Top.Mail.Ru

У свае 60+ віцябчанка Любоў Турлаева папулярызуе аэробіку і турызм

Хто сказаў, што ў «залатым» узросце позна ажыццяўляць мары? Ёсць нямала прыкладаў, якія даказваюць, што менавіта ў гэты перыяд з’яўляюцца і сілы, і магчымасці рэалізаваць усе планы, якія па пэўных прычынах не ўдавалася раней. Адным словам, напоўненае задавальненнем жыццё толькі пачынаецца, прычым часам з самымі дзіўнымі паваротамі.


Любоў Георгіеўна з маладосці любіла танцаваць, аднак працавала начальнікам канструктарскага бюро, была намеснікам старшыні прафкама, расціла з мужам дачку — часу на занятак для душы не хапала. Пасля, калі на прадпрыемстве пабудавалі спартыўны комплекс, захапілася аэробікай, аддаўшы гэтаму некалькі дзесяцігоддзяў. А калі інструктара не стала, жанчына сама падхапіла кіраўніцтва гуртком і стала весці заняткі бясплатна.

Яшчэ адно захапленне Любові Георгіеўны — турызм. Гэтаму занятку гераіня таксама прысвяціла значную частку свайго жыцця. Разам з камандай аднадумцаў была актыўнай удзельніцай турзлётаў, сплаўлялася на байдарках па водных артэрыях нашай краіны. Дагэтуль Турлаева разам з сябрамі-аматарамі воднага турызму вандруе на катамаранах ужо за межамі Беларусі, камандзе давялося пабываць нават на самым краі зямлі. У групе турыстаў Любові адведзена адна з самых важных роляў — арганізатарская. Яна займаецца ўсімі пытаннямі: ад набыцця білетаў да распрацоўкі меню для васьмі чалавек.

Але і гэтых заняткаў актыўнай асобе не хапіла, тады Любоў Георгіеўна звярнулася ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна Віцебска, даведалася, што там працуе танцавальны гурток. Сабрала сяброў-аднадумцаў, і доўгі час каманда пад кіраўніцтвам Турлаевай наведвала заняткі, якія перапыніла пандэмія.

Пасля пэўнага перыяду зацішша ў тым жа ТЦСАН набіралі валанцёраў, нечакана для сябе жанчына стала інструктарам па аэробіцы для сваіх равесніц. Да заняткаў рыхтуецца старанна, падбіраючы і музычнае суправаджэнне, і модныя элементы кітайскай фізкультуры.
А нядаўна спіс захапленняў гераіні папоўніўся яшчэ адным: цяпер жанчына вывучае тэхніку малявання эпаксіднай смалой. Гэта Любоў Георгіеўна ўбачыла ў інтэрнэце, а сям’я падтрымала, падарыўшы стартавы набор для творчасці.

Акрамя шматлікіх актыўнасцяў, якімі жанчына запоўніла свой вольны час на заслужаным адпачынку, яна з’яўляецца не толькі выдатнай мамай, але і бабуляй. «Жыць здорава! І, паверце, пры вялікім жаданні можна паспець усё. У 60 жыццё набірае абароты», — заключыла жанчына.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота з архіва гераіні

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю