У аўторак, 13 студзеня, у Мінску прайшоў інфастрым, на якім абмеркавалі ключавыя аспекты Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, а таксама пазначаныя прыярытэты на наступную пяцігодку.
Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Камендант адзначыў актуальнасць тэмы, паколькі менавіта на тых арыентырах, якія назваў Прэзідэнт, будзе выбудаваная ўся дзяржаўная праграма на бліжэйшыя пяць гадоў.
Першым прыярытэтам пяцігодкі, нагадаў намеснік старшыні, з’яўляецца дэмаграфія.
Яшчэ адзін — развіццё чалавечага патэнцыялу, гэта значыць адукацыя і выхаванне. Сёння, дарэчы, беларускія ВНУ паказваюць добрыя вынікі на міжнароднай арэне, займаючы лідзіруючыя пазіцыі. Гаворачы аб планах на будучыню, Аляксандр Камендант падкрэсліў важнасць патрыятычнага выхавання. Яно, па яго словах, пачынаецца не са школы, а з сям’і.
Тэмай для абмеркавання стала таксама ўмацаванне абараназдольнасці. «Калі мы гаворым пра абараназдольнасць, мы разумеем, што бяспека — гэта наш клопат, і мы павінны пра гэта думаць у першую чаргу. Ніхто за нас не падумае. Мы здольныя і можам гарантаваць бяспеку сваёй краіны», — сказаў ён. Гаворачы аб гэтай тэме з пункту гледжання эканомікі, намеснік старшыні падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць прадпрыемствы, здольныя вырабляць пэўныя сродкі абароны, напрыклад, беспілотнікі.
Увогуле ўсе кірункі развіцця нашай краіны аб’яднаныя эканомікай, нагадаў першы намеснік старшыні.
Што датычыцца сацыяльнай сферы, большая частка дзяржаўнага бюджэту ідзе на яе фінансаванне.
«Беларусы прывыклі да камфорту, і я ў тым ліку. Мы часам не ўсведамляем, што стаіць за нашым паходам да ўрача або выклікам хуткай дапамогі», — дадаў Аляксандр Камендант.
Таксама абмяркоўваліся пытанні тэхналагічнага развіцця, турыстычнага патэнцыялу, стварэння якаснага асяроддзя для жыцця і ўмацавання рэгіёнаў.
Адным са спікераў інфастрыму стала старшы афіцэр аддзела ідэалагічнай работы Інстытута пагранічнай службы Беларусі, дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу Вераніка Макаед. Яна падкрэсліла, што ўдзельнічае ў мерапрыемстве як прадстаўнік беларускай моладзі і прадстаўнік органаў пагранічнай службы. «Як прадстаўнікі ад беларускай моладзі мы ўсе зразумелі, што сёння ёй давяраюць самае важнае ў нашай краіне, усе палітычныя падзеі не праходзяць без удзелу моладзі. Моладзь актыўна ўдзельнічала ва Усебеларускім народным сходзе ў якасці дэлегатаў, і гэта пацвярджае, што маладзёжная палітыка ў нашай краіне знаходзіцца на высокім узроўні», — адзначыла дзяўчына.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота БелТА