Гэтае мерапрыемства адбылося ў кінатэатры «Масква» і было прысвечана памяці славутага кінарэжысёра Маргарыты Касымавай. На вялікім экране дэманстраваўся яе фільм «Бальная сукенка». І хоць карціна знята даўно, глядач добра ўспрыняў гэтае светлае кіно пра гісторыю дзяўчынкі, якая сутыкаецца з тымі ж праблемамі, як і моладзь сёння. У стужцы ўздымаюцца важныя тэмы, на якія цікава будзе паразважаць школьнікам і іх бацькам, напрыклад, каго лічыць сапраўднай маці — тую, якая нарадзіла, але кінула свае дзіця, ці тую, якая вырасціла, любіць і падтрымлівае. У фільме закранаецца і праблема булінгу сярод падлеткаў, ёсць там, зразумела, і пра першае каханне, і пра зайздрасць, і пра сапраўднае сяброўства. Менавіта таму кіно Маргарыты Касымавай актуальна і цяпер, хоць выйшла ў 2003 годзе.

Сваімі ўспамінамі аб працы з рэжысёрам падзяліўся заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Нацыянальнай кінапрэміі, ганаровы старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі Мастацтваў Віктар Васільеў (ён выканаў адну з роляў у карціне).
«Маргарыта Касымава была высокакультурным чалавекам, які валодаў рэжысёрскай і чалавечай годнасцю. Яна натуральна была княгіняй. З-за складаных абставін, на жаль, была вымушана уехаць з Таджыкістана жыць у іншую краіну, але Беларусь стала для яе сапраўдным домам. Маргарыту Касымаву падтрымаў кіраўнік нашай дзяржавы, ёй выдзелілі жыллё. І яна аддзячыла нашай краіне сваёй творчасцю, бо зняла для Беларусі некалькі добрых светлых карцін», — раскаўвае Віктар Васільеў.

Згадваючы здымкі «Бальнай сукенкі», Віктар Васільеў распавёў пра ўнікальны стыль працы Маргарыты Касымавай на пляцоўцы.
«На здымках „Бальнай сукенкі“ Маргарыта Касымава не рабіла рэзкіх заўваг нам, акцёрам, ці аператарам. Яна вельмі інтэлігентна сядзела ўбаку і запісвала ўсе дэталі, якія ёй трэба будзе скарэкціраваць падчас мантажу. Пры гэтым яна заўсёды цвёрда адстойвала якасць здымачнага працэсу», — згадаў Віктар Васільеў.
Ірына ПРЫМАК