Top.Mail.Ru

У сценах музея Якуба Коласа пройдзе чарговы фестываль дзіцячай кнігі

Традыцыяй стала правядзенне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа фестываля дзіцячай кнігі «Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу!». Сёлета ён пройдзе 28 лютага. Пачатак — а 10-й гадзіне раніцы.


На цэнтральную сядзібу Коласаўскага музея ў Мінску па вуліцы Акадэмічная, 5 запрашаюцца юныя аматары кніжнага чытання, іх бацькі, настаўнікі. Сярод арганізатараў свята кнігі поруч з музейнай установай — Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», кнігарня «Акадэмкніга», выдавецтва «Беларусь», а таксама дзяржаўная ўстанова «Цэнтралізаваная сістэма дзіцячых бібліятэк г. Мінска». 

Пра фестываль расказвае дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс

— Галоўная частка нашага свята — сустрэчы з пісьменнікамі, аўтарамі кніг для дзяцей. Пра сваіх герояў раскажуць Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Алена Басікірская, Кацярына Залеская, Жанна Міус, Алесь Карлюкевіч. І калі гэтых аўтараў добра ведаюць юныя чытачы, то ўпершыню на фестывалі з прыгодамі Гаварда і Кундоса знаёміць аўтар цікавай аповесці-фэнтэзі Наталі Андрасюк з Брэста. Яе кніга пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь» і ўжо патрапіла на паліцы кніжных крам краіны. Мы рады, што адбудзецца такое знаёмства з добрымі і цікавымі прыгодамі новага аўтара. На фестывалі будуць працаваць інтэрактыўная пляцоўка ад Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска, тэматычныя майстар-класы. Мы пакажам мультфільмы, удзельнікаў чакаюць розныя сюрпрызы ад музея Якуба Коласа. «Акадэмкнігай» будзе арганізаваны кніжны гандаль. 

— У Саюзе пісьменнікаў Беларусі існуе цэлая сістэма прапаганды дзіцячай кнігі, — дадае старшыня грамадскай арганізацыі, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Алесь Карлюкевіч. — Працуе секцыя дзіцячай літаратуры, якую ўзначальвае першы намеснік старшыні Саюза Алена Стэльмах. Мы заснавалі цэлы шэраг фестываляў дзіцячай кнігі, дзіцячага чытання, якія праводзяцца ў Мінску і рэгіёнах краіны. Добры асяродак дзіцячых пісьменнікаў, у прыватнасці, склаўся ў Брэсце. Летась Таццяна Дземідовіч разам з калегамі арганізавала напярэдадні навучальнага года Рэспубліканскі фестываль ў Баранавіцкім раёне. Спадзяюся, што традыцыя захаваецца — і сёлета таксама ў Новай Мышы збяруцца пісьменнікі Брэстчыны і ўсёй краіны. Ведаю, што сёлета пабачаць свет новыя кнігі для дзяцей пісьменнікаў з Брэстчыны Таццяны Дземідовіч, Алены Гневушавай, Наталі Андрасюк. І мы вельмі ўдзячны, што пляцоўкай сустрэч з дзіцячымі пісьменнікамі ў Мінску ўжо на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю