На плошчы Свабоды ў сталіцы ў апошні дзень вясны прайшоў маштабны фестываль «Чай для гармоніі міру». Унікальнае мерапрыемства ўжо стала традыцыйным. Фэст прымеркаваны да сусветнага дня чаю.
Паднябесная тут па праву лічыцца глабальным «заканадаўцам мод». Нездарма ў лістападзе 2022 года кітайскія традыцыйныя тэхналогіі прыгатавання чаю і звязаныя з імі звычаі былі ўключаны ў рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. «Чай ператварыўся ў знак кітайска-беларускага сяброўства і мост для ўзаемнага культурнага ўзбагачэння народаў дзвюх краін», — адзначыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чжан Вэньчуань падчас афіцыйнага адкрыцця фестывалю «Чай для гармоніі міру». Мерапрыемств арганізавана Міністэрствам культуры і турызму Кітайскай Народнай Рэспублікі, пасольствам КНР у Рэспубліцы Беларусь і Мінгарвыканкамам.
«Чай для гармоніі міру» стаў брэндам гуманітарнага абмену паміж Кітаем і Беларуссю, — адзначыў Чжан Вэньчуань. — Штогод перад пачаткам лета мы збіраемся тут, каб разам атрымаць асалоду ад смаку чаю, даведацца культурныя традыцыі і народныя звычаі Кітая.

Сёлета да нас завіталі сябры з Цяньцзіня. У Верхнім горадзе з аншлагам прайшоў гала-канцэрт з удзелам мастацкага калектыву з Цяньцзіня, які неаднаразова станавіўся лаўрэатам прэстыжных конкурсаў, уключаючы прэмію «Лотас», Усекітайскі фестываль танца і міжнародныя фестывалі ў Кітаі і за мяжой. У мінчан і гасцей сталіцы з’явілася магчымасць ацаніць язмінавы чай, гісторыя якога налічвае больш за 200 гадоў. Прапанавалі і традыцыйныя кітайскія пачастункі — пяльмені, шашлычкі, смажаны рыс па-янчжоўску, бабл-ці, рысавыя піражкі цзунцзы. Можна было пазнаёміцца з унікальнымі ўзорамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны — каляровымі глінянымі статуэткамі «ніжэньчжан» і ажурнай вышыўкай.
— Чай — гэта ўніверсальная мова дыялогу цывілізацый. Ён з’яўляецца не толькі сімвалам кітайскай культуры, але і «зялёным пасланцам», які злучае кітайскую цывілізацыю са светам, — заўважыў Чжан Вэньчуань. — Пачынаючы з эпох дынастый Хань і Тан, чай і чайная культура, якія зарадзіліся ў Кітаі, распаўсюдзіліся па ўсім свеце праз Вялікі шаўковы шлях, Старажытны чайны конны шлях і Вялікі чайны шлях, пераадольваючы горы і акіяны, стаўшы важным мастом для дыялогу паміж рознымі цывілізацыямі. У гэтым працэсе нязменнай тэмай заставаўся мір. Народы свету праз смак кітайскага чаю спазнаюць філасофію гармоніі як вышэйшай каштоўнасці і знаходжання ў згодзе, нягледзячы на адрозненні, а праз мастацтва чайнай цырымоніі — усходнюю мудрасць мірнага суіснавання і ўзаемадапамогі.
Як заўважыў дыпламат, чай — гэта філасофія жыццёвага ўкладу кітайскага народа: «Чай увасабляе мудрасць жыцця, заснаваную на гарманічным суіснаванні і адаптацыі да мясцовых умоў. Жыхары розных рэгіёнаў, адаптуючыся да розных прыродных рытмаў, распрацавалі разнастайныя тэхналогіі, стварыўшы больш за 2000 відаў чаю, яны ўтвараюць разам бліскучую і шматгранную чайную культуру. Чай адлюстроўвае культурную сутнасць сціпласці і пачцівасці, павагі да старэйшых і традыцыі гасціннасці. Чай таксама ўвасабляе імкненне да каштоўнасцяў самаўдасканалення і прымірэння».
Чайная гісторыя ў Беларусі пачынаецца яшчэ ў XVII стагоддзі, калі па Вялікім чайным шляху да нас прыбылі першыя караваны з каштоўным чайным лісцем. «Я заўважыў, што беларусы не толькі любяць піць чай, але і глыбока цікавяцца яго культурай, прывыклі запрашаць гасцей на чай, — падкрэсліў Чжан Вэньчуань. — Мы ўсепагодныя і ўсебаковыя стратэгічныя партнёры. Кітай гатовы разам з Беларуссю захоўваць і развіваць чайную культуру, пісаць новыя старонкі сучаснай гісторыі „сяброўства праз чай“, умацоўваць гуманітарныя сувязі і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва праз чайную культуру і абмены, чэрпаючы ў ёй духоўныя сілы для пабудовы Супольнасці адзінага лёсу чалавецтва».
Беларусь і Кітай выбудоўваюць усебаковае супрацоўніцтва на аснове ўзаемнай павагі. Аб гэтым заявіла першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч. «У нас вельмі шчыльнае і доўгае сяброўства, — адзначыла яна. — Нас аб’ядноўвае ўсё — і эканоміка, і сяброўства, і ўзаемапавага. І, вядома ж, мы ідзем поруч ужо многія гады, вырашаем сумесныя пытанні».

Маштабны фестываль, які ўпрыгожыў сабой у сталіцы апошні вясновы дзень, — яскравае таму пацверджанне.
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА