Top.Mail.Ru

У сталіцы з малебна ў Свята-Духавым кафедральным саборы пачалася традыцыйная 33-я духоўна-асветніцкая экспедыцыя

Экспедыцыя «Дарога да святыняў» афіцыйна адкрывае мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства, святкаванне якога адбудзецца ў Касцюковічах. Сёлета яна пройдзе па маршруце Мінск — Святое Поле каля вёскі Загор’е Баранавіцкага раёна — Беразіно — Клічаў — Бабруйск — Магілёў — Горкі — Мсціслаў — Касцюковічы. Удзельнікам экспедыцыі трэба будзе пераадолець каля 1,2 тысячы кіламетраў. Падчас экспедыцыі ўдзельнікі праводзяць духоўна-асветніцкія мерапрыемствы, сустракаюцца з вернікамі храмаў і працоўнымі калектывамі, наведваюць мемарыяльныя комплексы і месцы баявой славы, здзяйсняюць візіты ў сацыяльныя ўстановы. Запланавана правядзенне навуковых канферэнцый, урокаў беларускага пісьменства, сустрэчы са школьнікамі, а таксама пасадка традыцыйных малітоўных садоў.


Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін нагадаў, што за той час, як праводзіцца экспедыцыя, пройдзены розныя маршруты, здзейснена багата добрых спраў, зроблена шмат для асветы людзей, знаёмства з гісторыяй, культурай, духоўнай спадчынай нашай краіны. Калі параўнаць тыя часы, як толькі ўсё пачыналася (экспедыцыя «Дарога да святыняў» праводзіцца з 1994 года), шмат змянілася. Тады многія людзі ўпершыню пачулі пра некаторыя нашы святыні, наведвалі гістарычныя мясціны.

Мітрапаліт адзначыў важнасць экспедыцыі: яна нясе святло розуму, аб’ядноўвае людзей, натхнёных сваёй справай: прапаведнікаў, вучоных, пісьменнікаў. Іх праца падчас экспедыцыі — богаўгодная справа дзеля Айчыны, умацавання духоўнасці, маралі і культуры. Уладыка гаварыў і пра тое, што трэба ахоўваць чысціню слова, якое з’яўляецца адлюстраваннем душы чалавека, каб краіна магла вызначацца не толькі прыгажосцю прыроды і таго, што ствараецца ва ўсіх населеных пунктах рукамі чалавека. «Вельмі важна, каб прыгажосць была і ў зносінах, каб слова было прыгожае, добрае, ад сэрца», — падкрэсліў ён.


Намеснік міністра інфармацыі Дзяніс ЕЗЕРСКІ адзначыў: «Кожны год з добрай малітвы і добрага слова Уладыкі мы пачынаем важнае светлае мерапрыемства, якое ўмацоўвае культуру, гістарычную памяць». Ён заўважыў, што ўдзельнікі экспедыцыі праходзяць праз розныя населеныя пункты з блаславеннем, асветай, а таксама нясуць добрую вестку пра Свята пісьменства, якое будзе адзначацца ўсёй краінай.

Намеснік Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Сяргей ГЕРАСІМЕНЯ пажадаў удзельнікам экспедыцыі натхнення і шчырых сустрэч з людзьмі, якіх яны сустрэнуць на сваім шляху. Ён заўважыў, што сёння дзяржава прадстаўляе ўсё магчымае для таго, каб абараняць перш за ўсё духоўнасць нашай зямлі.


Як расказаў кіраўнік навукова-асветніцкай экспедыцыі Аляксандр ЛАПАТА-ЗАГОРСКІ, за ўсе гады ў ёй ўдзельнічала больш як 420 чалавек, а сёлета ў спіс ўвайшлі 30 удзельнікаў, хоць сваю прысутнасць пацвердзілі 26 чалавек. Маршрут заўсёды непасрэдна звязаны са сталіцай Дня беларускага пісьменства. Традыцыйным пунктам наведвання застаецца Святое Поле ў Баранавіцкім раёне, а першы дзень шляху пройдзе пад знакам памяці свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі.
Удзельнікі духоўна-асветніцкага падарожжа вязуць з сабой выстаўку, якая знаёміць з гісторыяй экспедыцыі, дзе прадстаўлены работы фатографа «Звязды», Яўгена Пясецкага, які на працягу трох дзесяцігоддзяў праходзіў «Дарогаю да святыняў» і адлюстроўваў шматлікія сустрэчы і адкрыцці, з чым маглі знаёміцца і чытачы нашай газеты. За такую высакародную справу ён узнагароджаны медалём свяшчэннапакутніка прасвітара Уладзіміра Хіраскі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фотв Яўгена Пясецкага

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю