Мерапрыемства прымеркавана да Дня інваліда.
У ім прынялі ўдзел больш за 100 дзяцей з дамоў-інтэрнатаў, тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», Мінскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў», Мінскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства глухіх».

Тое, што для людзей з інваліднасцю ствараюцца ў сталіцы добрыя ўмовы, падчас мерапрыемства адзначыла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольга Васілеўская. Яна расказала і аб асноўных задачах камітэта: зрабіць так, каб горад быў даступны і зручны для людзей з інваліднасцю. «Для гэтага робіцца вельмі шмат змен, пачынаючы з даступнага асяроддзя. Змяняецца Мінск, становіцца ўсё больш сацыяльнай інфраструктуры для людзей не толькі з парушэннямі апорна-рухальнага апарату, але і з парушэннямі зроку. У планах 2025-га года ўключана больш за 60 адрасоў жыхарства інвалідаў-калясачнікаў, дзе будуць устаноўлены пандусы», — дадала Вольга Васілеўская.

Летась адкрыўся цэнтр «Расток» пасля маштабнай рэканструкцыі. Ён спалучае ў сабе комплексную сацыяльную рэабілітацыю людзей з інваліднасцю. «Гэта магчымасць правядзення аздараўленчых працэдур і рэабілітацыйных мерапрыемстваў. Цэнтр вырашае самае галоўнае пытанне людзей з інваліднасцю — сацыяльную адаптацыю», — патлумачыла Вольга Васілеўская.

Што датычыцца працаўладкавання людзей з інваліднасцю, у выпадку неабходнасці ёсць магчымасць перавучыцца на новую спецыяльнасць. «Кірункаў у службе занятасці даволі шмат. Мы працуем з наймальнікамі над пытаннем браніравання і кватавання працоўных месцаў для людзей з інваліднасцю. Спектр нашых наймальнікаў шырокі ва ўсіх сферах эканомікі», — падкрэсліла яна.

У Мінскім гарадскім палацы культуры сёння было прадстаўлена 19 творчых нумароў. У тым ліку тэатралізаваныя, харэаграфічныя, вакальныя пастаноўкі. Удзельнікі фестывалю сваім яркім прыкладам даказалі, што ніякія выпрабаванні і цяжкасці не могуць спыніць імкненне да творчасці!
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Ксеніі ЛІННІК