У цэнтральным атрыуме ГЦ «Сталіца» адбыўся гарадскі фестываль блізнят і двайнят «Шчасце ўдвая». Гэты дзень абраны невыпадкова: менавіта 15 мая ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 157 ад 26 сакавіка 1998 года «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» адзначаецца Дзень сям’і. Традыцыйна ў маі праходзяць гарадскія мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты. Іх мэта — прыцягнуць увагу грамадства да сям’і як найважнейшага сацыяльнага інстытута, выхоўваць дзяцей і моладзь у сістэме традыцыйных каштоўнасцяў, арыентаваных на стабільнасць шлюбных адносін і нараджэнне дзяцей.
Як праходзіў фестываль
У фестывалі «Шчасце ўдвая» прынялі ўдзел 7 шматдзетных сем’яў (32 дзіцяці), якія з’яўляюцца членамі Мінскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў». Ва ўсіх гэтых сем’ях растуць блізняты або двайняты.
Для гасцей і ўдзельнікаў свята выступілі артысты эстрады, дзіцячыя творчыя калектывы тэатральна-мастацкай і музычнай накіраванасці. Былі аніматары і роставыя лялькі. У рамках фестывалю арганізавана тэматычная выстаўка творчых работ «Сям’я вачыма дзяцей», а таксама працавала інтэрактыўная пляцоўка «Дзеці. Развіццё і адпачынак».
Погляд арганізатараў
Як адзначыла старшыня грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» Таццяна Краўчанка, свята вырашылі правесці менавіта ў фармаце фестывалю блізнят.
«Я хачу ўсіх павіншаваць з такім выдатным святам. У гэтым годзе мы вырашылі правесці яго вось такім чынам. Мы праводзім шмат розных мерапрыемстваў, і ў асноўным на Дзень сям’і. У гэты дзень вырашылі правесці фестываль блізнят. Гэта не конкурс. Кожная сям’я, кожнае дзіця, якое прымае ўдзел, атрымае падарунак. Сёння тут удзельнічае сем шматдзетных сем’яў, дзе сярод многіх дзяцей выхоўваюцца яшчэ блізняты і двайняты. Мы хацелі паказаць шматдзетную сям’ю. Паглядзіце, як прыгожа яны выходзяць. І паказаць, што шматдзетная сям’я, калі нараджаюцца яшчэ двайняты — гэта складанасць і адказнасць, але і радасць. На свяце прысутнічае сям’я з дзвюма парамі двайнят — 2000 і 2022 гадоў нараджэння. Яны праграму сваю рыхтавалі, відэа пра сваё жыццё — як яны падымаюцца, як займаюцца, як кантактуюць. Кожная сям’я пакажа на экране свае відэаролікі, будзе прадстаўлена іх творчасць — песні, вершы. Таксама мы падрыхтавалі выстаўку дзіцячых малюнкаў „Мая сям’я“. Што да льгот — калі нараджаецца тройня, дзяржава і сацыяльная абарона прадастаўляюць няньку ці памочніцу, якая дапамагае на першых парах хоць бы год выхоўваць і займацца гэтымі малянятамі».
Падтрымка дзяржавы і горада
Сталіца паслядоўна стварае спрыяльныя ўмовы для забеспячэння годнай жыццядзейнасці сем’яў з дзецьмі. Гэта рэалізуецца праз сістэму выплаты розных відаў дапамог, матэрыяльнай падтрымкі, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. На заканадаўчым узроўні прадугледжаны працоўныя, пенсіённыя, падатковыя, жыллёвыя і іншыя льготы і сацыяльныя гарантыі.
Як адзначыў старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран, нараджэнне блізнят і двайнят — гэта вялікая двайная радасць.
«Гэта такая вялікая радасць. Што да льгот для шматдзетных сем’яў, у тым ліку для тых, у каго блізняты і двайняты, — гэта агульныя для ўсіх льготы, і тыя, што прадастаўляюцца непасрэдна горадам. Гэта асобныя выплаты, прадастаўленне сацыяльнага работніка на першыя гады жыцця. Але самае галоўнае — гэта адносіны прадстаўнікоў улады і сацыяльных службаў да таго, каб нашы сем’і зразумелі: не толькі ў Дзень сям’і, але і на працягу года мы вельмі ўважліва ставімся да таго, каб сем’і станавіліся большымі. Гэта вельмі важна. На жаль, у краіне сем’яў з адным дзіцем пераважная колькасць — больш за 55%. Таму хацелася б, каб сям’я пашыралася. Самая галоўная каштоўнасць чалавека — гэта яго сям’я, гэта блізкія. І такая сям’я не можа быць без дзяцей. Дзеці — тое, што аб’ядноўвае бацькоў і натхняе на новыя здзяйсненні, новыя задачы і мэты, каб дзеці жылі лепш, былі здаровымі, у бяспецы, ні ў чым не мелі патрэбы», — сказаў Арцём Цуран.
Па словах старшыні, колькасць шматдзетных сем’яў у горадзе расце. На сённяшні дзень у сталіцы пражывае 16,2 тысячы шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 52 тысячы непаўналетніх. Пераважная большасць маюць траіх — гэта 13,8 тысячы сем’яў, чацвярых — 1,9 тысячы, пяцярых дзяцей і больш — 0,5 тысячы сем’яў.
Арцём Мікалаевіч адзначыў, што, безумоўна, выконваюцца ўсе нарматыўныя палажэнні па паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэта вельмі важна для шматдзетных сем’яў. Таксама па прадастаўленні сямейнага капіталу: ужо было некалькі змяненняў, каб пашырыць магчымасці яго накіравання на шэраг патрэб, у тым ліку медыцыну і адукацыю.
Гісторыі сем’яў
Сваімі гісторыямі падзяліліся мамы, якія выхоўваюць блізнят і двайнят.
Алена Дудаль, маці шасцярых дзяцей:
«У мяне шасцёра дзяцей: чатыры сыночкі і дзве дачкі. Я была ўганаравана ў сакавіку 2023 года асабіста Прэзідэнтам нашай рэспублікі. Цяпер я не працую, таму што мэты перамяніліся ў бок сям’і. У нас двайняты, каралеўская двойня — хлопчык і дзяўчынка, Ціхан і Ева. Ім пяць гадоў. Мы прыйшлі паўдзельнічаць у фестывалі „Шчасце ўдвая“. Мае малыя ходзяць у адну групу ў дзіцячы садок, наведваюць тэатральны гурток. Між сабой яны вельмі розныя, але сябруюць, любяць адно аднаго. Калі адно хворае, другое перажывае і чакае, калі той прыйдзе з садка. Старэйшыя дзеці — 23 гады сыну і 20 гадоў дачцэ — ужо працуюць. Сёння яны ў камандзіроўцы, таму я тут за ўсю сям’ю».
Таццяна Гуртавенка-Яршова, маці шасцярых дзяцей:
«Я пасля 42 гадоў нарадзіла. Гэта маё шчасце. Галоўная сямейная традыцыя — дні нараджэння. Хачу лавіць моманты, калі мы ўсе разам. У нас шасцёра дзяцей. Дзве двойні — Арыядна і Марыяна, ім сем гадоў. Гэта было цудам: пасля сарака, цяжкі таксікоз. Яны розныя па тэмпераменце, але блізкія: калі адной няма, другая перажывае. Сям’я веруючая. Пасля маёй цяжкай хваробы мы сталі хадзіць у храм. Выхаванне — сумесная праца: мама з дзецьмі, тата забяспечвае сям’ю».
Таццяна Скуратовіч, маці чатырох дачок, дзвюх пар блізнят:
«У мяне дзве пары блізнят і ўсе дзяўчынкі. Старэйшыя — Насця і Соф’я, ім 6 гадоў будзе 1 чэрвеня. Малодшыя — Вера і Эмілія, ім будзе 4 гады 5 чэрвеня. Першая двойня з’явілася ў 2020 годзе, дзяўчаткі не спяшаліся з’яўляцца, таму прыйшлося пастарацца, дзякуй урачам. А другая двойня нарадзілася ўжо самастойна, такі сюрпрыз. Усе роды натуральныя. Дзяўчынкі ходзяць на гімнастыку, у тэатральны гурток у садку. Сёння мы прымаем удзел у фестывалі. Атмасфера вельмі цёплая, шмат увагі да нас. Адценне адзення спецыяльна падбіралі да свята. Дзеці — гэта наша шчасце, наш гонар. Характарам блізняткі ўсе розныя. Старэйшых блізнят у садку не блытаюць, а вось малодшых, магчыма, блытаюць. Так, гэта цяжка, але вельмі прыемна. Што да дзяржаўнай дапамогі — да трох гадоў да нас прыходзіла нянька. Муж сёння не змог прыехаць, бо не так даўно зламаў палец, яму прызначылі камісію. Мы яго чакаем і спадзяёмся, што ён паспее».
Свята «Шчасце ўдвая» стала яшчэ адным сведчаннем таго, што сям’я ў Беларусі з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю, а шматдзетныя сем’і і тыя, у каго растуць блізняты, карыстаюцца пастаяннай увагай і падтрымкай дзяржавы.
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ