Нішто так не ўзвышае, як падзенне суседа. Сацыяльна-эканамічны крызіс у Францыі і Германіі адрадзіў у польскім кіраўніцтве комплекс велічы і надзеі на павышэнне ролі Польшчы да рэгіянальнага лідара. І нават атрымання статусу вялікай дзяржавы. Тэма шырока мусіруецца ў палітычных колах, але не вельмі натхняе грамадства. Гіпатэтычна было б і нядрэнна ўвайсці ў арэапаг моцных гэтага свету, але ў практычную рэалізацыю гэтай задумы палякі не вельмі і вераць. Большасць альбо з песімізмам, альбо з трывогай глядзіць у будучыню, пра што сведчыць серыя апытанняў фонду «Цэнтр даследаванняў грамадскай думкі», праведзеных у кастрычніку.
Больш за палову (55 %) негатыўна ацэньваюць кірунак змен у Польшчы. Правільнай лічаць існуючую палітыку толькі 24 % апытаных. Прычым 32 % грамадзян чакаюць пагаршэння агульнай сітуацыі. Эканамічны песімізм узмацніўся. Калі ў жніўні яго выказвалі 47 % апытаных, то ў верасні ўжо 54 %, у той час як аптымізм знізіўся з 26 % да 22 %.
З вялікім сумненнем палякі пачалі ставіцца і да будучыні. З хваляваннем глядзіць у заўтрашні дзень 41 % рэспандэнтаў (на 4 працэнтныя пункты больш, чым у жніўні), а з надзеяй толькі 30 % (зніжэнне на 5 працэнтных пунктаў). Упершыню са снежня 2024 года песімізм перавысіў аптымізм у частцы фінансавых прагнозаў хатніх гаспадарак на наступны год. Працэнт рэспандэнтаў, якія апасаюцца зніжэння даходаў іх сем’яў на працягу наступнага года, павялічыўся да 25-і з 17 працэнтаў у жніўні.
У кастрычніку 40 % рэспандэнтаў (на 10 працэнтных пунктаў больш, чым у жніўні, і на 18 пунктаў больш, чым у чэрвені) лічаць, што цэны будуць расці хутчэй, чым у мінулым годзе, і такі ж працэнт лічыць, што яны будуць расці аналагічнымі тэмпамі (40 %, зніжэнне на 13 пунктаў). Працэнт рэспандэнтаў, якія прагназуюць запаволенне тэмпаў росту (7 %) або адсутнасць росту (3 %), практычна не змяніўся ў параўнанні са жніўнем.
Чаканні — важны фактар, які вызначае будучы эканамічны ландшафт. Дарэчы, сёлета за даследаванні ў гэтай галіне атрымалі Нобелеўскую прэмію па эканоміцы Роберт Хол і Майкл Вудфард. Яны распрацавалі інструментарый ацэнкі настрою людзей і яго ўплыву на эканамічныя рашэнні, якія ў выніку трансфармуюцца ў макраэканамічныя паказчыкі. Апошнія цяпер у Польшчы знаходзяцца на больш-менш прымальным узроўні. Прынамсі, лепшыя, чым у многіх еўрапейскіх дзяржаў. Але ў працяг пазітыву грамадзяне не вераць. І пераходзяць ужо да падрыхтоўкі да крызісу, актыўна пачынаюць эканоміць. Пасля жнівеньскага росту колькасці заяў аб буйных пакупках, як запланаваных, так і незапланаваных, у кастрычніку назіралася зніжэнне. У месяцы, які папярэднічаў апытанню, раней запланаваныя буйныя пакупкі або інвестыцыі рабіліся радзей (з 39 % да 33 %), як і незапланаваныя (з 22 % да 18 %).
З аднаго боку, некаторае зніжэнне пакупніцкай актыўнасці восенню з’яўляецца цалкам стандартным для Польшчы. З другога, яно суправаджаецца эканамічным песімізмам. Таму сезоннае ваганне рызыкуе перарасці ў трэнд. Цалкам лагічны, асабліва ўлічваючы рэзкі рост цэн на энерганосьбіты ў самай іх шырокай гаме: ад маторнага паліва да пелет, газу і ў цэлым жыллёва-камунальных паслуг. Павышаныя рахункі на ўтрыманне жылля самі па сабе магутны фактар зніжэння спажывецкай актыўнасці. А на яго накладваецца яшчэ і псіхалагічная няўпэўненасць у заўтрашнім дні. Зніжэнне інвестыцыйнай і спажывецкай актыўнасці з’яўляецца апераджальным індыкатарам макраэканамічных складанасцяў у недалёкай будучыні. Падзенне продажаў і, адпаведна, попыту на ўнутраным рынку з пэўным часавым лагам уплывае адмоўна на збыт кампаній і разам з тым на аб’ёмы вытворчасці, што адбіваецца на даходах кампаній, яе супрацоўнікаў, падатковых паступленнях.
І пераадолець песімізм дастаткова цяжка: настроі — катэгорыя адносна кансерватыўная. Яна доўга фарміруецца і не менш доўга мяняе сваю скіраванасць. Для гэтага патрабуюцца сур’ёзныя вербальныя, палітычныя інвестыцыі: дзеянні кіраўнікоў дзяржавы, якія б натхнялі грамадзян. Але гэты інструмент эфектыўны выключна пры высокім узроўні даверу электарату. А Польшча ўжо трэці год (як мінімум) жыве ў фазе вострага палітычнага супрацьстаяння, і ўзровень даверу да палітычнай улады знаходзіцца не на самым высокім узроўні.
Настроі грамадзян могуць не адразу, але ў перспектыве змяніць таксама эканамічная ўстойлівасць і стабільнасць. А яшчэ лепш — пазітыўны рост. Аднак Польшча
з падачы Еўрасаюза, ды і па ўласным разуменні знаходзіцца на вастрыі санкцыйнай вайны, якая непазбежна цягне разнастайныя ўзрушэнні, у прыватнасці, нестабільнасць энергетычнага рынку. Таму высокая верагоднасць, што песімізм будзе самаўзнаўляльным. Грамадзяне вераць у праблемную будучыню і выбудоўваюць уласную стратэгію эканамічных паводзін зыходзячы з гэтага пераканання. І тым самым фарміруюць фундаментальныя фактары для пагаршэння макраэканамічнай сітуацыі, што цягне новую хвалю неспакою. Той небяспечны круг, у які лёгка трапіць, але цяжка выбрацца. Ці ўдасца Польшчы прайсці, як той казаў, па лязе нажа — будзе відаць у недалёкай будучыні.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ