Яркі кветкавы кірмаш.
Яркі кветкавы кірмаш.
Сезонны лотасавы рынак у кітайскім горадзе Сучжоу, што ў правінцыі Цзянсу (Усходні Кітай), стаў сапраўдным феноменам, які прыцягнуў вялікую ўвагу публікі, перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн».
Штораніцы ў пяць-шэсць гадзін на вуліцы Байтасі ў старым горадзе бабулі з бамбукавымі кошыкамі ператвараюць цэлую вуліцу ў яркі кветкавы кірмаш. Тут можна знайсці нераспушчаныя бутоны, аднапялёсткавыя і шматпялёсткавыя кветкі, пульхныя зялёныя скрыначкі лотаса. Гандляры праяўляюць вынаходлівасць у афармленні: хтосьці заварочвае букеты ў лісце лотаса, ствараючы простую, але жывую кампазіцыю, іншыя выкарыстоўваюць рознакаляровую ўпаковачную паперу, робячы букеты больш яркімі.

Акрамя кветак, на рынку прадаюць свежую сезонную садавіну — персікі, абрыкосы, слівы, якія ствараюць насамрэч сучжоўскую атмасферу.
Для фермераў, якія вырошчваюць лотасы, чым хутчэй яны дабяруцца да рынку, тым свяжэйшыя будуць кветкі і тым вышэйшая цана, па якой яны змогуць іх прадаць. У сувязі з гэтым улады Сучжоу спецыяльна запусцілі для іх «лотасавую лінію» грамадскага транспарту, якая адпраўляецца ў 4.30 раніцы і робіць усяго тры прыпынкі.
Канчатковы прыпынак аўтобуса — станцыя метро Муду, адкуль фермеры перасаджваюцца на першы цягнік. Работнікі метро адкрываюць для іх «зялёны калідор».

Дзякуючы папулярнасці рынку продажы фермераў значна павялічыліся. 55-гадовая прадаўшчыца Цяа расказала, што ў гэтым годзе продажы лотасаў удвая перавысілі леташні ўзровень, а яе дзённая выручка можа дасягаць 500-600 юаняў.
Мясцовыя ўлады і спецыялісты таксама праводзяць навучанне фермераў фларыстыцы, сочаць за парадкам на рынку і падзяляюць продаж лотасаў па зонах, каб гандаль ішоў прасцей і больш эфектыўна.