяўчат з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця могуць працаваць у студэнцкіх атрадах. І гэта яшчэ адзін паказчык таго, што для нашага руху няма меж. У сваіх радах мы гатовы бачыць кожнага, таму што студэнцкі атрад — гэта не проста падпрацоўка. Гэта пра сяброўства, каманду і вялікую сям’ю.


Асабістыя ўражанні

Студэнтка БДУЗМ Дар’я ЯРАШ у складзе педагагічнага атрада працавала выхавацелем у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня»:

— Самае галоўнае, што я набыла, — сяброўства і новыя знаёмствы. Я сустрэла аднадумцаў, якім, як і мне, вельмі падабаецца педагагічная праца. А яшчэ гэта вельмі каштоўны вопыт работы з дзецьмі.

Студэнтка БДАТУ Ксенія ДАРАФЕЙ ужо другі год удзельнічае ў студатрадаўскім руху:

— Не люблю сядзець на адным месцы, мне абавязкова трэба рабіць нешта карыснае і развівацца. Летась я працавала ў гаспадарцы роднага горада Жыткавічы. Такі вопыт дапамог мне на свае вочы ўбачыць, як ідзе работа ў сельскай гаспадарцы, і зразумець, што ўсё гэта можа быць вельмі цікавым і займальным.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю