Запоўнены і карыстаюцца папулярнасцю
Сёння ў Мінску працуе звыш 4,5 тысячы аб’ектаў грамадскага харчавання, і за апошнія паўгода іх колькасць вырасла больш чым на 700. Пераважаюць у горадзе кафэ (іх звыш 1,4 тысячы), і кавярні (685) як самыя прымальныя для бізнесу формы.
Як расказала начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная, сталіца з’яўляецца валаўтваральным горадам як у рознічным гандлі, так і ў сферы грамадскага харчавання, у якой удзельная вага мегаполіса складае 48,5 %.

— Паўгоддзе мы скончылі дастаткова добра, тэмп росту склаў 105,8 % да аналагічнага перыяду мінулага года. Калі ўлічваць усе папярэднія гады з 2021-га, тавараабарот грамадскага харчавання пастаянна павялічваўся, — адзначыла Алена Нагорная.
З пачаткам цёплага сезона, як правіла, у маі, у Мінску арганізуецца работа мабільных аб’ектаў грамадскага харчавання. Гэта летнія тэрасы, якія з’яўляюцца своеасаблівым працягам стацыянарных кафэ ці рэстаранаў. Сёння ў сталіцы іх больш за 800. Самая вялікая колькасць — традыцыйна ў Цэнтральным раёне Мінска, куды адносіцца і гістарычны цэнтр, — амаль 400.
Непасрэдна ў гістарычным цэнтры горада працуе 106 летніх тэрас. Як расказаў Дзяніс Вярыга, намеснік дырэктара па эканоміцы, прававых пытаннях і інвестыцыях УП «Мінская Спадчына», размяшчэнне нестацыянарных аб’ектаў харчавання ў сэрцы сталіцы найбольш выгадна для бізнесу, бо яны ў гэтым месцы запатрабаваны. Сюды пад’язджаюць турыстычныя аўтобусы, цэнтр госці вывучаюць падчас пешых прагулак і экскурсій, таму тэрасы, як правіла, запоўненыя, і гарадскія ўлады нават пры дэфіцыце зямель агульнага карыстання заўсёды ідуць насустрач тым, хто выказвае жаданне адкрыць тут такі аб’ект.
Хлеба і відовішчаў
Карыстаюцца папулярнасцю летнія тэрасы ў парках горада і на пляжах.
У парку Горкага пасля рэканструкцыі распрацавана адзіная канцэпцыя, усе кафэ і тэрасы выкананы ў адзіным фармаце. Яны карыстаюцца попытам, а асноўная прадукцыя, якая тут рэалізуецца, — ахаладжальныя напоі, марожанае і іншы штучны тавар.


Папулярны і фармат пляцовак з фудтракамі і вулічнай ежай. У сталіцы такіх лакацый тры, і ўсе яны маюць свайго наведвальніка і гледача, бо працуюць у фармаце «хлеб і відовішча», частуючы не толькі ежай, але і музычнымі і творчымі мерапрыемствамі. Акрамя вядомай «Пясочніцы» гэта «ЛУЧшая улица», да стварэння якой мае дачыненне Мінскі гадзіннікавы завод, і ў хуткім часе там адкрыюцца новыя лакацыі. Пляцоўка, дарэчы, разлічана не толькі на моладзь, але і на сем’і з дзецьмі. А вось «Лідбір Двор» (які сёлета змяніў месцазнаходжанне, але пераехаў недалёка — на другі бок праспекта Незалежнасці) таксама запрашае не толькі моладзь, але і пажылых людзей, для якіх штотыдзень ладзяцца адмысловыя праекты.
У аддаленых раёнах, як, напрыклад, Заводскі, нестацыянарных аб’ектаў пакуль значна менш — крыху больш за 15. Тут шмат залежыць ад суб’ектаў гаспадарання, ад наяўнасці ў спальным раёне месца для размяшчэння летняй тэрасы. Але колькасць такіх месцаў у аддаленых раёнах таксама расце, найбольшую патрэбу ў іх цяпер адчувае «Мінск-Мір», які актыўна забудоўваецца. Тут ёсць памяшканні, што арандуюцца на першых паверхах жылых дамоў, нямала адкрываецца кафэ і рэстаранаў, але ў летні перыяд у жылым комплексе не хапае ўтульнасці, якую дораць гораду летнія тэрасы.
Абгрунтаваныя скаргі
У гарачую пару павялічваецца і колькасць наглядных мерапрыемстваў за дзейнасцю аб’ектаў грамадскага харчавання. Больш іх становіцца і ў перыяд правядзення масавых мерапрыемстваў.
Як паведаміла ўрач-гігіеніст аддзялення гігіены харчавання аддзела гігіены Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Таццяна Долгая, асноўныя парушэнні — гэта незахаванне чысціні памяшканняў, абсталявання, тары, выкарыстанне неачышчаных і нямытых агародніны і садавіны пры адсутнасці ўмоў для іх апрацоўкі, ужыванне аснашчэння і інвентару з пашкоджаным пакрыццём, а таксама парушэнні тэмпературных умоў захоўвання харчовых прадуктаў.
Сёлета ў Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі паступалі звароты грамадзян, якія датычацца дзейнасці нестацыянарных аб’ектаў грамадскага харчавання ў частцы рэалізацыі прадуктаў негарантаванай якасці, скаргі на шум ад аб’ектаў і на неналежнае ўтрыманне тэрыторыі, якія ў асноўным былі абгрунтаванымі.
Алена КРАВЕЦ