Top.Mail.Ru

У сталіцы выбралі Сям’ю года

Шчасце, памножанае на колькасць


Галоўны прыярытэт

«Конкурс „Сям’я года“ стаў яскравай і маштабнай падзеяй, якая адлюстроўвае галоўныя каштоўнасці беларускага народа. Гэта сям’я, любоў да дзяцей, павага да бацькоў і старэйшага пакалення, захаванне традыцый і памяці нашых продкаў», — гаворыцца ў прывітальным адрасе, які накіраваў удзельнікам і гасцей мерапрыемства Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. Намеснік Прэм’ер-міністра Наталля ПЯТКЕВІЧ, якая зачытала прывітанне са сцэны, ад сябе дадала: «Няма той моднай музыкі, якую можна параўнаць з дзіцячым смехам, няма той кампаніі ці мерапрыемства, якія б замянілі сустрэчу з бацькамі». Яна звярнула ўвагу ўдзельнікаў на тое, што сваім вопытам яны могуць паказаць, як правільна расстаўляць прыярытэты ў жыцці. Сёлета асаблівасць спаборніцтва была ў тым, што ўдзельнікі конкурсу не толькі дзяліліся сакрэтамі сямейнага шчасця і раскрываліся творча, яны рыхтавалі сацыяльныя праекты, прысвечаныя Году беларускай жанчыны.




Арганізатары конкурсу — Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Міністэрства інфармацыі, Беларускі саюз жанчын і Другі нацыянальны тэлеканал. Як заўважыў міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ, які выступіў у ролі старшыні журы, мэта конкурсу — паказаць, што шматдзетныя сем’і могуць быць шчаслівымі: «Яны з’яўляюцца прыкладам для маладога пакалення, што сёння нараджэнне дзяцей — гэта не цяжар, а шчасце. Шчаслівыя сем’і — гэта фундамент для пабудовы моцнай Беларусі, якая будзе развівацца і ісці наперад». Таму падтрымка сем’яў з дзецьмі з’яўляецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі і ўключае маштабны комплекс мер: ад выплат дапамог да льгот у галіне жыллёвага, працоўнага, падаткавага заканадаўства.

Кожная сям’я шчаслівая па-свойму

Сапраўды, конкурс дазволіў праз канкрэтныя гісторыі паказаць, якім сёння можа быць жыццё вялікай сям’і. Бацькі і дзеці актыўна займаюцца спортам, падаюць прыклады «зялёнага» жыцця. Сем’і шмат падарожнічаюць і нават ствараюць праекты, каб іншых захапіць вандроўкамі па малавядомых кутках Беларусі.

Асаблівую ўвагу бацькі ўдзяляюць здароваму харчаванню. Сям’я Бельскіх з Мінска ўжо 13 гадоў рэалізуе сацыяльны праект, дзе дзеліцца ведамі па нутрыцыялогіі. Спачатку гэта быў невялікі блог, прысвечаны здароваму харчаванню, цяпер гэта інтэрактыўныя праграмы для розных узроставых груп, сям’я распрацоўвае гульні, рыхтуе каляровыя сцікеры, праводзіць акцыі, чэленджы.


Сям’я Баранавых з Магілёва прадставіла на конкурс сацыяльны дабрачынны праект дапамогі мамам з неданошанымі дзеткамі. Сужэнцы самі прайшлі праз такую праблему: малодшы сын Міша нарадзіўся значна раней маленькай вагой і рызыкай развіцця шэрагу генетычных захворванняў. Сёння гэта жыццярадасны і энергічны хлопчык. Баранавы разумелі, што ведаюць, як падтрымаць жанчын, якія патрапілі ў падобную сітуацыю. Сужэнцы рэгулярна прыходзяць у тое аддзяленне, дзе некалі ляжаў Міша, прыносяць у бальніцу падарункі шкарпэткі для немаўлят, якія разам з імі вяжуць валанцёры.

Пераможцы гэтага года — сям’я Свірыдзюк (яны прадстаўлялі Брэсцкую вобласць), прызналіся, што іх дэвіз — «Трымацца разам, трымацца блізка». За гэтымі словамі сакрэт сямейнага шчасця, якое будуецца на агульных справах, павазе да продкаў. Прымаючы віншаванні, сям’я падзялілася галоўным планам на бліжэйшы час — удзел у конкурсе крыху парушыў іх планы, а ім трэба яшчэ дакапаць бульбу, бо ў сям’і вялікі надзел — з гектар. Натуральна сваім траім дзеткам з малых год бацькі прывіваюць любоў да зямлі. А яшчэ ў сям’і ёсць традыцыя — пячы свой хлеб. Рэцэпты перадаюцца ад продкаў, якія некалі мелі ўласную пякарню. Дзятва далучаецца да сямейнага рамяства, малыя вельмі любяць разам з дарослымі замешваць цеста. Сваімі ўменнямі сям’я вырашала дзяліцца з іншымі. Так нарадзіўся сацыяльны праект «Хлеб у далонях пакаленняў». Сужэнцы разам з дзецьмі ўдзельнічаюць у гарадскіх святах, праводзяць майстар-класы, як замешваць цеста, упрыгожваць пірагі, прадаюць уласны хлеб. Грошы, атрыманыя падчас такіх акцый, накіроўваюць на набыццё тэхнічных сродкаў рэабілітацыі для састарэлых людзей.


Сям’я Пержаніца — самая вялікая, якая дайшла да фіналу і прадстаўляла Гомельшчыну, прыехала з Лельчыц. У ёй выхоўваецца шасцёра дзетак. Тут абавязкі не дзеляцца на мужчынскія і жаночыя, не толькі бацька, але і сыны (а іх тут пяцёра) могуць і прыбраць, і посуд памыць, і ежу прыгатаваць (часам дзеці нават самі робяць рамантычныя вячэры для бацькоў. «У вялікай сям’і шчасце не дзеліцца паміж усімі, яно памнажаецца на колькасць членаў. Чым больш дзетак, тым больш у сэрцы любові», — расказвае шматдзетная маці Наталля. Кожнае сямейнае свята тут ператвараецца ў казку ці спектакль: бацькі разам з дзецьмі распрацоўваюць сцэнарый, рыхтуюць рэквізіты, маці шые касцюмы для сямейных пастановак. Радасцю ад жывых зносін сям’я вырашыла дзяліцца. Яна прапануе адрадзіць традыцыю беларускіх вячорак з рукадзеллем. Так нарадзіўся сацыяльны праект з творчымі майстар-класамі для прадстаўнікоў розных узростаў. Далучыцца да конкурсу сям’я вырашыла, каб паказаць іншым, як цікава жывуць шматдзетныя, як годна выхоўваюць дзяцей. «Адзін са старых стэрэатыпаў, які на шчасце, ужо адыходзіць, пра тое, што шматдзетныя сем’і — бедныя, праблемныя. Гэта ад пачатку няпраўда, асабліва для нашай краіны, — заўважае Наталля. — У наш час у краіне робіцца ўсё магчымае, каб любая сям’я мела выдатны старт для пабудовы будучыні: ад жыллёвых пытанняў, ільготнага крэдытавання да падтрымкі пры збіранні малых у школу. У нашых дзяцей багата магчымасцяў, яны могуць наведваць разнастайныя гурткі і секцыі, займацца ў Тэхнапарку, бясплатна атрымліваць перспектыўныя прафесіі. Сёння няма дэфіцыту дзіцячых тавараў, харчавання, яны даступныя па коштах, высокай якасці. Выхоўваць дзяцей у нашай краіне — суцэльнае задавальненне».


У сям’і Сабалеўскіх з Мінскай вобласці багаты вопыт удзелу ў канцэртах, тэатральных пастаноўках, мерапрыемствах на розных сцэнічных пляцоўках краіны. Але, як прызнаўся галава эстраднай сям’і падрыхтоўка да конкурсу нават у іх не абышлася без бяссонных начэй, разам з жонкай і чатырма дзеткамі яны прапрацоўвалі сцэнарыі, конкурсныя нумары. Сяргей Сабалеўскі падзякаваў арганізатарам за тое, што яны зрабілі «не дзяжурны конкурс», а сапраўднае свята, якое згуртоўвае сем’і: мы ўбачылі вельмі важнае, у нас вялікая колькасць пунктаў судакранання з іншымі. Правільна гавораць, што шчаслівыя сем’і — шчаслівыя аднолькава. У нас падобныя захапленні, звычкі, падыходы да выхавання дзяцей". А галоўнае, на думку Сабалеўскіх, такое мерапрыемства дае магчымасць іншым людзям убачыць, якія сем’і могуць быць энергічныя, прыгожыя і паспяховыя. "Калі ёсць любоў, павага адзін да аднаго, жаданне ісці разам у адным кірунку, у такой сям’і ўсё атрымаецца. А дзяржава нам падстаўляе плячо: тут і праграмы догляду за дзецьмі, пабудовы жылля, магутная фінансавая падтрымка. Гэта дазваляе не зацыклівацца на пытаннях побыту, каб бацька не займаўся толькі заробкам грошай для сям’і, а маці патанала ў побыце. Мы атрымліваем шмат магчымасцяў для развіцця. І сёння ў тым ліку дзякуючы такой падтрымцы, мы можам даказваць, што шматдзетныя сем’і — гэта не пра руціну, а пра шчасце, эмоцыі, поспех.



Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю