Праект «Школа канстытуцыяналізму» накіраваны на фарміраванне прававой культуры і паважлівых адносін да Асноўнага Закона.
Праект «Школа канстытуцыяналізму» накіраваны на фарміраванне прававой культуры і паважлівых адносін да Асноўнага Закона.
У сераду, 3 мая, на базе Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося адкрыццё праекта «Школа канстытуцыяналізму». Арганізатары — Канстытуцыйны Суд сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам юрыстаў — запэўніваюць, што падчас заняткаў акцэнт будзе зроблены не толькі на тэарэтычныя веды, але і на разбор практычных сітуацый прававога характару, з якімі моладзь будзе знаёміць шырокі спектр лектараў. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт Сяргей СІВЕЦ адзначыў, што праект накіраваны на павышэнне ўзроўню прававых ведаў, фарміраванне грамадзянскай пазіцыі, паглыбленае вывучэнне асноў канстытуцыйнага строю, асноватворных інстытутаў прававой дзяржавы.
— Асноўная мэтавая аўдыторыя — моладзь, — падкрэсліў Сяргей Сівец. — Гэта навучэнцы каледжаў, ліцэяў, гімназій, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, прадстаўнікі Маладзёжных саветаў, якія сфарміраваны пры Палатах Парламента, Цэнтральнай выбарчай камісіі, мясцовых прадстаўнічых органах улады.
Адной з мэтаў праекта старшыня Канстытуцыйнага Суда назваў змястоўнае напаўненне і рэалізацыю канстытуцыйнай нормы аб інтэлектуальным развіцці моладзі, выкарыстанні яе патэнцыялу ў інтарэсах грамадства і дзяржавы.
— З другога боку, як ужо неаднаразова гаварыў кіраўнік дзяржавы, ідзе змена пакаленняў, — заўважыў Сяргей Сівец. — І ў самы бліжэйшы час многім з іх трэба будзе непасрэдна ўдзельнічаць у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, несці адказнасць за бяспечнае развіццё нашай краіны. І, вядома, гэта паглыбленне ў асновы канстытуцыяналізму, вывучэнне асноватворных інстытутаў канстытуцыйнага права надасць пэўны ўзровень адказнасці за развіццё нашай краіны. Канстытуцыя — гэта не проста галоўны юрыдычны дакумент. У сваім канцэнтраваным выглядзе гэта калектыўна-нацыянальны код, які ахоплівае ў сваім змесце і гістарычную праўду, гістарычную памяць народа, нашы духоўна-маральныя каштоўнасці, культурныя арыенціры і многія-многія іншыя каштоўнасці.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда выказаў упэўненасць, што пачатак праекта паслужыць таму, што ў далейшым хлопцы і дзяўчаты самі будуць задаваць пэўны парадак дня майстар-класаў, заняткаў з найбольш вядомымі юрыстамі нашай краіны. Гэта датычыцца не толькі суддзяў Канстытуцыйнага Суда, але і вядучых юрыстаў-практыкаў, пракурораў, адвакатаў, выкладчыкаў, навукоўцаў.
Ідэя стварэння праекта ўзнікла зыходзячы з патрэбы такой школы ў моладзі, расказаў старшыня Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў, начальнік Сакратарыята Усебеларускага народнага сходу, заслужаны юрыст Валерый МІЦКЕВІЧ.
— І Канстытуцыйны Суд, і Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў, безумоўна, адгукнуліся на такую ініцыятыву, таму што калі ёсць жаданне, заўсёды трэба ісці насустрач, — падкрэсліў Валерый Міцкевіч. — Ад таго, як моладзь фарміруе свае погляды на законнасць, правапарадак, наколькі ведае Канстытуцыю, залежыць наша будучыня. Дзяржава — гэта не абстракцыя, гэта людзі, сістэма дзяржаўнага кіравання, якую яны фарміруюць.
Суддзя Канстытуцыйнага Суда, заслужаны юрыст Святлана ЛЮБЕЦКАЯ паведаміла, што «Школа канстытуцыяналізму» нацэленая на тое, каб развіваць канстытуцыйную правасвядомасць.
— Работа будзе сістэмнай, паэтапнай, — дадала суддзя Канстытуцыйнага Суда. — Перыядычныя сустрэчы ў межах «Школы канстытуцыяналізму» прадугледжваюць удзел у ёй як школьнікаў, так і студэнтаў — тых, хто ўжо ўступае на прафесійны шлях. Праект накіраваны на тое, каб умацаваць наш канстытуцыйны строй, і зрабіць усё, каб краіна квітнела, як пра гэта сведчыць прэамбула Канстытуцыі.
Старшыня Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Аліна РЭЦЬКОВА падзялілася меркаваннем, што менавіта ад маладых людзей залежыць, як будзе развівацца Беларусь у будучыні.
— І таму вельмі важна, каб моладзь разумела, што яна не толькі аб’ект, але і актыўны яе суб’ект, — падкрэсліла дзяўчына. — На нас, членах Маладзёжнага савета, іншых маладзёжных грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў ляжыць адказнасць у прасоўванні тых канстытуцыйных норм, якія замацаваны ў Канстытуцыі нашай краіны, тлумачэнні значнасці Асноўнага Закона нашай краіны як дзецям, моладзі, так і ў прынцыпе кожнаму грамадзяніну.
Яна ВАЛАСАЧ