Top.Mail.Ru

У старажытным горадзе над Нёманам у стракаты вянок арганічна ўпляліся шматвекавыя традыцыі дзясяткаў нацыянальных культур

У атмасферы добразычлівасці, павагі і сяброўства


Сёлета праходзіць XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, аднак сам форум адзначае сваё 30-годдзе. Арыфметыка простая — ён ладзіцца раз у два гады. Да таго ж тры святочныя дні ў Гродне — яркі фінал парада нацыянальных культур, які распачаўся яшчэ ў верасні 2025 года ў Мінску. Потым на працягу некалькіх месяцаў праходзілі абласныя адборачныя туры, на якіх рэспубліканскае журы дало «пуцёўкі» на юбілейны форум прадстаўнікам 42 нацыянальнасцяў. У выніку іх атрымалі 800 чалавек, якія і прыехалі ў Гродна са сваімі творчымі нумарамі і праграмамі. Упершыню прадстаўлены традыцыі габанцаў, гагаўзаў, удмуртаў, еменцаў, чэхаў, гвінейцаў, каракаў, мальдзіўцаў і кангалезцаў. На 44 пляцоўках запланавана больш за 100 фестывальных мерапрыемстваў — ад афіцыйных да забаўляльных.


За мір, згоду і талерантнасць

Першы дзень пачаўся з высадкі «Алеі Сяброўства», якая з кожным годам усё больш разрастаецца і пашыраецца. Прадстаўніца Удмуртыі Іраіда НЕСЦЕРАВА адзначыла, што для яе гэта значная падзея:

— Кожны чалавек павінен пасадзіць сваё дрэва. Яно расце, папаўняе нашы лясы і рэсурсы. І я рада, што сёння магу дадаць сваё дрэўца да гэтага свята. Я выбрала елку — вечназялёную расліну, і спадзяюся заставацца такой жа бадзёрай і актыўнай у свае гады. Вельмі рада, што ў мяне ёсць другая радзіма — Беларусь, дзе я выйшла замуж і шчасліва жыву ўжо 40 гадоў. Тут растуць мае дзеці і шасцёра ўнукаў — чатыры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Яны — сэнс майго жыцця. Вакол мяне толькі добрыя людзі.


Таксама адбылася цырымонія ўскладання кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан. Удзел у ёй узялі старшыня аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена ПАСЮТА, старшыня гарвыканкама Андрэй ХМЕЛЬ, міністр культуры Марат МАРКАЎ і прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. У храмах Гродзенскай вобласці прайшоў малебен «За мір, згоду і талерантнасць». Тысячы вернікаў розных канфесій сабраліся разам у адзіным духоўным імкненні, бо абсалютна не важна, у які храм ходзяць людзі. Галоўнае — заўсёды заставацца чалавекам і паважаць іншых.

Пасланне нашчадкам

Адным са знакавых момантаў фестывалю стала закладванне капсулы часу з пасланнем нашчадкам. Гэты сімвалічны жэст нагадвае аб тым, што сяброўства і ўзаемаразуменне народаў — галоўнае багацце. Адкрылі і арт-аб’ект, які стаў новым сімвалам горада, — гэта дэкаратыўная скульптура аленя святога Губерта. Яна стане месцам прыцягнення для людзей, нагадваючы аб тым, што ў нашай краіне не становяцца ворагамі з-за розных вераванняў, нацыянальнасцяў і звычаяў, падкрэсліў Юрый Караеў.

У Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Ф. Карскага адбылася прэзентацыя ўнікальнай кнігі «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў». А на выстаўцы-кірмашы «Гродзенская вобласць — тэрыторыя камфортнага турызму» ў Новым замку раёны Гродзенскай вобласці прадставілі свой найбагацейшы турыстычны патэнцыял. Прапанавалі тут здзейсніць і віртуальнае падарожжа па галоўных славутасцях рэгіёна.


— Вельмі ўражаная маштабам выстаўкі, — гаворыць жыхарка гарадскога пасёлка Мір Анаіт АРЗУМАНЯН, якая ўжо 30 гадоў жыве ў Беларусі і кожны раз адчыняе яе для сябе нанова дзякуючы такім мерапрыемствам. — Ды і ўвогуле фестываль — адно з найлепшых месцаў для падобных адкрыццяў.

Сімфонія моў і страў

Фестываль нацыянальных культур яскрава дэманструе важнасць сяброўства і талерантнасці. Ідзеш па горадзе, бачыш і слухаеш, як зацікаўлена размаўляюць адзін з другім незнаёмыя людзі, як яны спрабуюць нацыянальныя стравы і пытаюцца пра звычаі. Дарэчы, у Беларусі жывуць прадстаўнікі больш як 150 нацыянальнасцяў!


Усё гэта варта ўбачыць на свае вочы, удыхнуць водары нацыянальных кухань, пачуць сімфонію моў на гістарычных вулачках Гродна.

— Я жыву ў Гродне і ўсім сэрцам люблю гэты горад за яго душэўнасць і гасціннасць. На мой погляд, зусім невыпадкова, што фестываль нацыянальных культур зарадзіўся менавіта тут. Лічу, што гэта вельмі важнае свята, асабліва сёння, калі ў свеце неспакойна, разгараюцца ўсё новыя і новыя канфлікты. А наш форум паказвае, што абсалютна ўсё роўна, якой ты нацыянальнасці, галоўнае — жыць у міры і згодзе, — лічыць жыхарка Гродна Наталля КАНАВОД.


Свята свят

Асабліва доўгачаканым стала шэсце нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў «Свята, якое 30 гадоў аб’ядноўвае нацыянальнасці». Сімвалічна, што ў Год беларускай жанчыны сцяг фестывалю неслі прадстаўніцы розных нацыянальнасцяў.

На плошчы Леніна размясцілася асноўная сцэна форуму. Тут адбылося ўрачыстае адкрыццё фінальных мерапрыемстваў пад назвай «Фестываль нацыянальных культур — свята свят!». Пасля сцэна стала месцам правядзення грандыёзнага гала-канцэрта, у якім дзельнічалі выдатныя майстры мастацтваў Беларусі і прадстаўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў.

Другі дзень фестывалю запомніцца нацыянальнымі падворкамі, дзе прадстаўнікам 42 нацыянальнасцяў выпала магчымасць прадэманстраваць свае песні, танцы, абрады і пачаставаць гасцей рознымі стравамі сваёй нацыянальнай кухні.


У трэці дзень фестывалю асноўнае дзеянне перамесціцца на Аўгустоўскі канал, дзе пройдзе абласны фестываль «Скарбы Гродзеншчыны». У рамках гэтага мерапрыемства будуць паказаны гістарычныя рэканструкцыі беларускіх вяселляў, арганізаваныя ўдзельнікамі з усіх раёнаў рэгіёна. Для дзяцей і аматараў спорту прадугледжаны спецыяльныя пляцоўкі. Будуць арганізаваны таксама катанне на параходзе і святочны гандаль.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю