Top.Mail.Ru

У суботу пачынаецца прыём дакументаў у абітурыентаў, якія вырашылі атрымаць вышэйшую адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі

Карэспандэнты «Звязды» пагутарылі з тымі, хто ўжо паспеў мэтанакіравана папрацаваць

Падпісаў кантракт яшчэ на пяць гадоў

Цяпер Ілья ЯФІМАЎ працуе намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП «Галынка» ў Зэльвенскім раёне. Прыйшоў у гаспадарку пасля навучання па мэтавай траекторыі на пасаду намесніка начальніка вытворчага ўчастка. У працу ўключыўся актыўна і з усёй адказнасцю ставіўся да сваіх абавязкаў. Гэта ён працягвае рабіць і па сённяшні дзень, а таксама вучыць прамудрасцям працы маладых спецыялістаў.

Ілья мясцовы. Скончыў Азярніцкую сярэднюю школу, сам родам з вёскі Вострава. Варыянтаў будучай прафесіі ў маладога чалавека было нямала, бо ён вельмі дапытлівы. У выніку спыніўся на сельскагаспадарчай сферы. Яго бацькі таксама працавалі ў КСУП «Галынка», дзе і прапанавалі Ільі ўзяць мэтавае накіраванне. Крыху падумаўшы, пагадзіўся і вырашыў паступаць у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт.


— У такім варыянце паступлення больш упэўненасці і гарантый. Да таго ж, статус маладога спецыяліста захоўваецца на працягу ўсёй пяцігадовай адпрацоўкі. А яна мяне зусім не палохала, бо я павінен быў вярнуцца ў родны край, дзе ўсіх ведаю. Акрамя таго, разумеў, што гэта — мая сфера. Дадаткова асвоіў спецыяльнасці «працоўны зялёнага будаўніцтва» і «ландшафтны дызайнер», мне вельмі спадабалася працаваць на зямлі. Так што ўсё сышлося!

Кар’ера майго суразмоўцы адразу пайшла ўгару. Ужо праз год яму прапанавалі пасаду агранома вытворчага ўчастка, а крыху пазней — агранома па насенняводстве. Малады спецыяліст і не думаў адмаўляцца. Яму хацелася вучыцца, развівацца, даведвацца новае. Ён ніколі не саромеўся задаваць пытанні сваім настаўнікам, не баяўся памылак, бо толькі набіваючы ўласныя гузы атрымліваеш каштоўны працоўны вопыт.

Калі тэрмін адпрацоўкі завяршаўся, Ілья зразумеў, што хоча застацца ў гаспадарцы, і падпісаў кантракт на пяць гадоў. Да таго ж у калектыўнай дамове ёсць вельмі прыемны бонус для тых, хто працягвае кантракт на такі тэрмін, — выплата ў памеры 100 базавых велчынь. Пры яшчэ адным працягу гэтая сума складае 200 базавых велічынь. Але, вядома ж, гэта не адзіная прычына.

— У нас моцная гаспадарка, дзе ўсе імкнуцца да развіцця. Ды і ў цэлым працаваць у сельскай гаспадарцы не сорамна, а, наадварот, вельмі ганарова. Мы забяспечваем харчовую бяспеку. Ад аграрыяў залежыць, ці будзе хлеб на сталах беларусаў. Цяпер сяло змянілася, вёскі не тыя, што былі раней. Калі ўзяць нашу гаспадарку, то за апошнія пяць гадоў мы дабіліся значных поспехаў у нашай непасрэднай сферы: гэта мадэрнізацыі, будоўлі, рэканструкцыі, — і пры гэтым «Галынка» актыўна ўдзельнічае ў жыцці раёна. Дапамагае добраўпарадкоўваць яго. Развіваецца б’юці-сфера; як бы дзіўна гэта ні гучала, я ў гэтым разбіраюся. Калі толькі пачынаў працаваць, асвоіў манікюрную справу. А яшчэ наша гаспадарка адкрыла ПВЗ Wіldberrіes, нават тут мы атрымалі поспех.

Ілья перакананы, што, калі чалавек хоча працаваць і развівацца, ён будзе гэта рабіць у любой мясцовасці. А галоўны плюс працы ў раёне — гэтых магчымасцяў значна больш, як і самастойнасці. Так, адказнасці таксама дадаецца, але так нават лепш. А яшчэ малады чалавек з вялікім задавальненнем дапамагае маладым спецыялістам у адаптацыі.

— Не скажу, што мой першы год быў лёгкім. Усё ж такі вучоба ва ўніверсітэце і рэальная праца — розныя рэчы. Вучышся прымяняць на практыцы свае веды, мець зносіны ў калектыве. Па адчуваннях мой першы год доўжыўся бясконца. Але я ніколі не здаваўся і прыкладаў усе сілы, каб мая праца была выканана на вышэйшым узроўні. Гэтаму вучу і маладых спецыялістаў. Спачатку крыху берагу іх, а потым актыўна далучаю да грамадскага жыцця, бо сам ведаю, наколькі гэта важна і карысна. Трохі хітру і сялю хлопцаў і дзяўчат побач, у нас так сям’я ўтварылася, — усміхаецца Ілья.

Мой суразмоўца — актыўны ўдзельнік прафарыентацыйных мерапрыемстваў, паспявае цікавіцца вырошчваннем кветак, спявае і займаецца спортам. А яшчэ Ілья кажа, што ён шчаслівы чалавек. Дарэчы, яго падпісаны пяцігадовы кантракт заканчваецца яшчэ не хутка, але ён ужо ведае, што і наступную пяцігодку таксама хоча правесці на малой радзіме сярод палёў і родных людзей.

Прызванне — педагог

Выпускніца МДУ імя А. Куляшова Анастасія ПАНКРАТАВА выкладае фізіку і інфарматыку ў Горацкай сярэдняй школе № 1. І запэўнівае, што ёй вельмі пашчасціла з прафесіяй. У яе яна ўлюбілася ў 7 класе і тады, яшчэ ў школе, абрала ўніверсітэт.


— Я вучылася менавіта ў гэтай жа школе, дзе сёння працую, — гаворыць Анастасія. — У нас быў настаўнік фізікі Іван Леснік, які дапамагаў мне ўдзельнічаць у розных конкурсах, у тым ліку ва ўніверсітэцкай алімпіядзе. Цяпер ён дырэктар іншай школы. А ў нас вельмі цікава праводзіў урокі, і гэта паўплывала на маё рашэнне таксама стаць фізікам.

Анастасія скончыла школу з залатым медалём і магла лёгка паступіць і без мэтавага накіравання. Але, прызнаецца, вельмі хацела вярнуцца ў сваю школу ў якасці настаўніцы:

— Я разумела, што мне будзе прасцей адаптавацца да прафесіі ў родным калектыве, з дапамогай настаўнікаў, якія мяне ведалі. 

Анастасія запэўнівае, што ні на кроплю не памылілася з прафесіяй, ёй вельмі цікава ўзаемадзейнічаць і з вучнямі, і з калегамі па рабоце. Яна па-ранейшаму ўдзельнічае ў конкурсах, але ўжо як малады спецыяліст. Сёлета стала пераможцам абласнога конкурсу «Прызванне — педагог», арганізатарам якога выступае Магілёўскі дзяржаўны абласны інстытут адукацыі.

Малады спецыяліст запэўнівае, што ніколі на задумвалася пра тое, каб шукаць сваё шчасце дзесьці за межамі краіны. У Беларусі яна атрымала ўсё, што жадала, і мае магчымасць цалкам рэалізавацца.

Першая працоўная пяцігодка

Загадчык Палатоўскай амбулаторыі Полацкай ЦРБ Ірына СУДНІК:

— Сама я з Сянна, па заканчэнні школы ў 2018 годзе для паступлення ў Віцебскі медуніверсітэт заручылася падтрымкай абласнога ўпраўлення аховы здароўя, атрымаўшы там мэтавае накіраванне на вучобу.


Сваю першую працоўную пяцігодку лічу надзвычай важнай, каб навучыцца прымаць адказныя рашэнні, быць арганізаванай, дысцыплінаванай, паглыбляць прафесійныя веды, умацоўваць практыку. Першы год амаль завяршаецца, расчаравання не адчуваю, наадварот, збылася мая мара самастойна жыць і працаваць у іншым горадзе. У Полацку мне выдзелілі арэндную кватэру. У сваёй амбулаторыі я адзіны ўрач, вяду прыём пацыентаў розных узростаў, да ўсіх стаўлюся аднолькава ўважліва, але, прызнацца, мае любімцы — дзеці.

«Мая Заводская сям’я»

У 11 класе гамяльчанін Кірыл МАРТЫНАЎ вырашыў прайсці адбор на мэтавае навучанне ад Гомельскага хімічнага завода. Конкурс для будучых абітурыентаў на прадпрыемстве быў сур’ёзны — на тры месцы інжынераў-хімікаў прэтэндавала каля дваццаці выпускнікоў. Але малады чалавек упэўнена прайшоў адбор. На ўласным прыкладзе ён пераканаўся, наколькі студэнту надае ўпэўненасці, што яго сапраўды чакаюць на прадпрыемстве.


У сям’і Кірыл першы, хто вырашыў звязаць жыццё з хіміяй і стаць інжынерам-хімікам-тэхнолагам:

— Памятаю, на сумоўі ўразіў сам адбор мэтавікоў. Кіраўніцтва завода, прадстаўнікі розных падраздзяленняў задавалі пытанні і па хіміі, і па фізіцы, і проста пра жыццё-быццё, чым, напрыклад, захапляюся. Завод удзельнічае ў розных культурных і спартыўных мерапрыемствах, таму гэта таксама важна. Пасля мне патэлефанавалі і сказалі, што я прайшоў адбор. Заставалася толькі добра здаць цэнтралізаванае тэсціраванне. Па мэтавым накіраванні паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

Пасля заканчэння ВНУ яго адразу накіравалі працаваць у тэхнічны аддзел, а праз два гады прапанавалі перайсці з заводаўпраўлення непасрэдна на вытворчасць. І вось ужо тры гады Кірыл Мартынаў — майстар змены цэха падвойнага суперфасфату.

— У тэхнічным аддзеле адказваў у асноўным за разлікі і дакументацыю. А тут адказваеш за людзей і тэхніку, у падпарадкаванні — 16 чалавек. Праца складаная і адказная. Калі мяне прызначылі на гэту пасаду, мне было 25 гадоў, і я яшчэ доўга заставаўся самым маладым у цэху. Таму, вядома, спачатку хваляваўся. Але чалавек я таварыскі, даволі хутка знайшоў агульную мову з людзьмі, — дзеліцца малады майстар.

Яго тэрмін абавязковай адпрацоўкі па мэтавым накіраванні скончыўся. Заключылі новы кантракт, і Кірыл Мартынаў ганарыцца, што працуе на гэтым заводзе, які стаў для яго родным:

— Наогул працаваць у хімічнай галіне Беларусі вельмі цікава. Тым больш на адным з вядучых прадпрыемстваў краіны, якім з’яўляецца наш завод. Вельмі важна, што на прадпрыемстве ёсць усе магчымасці для прафесійнага росту, атрымання адукацыі, павышэння кваліфікацыі.

«Вельмі хацелася дапамагаць людзям»

Яшчэ ад­на вы­пуск­ні­ца МДУ імя А. Ку­ля­шо­ва Ва­ле­рыя ГОР­БЕ­ЛЕ­ВА пра­цуе пе­да­го­гам-псі­хо­ла­гам у Па­шкаў­скай ба­за­вай шко­ле. Пра­фе­сія прэ­стыж­ная, і яна за­га­дзя пад­рых­та­ва­ла­ся да па­ступ­лен­ня — узя­ла мэ­та­вае на­кі­ра­ван­не ў ад­дзе­ле аду­ка­цыі Ма­гі­лёў­ска­га ра­ё­на.

Ва­ле­рыя пры­зна­ец­ца, што ёй вель­мі ха­це­ла­ся да­па­ма­гаць лю­дзям. Уз­рос­та­вая ка­тэ­го­рыя, з якой яна пра­цуе, — і вы­ха­ван­цы дзі­ця­ча­га сад­ка, і стар­ша­клас­нікі. Да­рэ­чы, Ва­ле­рыя па­ча­ла сваю пра­цоў­ную дзей­насць яшчэ пад­час ву­чо­бы ва ўні­вер­сі­тэ­це. Па­спя­ва­ла і на за­ня­ткі, і ў шко­лу.


— Уні­вер­сі­тэт даў мне глы­бо­кія і якас­ныя ве­ды, — ад­зна­чае яна. — Да­дат­ко­ва атрым­лі­ваю ка­рыс­ную ін­фар­ма­цыю на кур­сах ІПК у сва­ёй аль­ма-ма­тар. Аса­біс­та мне вель­мі ці­ка­вы та­кі кі­ру­нак, як уза­е­ма­ад­но­сі­ны па­між дзець­мі і баць­ка­мі. Усё ідзе з дзя­цін­ства. Кож­ны ча­ла­век па­ві­нен па­чы­наць з ся­бе, быць ма­раль­на га­то­вым браць на ся­бе ад­каз­насць. Дзі­ця — гэ­та ко­пія баць­коў і яго дзе­ян­ні — ад­люст­ра­ван­не іх па­во­дзін.

Пе­да­гог-псі­хо­лаг — пра­фе­сія вель­мі ці­ка­вая і шмат­гран­ная. Ва­ле­рыя збі­ра­ец­ца і да­лей па­шы­раць у гэ­тым свае ме­жы. На яе дум­ку, ві­да­воч­ныя плю­сы мэ­та­ва­га на­кі­ра­ван­ня ў тым, што ты дак­лад­на ве­да­еш, што атры­ма­еш ме­на­ві­та тую пра­фе­сію, якую аб­раў. Вель­мі важ­ны ас­пект — га­ран­та­ва­нае мес­ца ра­бо­ты пас­ля ВНУ, бо не ўсю­ды бя­руць без во­пы­ту ра­бо­ты. Адзі­ны мі­нус яна па­куль ба­чыць толь­кі ў тым, што ў ра­ё­не ёсць скла­да­нас­ці з атры­ман­нем жыл­ля. Але ўні­вер­сі­тэт ужо да­па­мог са­браць ёй усе не­аб­ход­ныя да­ку­мен­ты, і яна спа­дзя­ец­ца, што ў хут­кім ча­се і гэ­та пы­тан­не вы­ра­шыц­ца.

«Я на сваім месцы»

Урач агуль­най прак­ты­кі Анд­рэ­еў­шчын­скай ам­бу­ла­то­рыі Ар­шан­скай цэнт­раль­най па­лі­клі­ні­кі Мі­кі­та ЛУЗ­ГІН:

— Наш ка­лек­тыў, у якім акра­мя мя­не пра­цу­юць яшчэ адзін урач, па­моч­нік ура­ча і тры мед­сяст­ры, аб­слу­гоў­вае учас­так з на­сель­ніц­твам амаль 3,5 ты­ся­чы ча­ла­век, 900 з якіх — дзе­ці. Гэ­та на­груз­ка, ад­каз­насць, але і ўсве­дам­лен­не сва­ёй за­па­тра­ба­ва­нас­ці. Прад­стаў­нік та­кой гу­ман­най пра­фе­сіі, як урач, па­ві­нен пры­но­сіць ка­рысць лю­дзям і зна­хо­дзіц­ца там, дзе най­больш па­трэб­ны. Я на сва­ім мес­цы, а на пяць га­доў як мэ­та­вік ці больш — час па­ка­жа. Для стар­ту ж да­стат­ко­ва.


Сён­ня, праз два га­ды пас­ля за­кан­чэн­ня Ві­цеб­ска­га ме­ды­цын­ска­га ўні­вер­сі­тэ­та і го­да ін­тэр­на­ту­ры, я пра­цяг­ваю мець зно­сі­ны са сва­і­мі ад­на­груп­ні­ка­мі. Ні­хто з іх не скар­дзіц­ца на ўмо­вы ра­бо­ты, ка­лек­тыў ці на­чаль­ства. Маг­чы­ма, та­му, што ме­ды­цы­на — га­лі­на для тых, хто з са­ма­га па­чат­ку ра­біў уз­ва­жа­ны вы­бар, па­сту­па­ю­чы ў ВНУ, дзе тра­ды­цый­на са­мыя вы­со­кія пра­хад­ныя ба­лы, дзе шэсць га­доў з дня ў дзень трэ­ба вы­ву­чаць скла­да­ныя дыс­цып­лі­ны, дзе вы­клад­чы­кі, кі­раў­ні­кі прак­ты­кі — прык­лад са­праўд­на­га пра­фе­сі­я­на­ліз­му і ад­да­на­сці спра­ве. Бы­ло б дзіў­на на неш­та на­ра­каць.

І мне ня­ма на што скар­дзіц­ца. У пра­зва­ным у на­ро­дзе "до­ме ме­ды­ка" — шмат­па­вяр­хо­ві­ку ў Анд­рэ­еў­шчы­не — мне вы­дзе­лі­лі арэнд­ную ква­тэ­ру, дзе я жы­ву з сям'­ёй. Да рай­цэнт­ра, дзе жы­вуць баць­кі, — ка­ля 8 кі­ла­мет­раў. У на­шай вёс­цы ёсць па­трэб­ная інф­ра­струк­ту­ра, уста­но­вы аду­ка­цыі, на­ва­кол­ле пры­го­жае, спа­кой­на. Вы­дат­ныя ўмо­вы для пер­ша­га ра­бо­ча­га мес­ца.

Заключыць дагавор на мэтавае навучанне ў ВНУ можна да 2 ліпеня, але лепш не цягнуць з гэтым

Прыём дакументаў у абітурыентаў, якія выбралі траекторыю мэтавага атрымання адукацыі, пачынаецца заўтра, 27 чэрвеня. Аднак на гэта адведзена не так шмат часу — усяго тыдзень. Такім чынам, у тых, хто замарудзіўся і занадта доўга вызначаўся з выбарам або па якой-небудзь іншай прычыне не змог заключыць дамову з прадпрыемствам-заказчыкам да пачатку прыёму дакументаў, яшчэ ёсць магчымасць зрабіць гэта. У сваю чаргу мы вырашылі яшчэ раз нагадаць абітурыентам пра нюансы паступлення на такую форму навучання. А дапамагчы ў гэтым папрасілі начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргея ПІШЧОВА.

Попыт стабільна высокі

Перш за ўсё мы пацікавіліся ў Сяргея Мікалаевіча, ці адрозніваюцца лічбы прыёму мэтавікоў у гэтым годзе ад 2025-га?

— Лічба гэтага года карэлюецца з леташняй, — канстатуе ён. — У цяперашнюю ўступную кампанію плануецца прыняць у ВНУ на мэтавую падрыхтоўку 6,3 тысячы чалавек, летась прынялі 5,9 тысячы. Як бачыце, лічба, якая зацвярджаецца адукацыйным ведамствам кожны год, знаходзіцца ў адной мяжы, і гэта сведчыць аб тым, што попыт прадпрыемстваў і арганізацый на спецыялістаў, якія навучаюцца па дамове, стабільна высокі. Калі казаць пра прыярытэты прадпрыемстваў і абітурыентаў, на сённяшні дзень шмат жадаючых атрымаць на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі інжынерныя, медыцынскія, педагагічныя, сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.

Конкурс будзе!

Моладзь, якая заключае дагаворы з заказчыкамі кадраў, прадстаўляе ў прыёмную камісію дакумент аб адукацыі і здае ўнутранае выпрабаванне ў вуснай ці практычнай форме. Але і тут у апошнія гады ўстаноўлены пэўныя правілы, абавязковыя да выканання.

— Наша задача — стварыць для ўсіх, хто паступае, у тым ліку і для мэтавікоў, абсалютна роўныя і празрыстыя ўмовы, — падкрэслівае Сяргей Пішчоў. — Арганізацыя-заказчык павінна забяспечыць конкурсную сітуацыю, якая паспрыяе залічэнню сапраўды самых падрыхтаваных і матываваных абітурыентаў. Прычым конкурс павінен быць забяспечаны як пры падачы дакументаў, так і па выніках здачы ўнутраных уступных выпрабаванняў. Мінімальны сярэдні бал дакумента аб адукацыі па большасці спецыяльнасцяў павінен быць не ніжэй за 7.

Прадстаўнік Мінадукацыі назваў яшчэ адну асаблівасць сёлетняй уступнай кампаніі для мэтавікоў — уключэнне ў экзаменацыйныя білеты практычнага задання для паступаючых па фізіцы, матэматыцы, хіміі і біялогіі. Ён таксама ўдакладніў, што пералік вусных і практычных пытанняў размешчаны на інфармацыйных рэсурсах ВНУ і на сайце міністэрства.

— Сяргей Мікалаевіч, а калі конкурс усё ж такі не адбыўся?

— Выдзеленыя мэтавыя месцы будуць перададзены на агульны конкурс. А ў абітурыентаў, якія не паступілі на мэтавыя месцы, застанецца магчымасць прыняць удзел у прыёмнай кампаніі на агульных падставах.

Прайдзіцеся па спісе

Каб пазбегнуць непрыемнасцяў, як кажуць, на пустым месцы, перш чым адправіцца з дакументамі ў прыёмную камісію, абітурыенту або яго законнаму прадстаўніку неабходна праверыць, ці ўсе яны ў наяўнасці.

— Для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі абітурыент падае дакументы, устаноўленыя Правіламі прыёму асоб для атрымання агульнай вышэйшай і спецыяльнай вышэйшай адукацыі, якія зацверджаны Указам Прэзідэнта ад 27 студзеня 2022 года № 23, — нагадвае Сяргей Пішчоў. — Гэта дамова аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, медыцынская даведка, рэкамендацыя з апошняга месца працы (службы) або педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую скончыў абітурыент. Таксама пры сабе павінны быць дакумент, які сведчыць асобу, характарыстыка з установы агульнай сярэдняй адукацыі альбо каледжа — гэта датычыцца тых, хто атрымаў агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю ў год прыёму ў ВНУ. Не забудзьцеся дакументы аб ільготах, калі такія маюцца, і, вядома, дакумент аб адукацыі.

Сяргей Пішчоў дадаў, што абавязковы тэрмін працы ў арганізацыі-заказчыку пасля заканчэння ВНУ складае 5 гадоў.

Паводле нашых карэспандэнтаў
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю