Старыя рэчы — новае жыццё
Кожны год тысячы тон тэкстылю трапляе на сметнікі. Адзенне, пасцельная бялізна, ручнікі ператвараюцца ў адходы, хоць нават пасля страты першапачатковага таварнага выгляду могуць быць карысныя. Каб змяніць падыход да іх утылізацыі, кампанія REMONDІS запусціла пілотны праект «Тэкстыль». У яго рамках будзе развівацца сістэма асобнага збору такіх вырабаў і іх перапрацоўка.
Генеральны дырэктар кампаніі REMONDІS Эрвін КУРТБЕДЗІНАЎ лічыць, што беларусы ў частцы абыходжання з адходамі вельмі дысцыплінаваныя і сацыяльна адказныя.
— Праект не новы ў свеце, але новы ў нашай краіне. Той узровень, да якога мы імкнёмся, яшчэ ніхто не рэалізаваў, — падзяліўся ён. — Я даведаўся пра разнастайныя дэталі гэтай канцэпцыі, і год таму мы вырашылі, што надышоў час укараніць яе ў Беларусі.
Вопратку і іншыя вырабы, якія захавалі добрыя спажывецкія ўласцівасці, плануюць накіроўваць на дабрачыннасць, каб імі маглі скарыстацца тыя, каму яны патрэбны. Тэкстыль, непрыдатны для далейшага выкарыстання ў якасці адзення, можа ператварыцца ў рыззё — гэта спецыяльны матэрыял з лапікаў тканіны або тэкстыльных адходаў, прызначаны для ўборкі. Рэшткі тканіны плануецца накіроўваць на энергетычную ўтылізацыю і атрыманне RDF-паліва.
— Агітуючы людзей асобна здаваць тэкстыль, мы б хацелі падкрэсліць, што гэта магчымасць для кожнага паўдзельнічаць у вырашэнні глабальных праблем. Адразу сонца свяціць ярчэй не стане, але калі чалавек выканае некалькі простых дзеянняў, то зможа знізіць свой вугляродны след, — сказаў начальнік аддзела экалогіі Вадзім ЗУБРЫЦКІ.
Ён падкрэсліў, што адзенне і тканіны могуць дзесяцігоддзямі распадацца на палігонах цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА). Пры захаванні тэкстыльных адходаў утвараецца метан (парніковы газ, які ўплывае на клімат): ад адной тоны тэкстылю — у сярэднім ад 50 да 150 кг метану. Колькасць залежыць ад складу тканіны.
Асобны збор дазволіць не змешваць тэкстыль з бытавым смеццем і захаваць магчымасць яго далейшага выкарыстання. Тым менш адходаў адправіцца на палігоны і большая эканомія рэсурсаў для вытворчасці новых матэрыялаў.
- Каб матэрыял захаваўся падчас збору і транспарціроўкі, трэба каб рэчы былі чыстымі, сухімі і шчыльна спакаванымі ў пластыкавы пакет. Абутак варта пакаваць асобна.
- У кантэйнеры можна здаваць любы тэкстыль — вопратку, пасцельную бялізну, ручнікі, коўдры, а таксама абутак.
Спецыяльныя кантэйнеры выраблены з ацынкаванага металу, маюць замок і прыёмны люк. Канструкцыя дазваляе зручна здаваць рэчы, захоўваючы іх прыдатнасць для далейшага выкарыстання і перапрацоўкі.
Зараз у Мінску ўстаноўлены чатыры кантэйнеры для тэкстылю. Іх можна знайсці па наступных адрасах:
- вул. Касманаўтаў, 33.
- вул. Лідская, 14.
- вул. Кунцаўшчына, 17.
- вул. Прытыцкага, 156.
Да сярэдзіны снежня плануецца ўсталяваць усе 50 кантэйнераў, прадугледжаных праектам на дадзеным этапе. Іх размяшчаюць у людных месцах — побач з крамамі, пешаходнымі дарожкамі і іншымі такімі лакацыямі. Кантэйнеры ўсталёўваюць асобна ад звычайных смеццевых бакаў, каб у іх не траплялі звычайныя камунальныя адходы.
Ключавыя адрозненні новага праекта, як адзначыла кіраўнік праекта па тэкстылі Наталля ШАРАНГОВІЧ, — гэта маштабнасць і лагістыка. У перспектыве плануецца размяшчэнне спецкантэйнераў не толькі ў сталіцы, але і ў абласных гарадах. Забіраць рэчы будуць асобна выдзеленыя машыны, каб не было змешвання з ЦКА і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі. Таксама ёсць планы па стварэнні ўласнай вытворчасці рыззя і спецсарціроўкі.
У перспектыве з’явіцца інтэрактыўная карта, з дапамогай якой жыхары змогуць знаходзіць бліжэйшыя пункты збору тэкстылю. Чым больш людзей падключыцца да ініцыятывы, тым больш рэчаў атрымаецца накіраваць на дабрачыннасць, паўторнае выкарыстанне і перапрацоўку.
Вераніка ШЫДЛОЎСКАЯ