Top.Mail.Ru

У суботу стартуе летне-восеньскі сезон палявання

Рыхтуемся адказна!



Хутка стартуе доўгачаканы летне-асенні сезон палявання, які традыцыйна адкрываецца ў другую суботу ліпеня і працягнецца па другую нядзелю снежня. Гэты час багатых магчымасцяў для аматараў палявання, але і перыяд, які патрабуе асаблівай уважлівасці і строгага прытрымлівання правілаў. Аб гэтым нагадвае Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Першыя стрэлы сезона прагучаць па бакасе ўжо з другой суботы ліпеня. Затым, пачынаючы з другой суботы жніўня (9 жніўня), адкрыецца паляванне на вадаплаўную і балотную дзічыну, слонку, вехіра, шызага голуба, перапёлкі і фазана. Рабчык і шэрая курапатка стануць законнай здабычай з першай суботы верасня (6-га), а белалобая гусь, гуменнік, шэрая гусь і канадская казарка — толькі з трэцяй суботы верасня (20-га).

Акрамя птушак, пры знаходжанні ва ўгоддзях з мэтай палявання дазволена здабыча ваўка, шакала, лісіцы, янотападобнага сабакі, шэрай вароны і сарокі, але толькі тымі спосабамі і прыладамі, якія дазволены для здабычы жывёл, указаных у пуцёўцы.

Паляванне дазволена выключна ў светлы час сутак. Асноўныя спосабы — ружэйныя (з засады, з падыходу, з пад’езда на лодках без матораў або з выключанымі маторамі) і безружэйныя (з лоўчымі птушкамі). Для ружэйнага палявання на птушыную дзічыну дазволена толькі гладкаствольная зброя з патронамі, забяспечанымі дробам. Выкарыстанне паляўнічых сабак (акрамя ганчакоў і хартоў) дапускаецца.

Катэгарычна забаронена пры паляванні «па пяру» насіць або выкарыстоўваць наразную зброю (уключаючы камбінаваную), паляўнічыя лукі і арбалеты, а таксама патроны з кулямі або карцеччу. Пераканайцеся, што ў вашым патранаце або кішэнях няма выпадкова забытых забароненых боепрыпасаў.

паляванне2.jpg

Дакументы — гарантыя законнасці. Перад выездам старанна праверце іх наяўнасць і тэрміны дзеяння. Для ружэйнага палявання на ненарміруемыя віды абавязковыя: дзяржаўнае пасведчанне на права палявання, дазвол АУС на зброю, дакумент аб выплаце дзяржпошліны (квітанцыя або карт-чэк) і паляўнічая пуцёўка. Памятайце, дзяржпошліна дае права палявання на 12 месяцаў пры аплаце 1 базавай велічыні або на 5 гадоў (60 месяцаў) пры аплаце 5 базавых велічынь. Аплаціць яе трэба да пачатку палявання.

Веданне ўгоддзяў — ключ да поспеху і бяспекі. Вы павінны дакладна разумець, дзе вам дазволена паляваць, ведаць межы егерскіх абходаў, паляўнічых дач і асабліва — паляўнічых гаспадарчых зон. Абавязкова майце пры сабе актуальную карту-схему ўгоддзяў (скачаць можна на сайтах РДГА «БТПР» ці ihunt. by) і ўважліва вывучыце інфармацыю ў сваёй пуцёўцы. Запомніце: у зонах спакою (В) паляванне строга забаронена. У зонах палявання на дробную дзічыну (Б) і нагонкі сабак (Г) абмежаванняў звычайна няма. А вось у зонах палявання на капытных (А) паляванне «па пяру» альбо цалкам забароненае, альбо магчымае толькі пад кантролем работніка паляўнічай гаспадаркі. Нават калі вы вопытны паляўнічы і ведаеце ўгоддзі, удакладніце межы зон пры атрыманні пуцёўкі — яны маглі змяніцца. Таксама заўсёды трэба зверыцца з загадам гаспадаркі аб адкрыцці сезона.

Не забудзьцеся праверыць, ці няма забароны на наведванне лясоў! Актуальную інфармацыю глядзіце на карце Мінлясгаса. Калі ў раёне палявання з-за кліматычных умоў дзейнічае часовая забарона, вы можаце паляваць толькі ў палявых і водна-балотных угоддзях, не заходзячы ў лясныя кварталы.

Чатырохногія памагатыя. У паляванні можна выкарыстоўваць толькі сабак, зарэгістраваных у РДГА «БТПР» — не забудзьцеся ўзяць з сабой рэгістрацыйную картку.

Адказнасць і законнасць. Паляванне «па пяру» дазволена толькі на віды птушак, пералічаныя ў дадатку 1 да Правілаў палявання і ўказаныя ў пуцёўцы. Здабыча ў працэсе палявання дзікай жывёлы, не аднесенай да паляўнічай або не ўказанай у паляўнічай пуцёўцы (за выключэннем непажаданых відаў), з’яўляецца незаконным паляваннем і цягне адміністрацыйную (ч. 1 арт. 16.27 КаАП) або крымінальную (арт. 282 КК) адказнасць, а таксама абавязак пакрыцця парушкальнікам шкоды, нанесенай прыродзе.

Бяспека — перш за ўсё. Няўхільна выконвайце Правілы бяспекі палявання!

паляванне3.jpg

Нагадваем, што Правіламі бяспекі палявання забараняецца:

  1. садзіцца ў транспартны сродак і высаджвацца з яго з зараджанай паляўнічай зброяй;
  2. даставаць сабраную паляўнічую зброю за ствол (ствалы) з транспартнага сродку;
  3. рабіць стрэлы на шум, шоргат, па невыразна бачнай цэлі, ва ўмовах дрэннай бачнасці (у густую смугу, туман, у моцны снегапад, супраць сонца і гэтак далей);
  4. рабіць стральбу і знаходзіцца з зараджанай паляўнічай зброяй на адлегласці менш за 200 метраў ад крайняй пабудовы населенага пункта;
  5. страляць у напрамку людзей, населеных пунктаў, сельскагаспадарчых або хатніх жывёл (за выключэннем бадзячых катоў і беспародных сабак), транспартных сродкаў з агнястрэльнай гладкаствольнай паляўнічай зброі на адлегласці менш за 500 метраў да іх і з агнястрэльнай паляўнічай зброі з наразным ствалом — менш як 2 кіламетры.
  6. накіроўваць паляўнічую зброю, у тым ліку незараджаную, на чалавека, сельскагаспадарчых або хатніх жывёл (за выключэннем вандроўных катоў і беспародных сабак) або месцы іх размяшчэння;
  7. без неабходнасці рабіць стрэл, узводзіць курок знешнекуркавай зброі або здымаць з засцерагальніка ўнутрыкуркавай зброю;
  8. дабіваць прыкладам зброі параненую паляўнічую жывёлу.

Нагадваем, што парушэнне Правілаў бяспекі палявання цягне адміністрацыйную адказнасць (ч. 5 і ч. 6 арт. 16.27 КаАП) у выглядзе штрафу ў памеры да 15 базавых велічынь, а ў выпадку паўторнага парушэння на працягу года — ад 10 да 30 базавых велічынь або пазбаўлення права палявання.

Няхай ваш сезон будзе багатым на трафеі, бяспечным і законным. Калі вы сталі сведкам парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, не заставайцеся абыякавымі — паведаміце па кругласутачных тэлефонах даверу Дзяржінспекцыі: 8(017) 390 00 00 або 8(033) 333 60 00.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю